Выбрать главу

- Ма-ма!

- Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся.

I раптам цiшыня. Няма спякоты, не гудзiць полымя. Снежная бель перад вачамi. Ага, яго выкiнула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу i ўстаць на ногi - i бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец.

Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы мацi, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лiлася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапiлi яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да мацi, удзячнасцi ёй. Гэта яна, мацi, ратавала яго. Яна першая з'явiлася, калi ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькi здаецца? Можа, яму хочацца, каб мацi была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:

- Ма-ма!

Ён, забiнтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што мацi кажа:

- Дурненькi мой! Хiба можна так?

Не, гэта не трызненне. Мацi сапраўды каля яго. Славiк адразу ўсё прыгадвае, нават санiтарны самалёт, Яраша i Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. I вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалiчнасцi напаўняе яго такой радасцю, што, каб былi сiлы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальнiцу, на ўвесь свет.

Валянцiна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальнiцы ў першы, святочны, дзень новага года i не толькi памагала дзяжурнаму лекару i сёстрам, але бадай што кiравала iмi, трымаючы сувязь з Ярашам. Нiхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылi пра ўсё на свеце. I Маша ўсё расказала ёй. "Чаму iм так не пашанцавала ў каханнi, маiм дзецям?" - з горыччу думала мацi.

Кожная мацi ў любых абставiнах думае пра будучае сваiх дзяцей, верыць у iх шчасце. Валянцiна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую "залатую дзяўчыну" сваёй дачкой.

На другую ноч Маша прымусiла знясiленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабiнеце. Сама засталася ў палаце. Славiк застагнаў ад болю i прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзiн сiнi начнiчок) - затрывожыўся са сну. Маша запалiла настольную лямпу, схiлiлася над iм. Ён здзiвiўся i ўзрадаваўся.

- Даць пiць?

Прагна пiў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамi, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразiла пальцам:

- Не варушыся, будзе балець.

Балела прыступамi, часам нясцерпна моцна, галава i рука. Боль знiмалi сёстры ўколамi. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сiлы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела залiў непрыемны лiпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славiк вачамi паклiкаў, каб Маша наблiзiлася.

Спытаў:

- Ты выйшла эамуж?

- Не.

- Не iдзi ад мяне.

- Я не пайду. Спi.

Другога студзеня, пасля работы, прыйшлi хлопцы - уся брыгада. Iх не пусцiлi. Маша выйшла да iх у вестыбюль. I ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалi сустрэла са Славiкам у кiно. Нiчога дзiўнага - разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула i адышла ўбок? Хлопцы сустрэлi Машу прыветлiва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:

- Добра ўсюды мець сваiх людзей.

- Як там наш аўтааматар?

Яны не ведалi таго, што ведала яна.

- Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нiчога не было. Абавязкова перадай.

А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.

- Вы хацелi выгнаць яго з брыгады? Завошта?

Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую вiну. Увогуле ён быў маўклiвы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другi, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля - сябе. Адчула смутак, нiбы ёй трэба было развiтацца з нечым вельмi дарагiм i паехаць у невядомае.

40

Яраш i Маша разам выйшлi з бальнiцы. Скончыўся рабочы дзень, даволi напружаны - былi аперацыi, якiя заўсёды стамлялi. Славiк адчуваў сябе добра, нават мацi нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам i санiтаркам.

Да аўтобуснай супынкi iшлi моўчкi. Свяцiла марознае сонца, якое, здавалася, прамянiла не цяпло, а холад. Снег пад нагамi ў прахожых звiнеў на сотнi ладоў.

Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабiлася весела. Яна сказала:

- Сёння я буду страчаць Новы год. Ох i пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзiнку, дык яна нейкая кiслая была. Засумавала.

Антон Кузьмiч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год i нiчога не адказаў. Ён абяцаў ранiцай Вiцю i Наташы пайсцi з iмi на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад цi варта ў такi мароз выводзiць дзяцей у поле. Мацi, напэўна, будзе супраць.

У апошнiя днi нечакана Галiна Адамаўна прыкметна змянiлася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знiкала напружанасць. Праўда, жонка iшла на прымiрэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымi сродкамi прымiрыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нiчым не паспяшаў падзей, але нiчым i не запавольваў iх. Няхай усё iдзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у iх гадах: менш гарачых прызнанняў у любвi - менш будзе трагедый, рэўнасцi i сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькi энергii i нерваў прыходзiцца трацiць на глупства? Калi гэта людзi стануць такiмi, каб разумелi адзiн аднаго ва ўсiм, у палiтыцы, навуцы, мастацтве, у сям'i, побыце? А можа, i не трэба такое iдэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей - закон жыцця i руху. Любоў i нянавiсць, любоў i рэўнасць, цяпло i холад...

Многа i другiх думак роiлася ў галаве, пакуль Антон Кузьмiч, ужо адзiн, iшоў ад аўтобуса да свайго дома па цiхай вулiцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зiмы.

Жонка сустрэла з большай прыветлiвасцю, чым праводзiла ранiцай.

- Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.

Яшчэ адзiн крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клiнiцы i дома, над дысертацыяй, - самае дарагое. Трэба i яму зрабiць нейкi крок насустрач.

Ён распрануўся i, памыўшы ў ваннай рукi, заглянуў на кухню, весела i смешна пацягнуў носам паветра.

- Адгадаць?

Гэта яго даўнi жартаўлiвы занятак - па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчаслiва засмяялася:

- Не адгадаеш.

I раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калiдор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.

Пачуўся яго ўстрывожаны голас:

- Што здарылася? Што з ёй? Кiньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.

Галiна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухнi. Муж спешлiва апрануў палiто. Яна спытала асцярожна:

- У аддзяленнi што-небудзь?

- Не. Званiла Маша. Просiць зараз жа прыехаць. Вiдаць, нешта з Савiч. - Ён зашпiльваў гузiкi, рукi яго дрыжалi.

"Як ён хвалюецца", - пабляднела Галiна i памкнулася да яго.

- Можна, я з табой?

- Навошта? - спытаў ён з суровым здзiўленнем. Яна адступiла, сцялася, быццам Антон Кузьмiч замахнуўся на яе.

Дзверы за iм са стукам зачынiлiся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.

Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзiну, якая, аднак, з'явiлася бадай што самай пакутлiвай у яе жыццi.

Галiна пачула яго цяжкiя крокi на лесвiцы. Вельмi цяжкiя. Так ён iдзе, калi бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калiдоры, быццам i не саступала з месца. Ён не пазванiў. Ён адчыняў дзверы сваiм ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчылiну. Яна не кiнулася, каб адчынiць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.

Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку i пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палiчку вешалкi. Паволi расшпiлiў гузiкi, раскручваў чырвоны шалiк. I ўсё гэта моўчкi. Галiна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савiч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клiнiку, уладзiў, памог... Каб памерла, не так ён паводзiў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзiўна, сапраўды зморана заспакоены.

Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямi па твары, прыгладзiў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы мiма, ударыў пальцам па клавiшы пiянiна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галiна стаiць на парозе i глядзiць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, i адразу стаў звычайным, толькi ўсмiхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбiў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосцi, без эфектаў: