Выбрать главу

Вінцук толькі ўздыхнуў:

— Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя… А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.

Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах… Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.

— Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.

— Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.

— Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.

— Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?

— Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх — залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.

— Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, — пакрыўдзілася я.

— Зразумейце, чаму… Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка… Не ведаю, наколькі праўдзівая… Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».

— Цалкам магчымая гісторыя, — пацвердзіла я. — Бона — з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!

— Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай… І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.

— Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі,— пажартавала я.

— Напэўна, — засмяяўся Вінцук. — Але… З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад'езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага.

— І не знайшоў?

— Мяркуючы па ўсім, не.

— Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў?

— Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага мінскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць.

Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася.

— Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста?

— Выходзіць, так.

— Хіба перліна не папсавалася за такі час? Вінцук паціснуў плячыма.

— Я не спецыяліст па каштоўнасцях… Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці… Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі.

— Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, — папракнула я Вінцука.

Той паморшчыўся:

— Які там дэтэктыў… Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з'яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх… Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»… Каб зразумеў, што ісціна — на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе… І каб нарэшце паслухаўся.

— Жонка Бутава — ваша Віта?!

Вінцук не адказаў, падняўся і пачаў прыбіраць кубкі са стала, за якім яго прадзед, магчыма, і прайграў суседнюю вёску.

— Адчуваю сябе Атосам, які распавёў д'Артаньяну страшную таямніцу Мілэдзі…

— Калі ёй патрэбны крыж, чаму яна імкнецца патрапіць у скляпенне?

— Перш за ўсё, каб пераламіць мой супраціў. Шчасце яшчэ, што не ведае пра майстэрню, пра мае карціны. Па-другое, у скляпенні — архівы, фрагменты надмагілляў з касцёла. На месцы старых могілак нічога ж няма, бульдозерам раўнялі. Калі ўскрывалі труны, панаехала «людзей у цывільным». І як было каля касцей нешта каштоўнае — пярсцёнак ці крыжык — складалі ў спецыяльныя пакеты. Але антыквар, з якім гаварыў Цудко, сцвярджае, што калі б рэч такой каштоўнасці знаходзілася ў нечых руках, ён абавязкова ведаў бы.

— Гэта праўда. Мяне самую часам здзіўляе абазнанасць такіх дзялкоў, але магу пацвердзіць: у іх зарэгістраваныя ўсе вартыя ўвагі каштоўнасці і ў прыватных калекцыях, і ў самых патаемных сейфах дзяржавы, і ва ўладанні крымінальнікаў. І ўсе перасоўванні такіх прадметаў адсочваюцца. Так што паспрабуй збыць такому дзялку, скажам, сыгнет караля Жыгімонта Старога… Ён за камп'ютэр — і выдае табе, што такі сыкгнет належаў да сярэдзіны семнаццатага стагоддзя Сангушкам, пасля перайшоў як шлюбны падарунак у род Чартарыйскіх… А з верасня мінулага года належыць уладальніку валютнага стрыпціз-клуба бісексуалаў па мянушцы Рванае Вуха… Так што ў вас, даражэнькі, падробка!

Мы рассмяяліся, а пасля Вінцук неяк сур'ёзна сказаў:

— І самае паганае, што ўсё роўна яны прыйдуць і возьмуць, што хочуць. Але трэба, каб на іх шляху стаялі тыя, каго можна перамагчы, але нельга пераступіць. Цудко якраз такім і быў — з ім яны пралічыліся. Ганьба не ў тым, што ты слабы. Ганьба, калі ты не заступаеш шлях злу.

— Я згодна з вамі…

Мы паглядзелі адно аднаму ў вочы. Гэтыя вернуцца. Але саступаць ім нельга. Яны перамогуць. Але мы не павінны здавацца.

6

На панадворку пачуўся вясёлы голас:

— Кася! Ты дзе там, вандроўніца?

Нюта! Прыехала! Мая сяброўка, аддыхваючыся ўсім сваім пышным целам, увалілася ў княскі дом разам з невычэрпным запасам весялосці.

— О, чарапкі! Ай, які цуд, маёліка! Геральдычная кафля! О!

Я з цяжкасцю адарвала сяброўку ад скарбаў у скрыні, вынесенай са скляпення.

— Ты яшчэ паглядзіш, якая скульптура! А хто з табой прыехаў?

— Ну ты летуценніца. Начальства нашага не ведаеш. Зіма, дзеўкі грыпуюць, хто сюды пацягнецца? Падзякуй, што я прыехала.

Вінцук злавіў мой позірк, я неўпрыкмет кіўнула — маўляў, усё ў парадку, поўная канспірацыя, — і ён выйшаў, шоргаючы галёшамі на вяровачках.

Нюта недаўменна паглядзела яму ўслед:

— Хто гэта? Нейкі… нетутэйшы з выгляду.

— Вартаўнік мясцовы. Будзе нам дапамагаць.

Я ўгаварыла Нюту пачаць не з чарапкоў, а са скульптур. Каб справа ішла хутчэй, паклікала зноў насцярожанага Вінцука — н яма чаго выстаўляць сябе бажаволкам. Няхай дапамагае. Нічога з таго, што было ў скляпенні, Цудко ў рэестры не занёс. А трэба было занатаваць усе гэтыя багацці на паперы. Вінцук моўчкі цягаў фігуры, дапамагаў Нюце з абмерамі, я запісвала і рабіла прамалёўкі. Мы вырашылі, што забяром алтарную разьбу, некалькі драўляных скульптур, мармуровага анёла і тое-сёе з керамікі і шкла. Астатняе — варта перадаць у раённы музей.

Мы агледзелі надмагіллі. Пад адным з іх, чорным, з выявай перакуленай паходні, некалі спачывалі Ганна Даратэя Палецкая з роду Кішак і Антоній Валенты Палецкі, яе муж. Абое жылі ў васемнаццатым стагоддзі. Яшчэ адна пліта, з прыгожага шэрага, з ружовымі жылкамі мармуру была з магілы іх дачкі, Агнесы Палецкай, памерлай у шаснаццацігадовым узросце. Пліта была трэснутая напалам, відаць, таму яе і не забралі сучасныя марадзёры. У цёмным куце ляжала яшчэ адно надмагілле, на якім некалі, па старым звычаі, быў высечаны барэльеф у выглядзе статуі нябожчыка. Каму перашкаджала выява памерлага — невядома, але ад статуі добра захаваліся толькі ступакі ног, па якіх было зразумела, што тут ляжаў рыцар у поўным узбраенні. Відовішча жудаснае, нібыта сапраўдны зганьбаваны труп.