Выбрать главу

— За вудзільна! Хапайся за вудзільна! — закрычаў Гукан.

Шыковіч схапіўся за вудзільна і, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей — у мора.

— Што здарылася?

— Задрамаў, — адказаў Шыковіч, круцячы галавою, каб выліць ваду з вушэй.

— Задрамаў? — Гукан так зарагатаў, што ластаўкі спалохана кінуліся за раку, далей ад такога грому.

Шыковічу ніколі не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы і ўсмешкі старшыня так рагатаў. Ён ніяк не мог супакоіцца, выціраў слёзы, гладзіў худы жывот і зноў заліваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кінуў вуды і вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.

3

Звычайна Гукан прыходзіў у выканком за паўгадзіны, а то і больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплінавала падначаленых, хоць, калі сакратарка паспрабавала прыходзіць раней за яго, ён забараніў ёй рабіць гэта. Яна павінна з'яўляцца без пяці дзевяць, не раней і не пазней. Гукан любіў парадак і ўмеў яго падтрымліваць.

Па-другое, такім чынам яму ўдавалася абмінуць большасць кватэрных прасіцеляў, якія падпільноўвалі штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабінеце, у вокны якога лезлі галіны каштанаў, хораша думалася і была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.

Гукан умеў гэта рабіць, не як другія кіраўнікі, і меў волю выконваць такія аднадзённыя планы.

У панядзелак Сямён Парфёнавіч заспаў. Гэта яго злавала і смяшыла, калі ён таропка ішоў па абмытых дажджом вуліцах. Такога з ім не здаралася ўжо год дваццаць — каб ён праспаў. Без будзільніка, без старонняй дапамогі ён мог дакладна ў назначаны час усхапіцца на ногі. А тут раптам праспаў да палавіны дзевятай. Вінаваты ўчарашні адпачынак.

«А ўрэшце, гэта няблага, што арганізм яшчэ здольны атрымліваць такую зарадку і гэтак выключацца», — разважаў ён ідучы.

Успамінаў учарашні дзень. Многа было прыемнага. Асабліва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. І дождж, які захапіў іх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далікатнымі ўважлівымі жанчынамі юшку, пакуль гаспадары ездзілі ў вёску ў краму, і рагатаў, расказваючы ім, як зваліўся ў раку Кірыла Шыковіч. Жанчыны таксама смяяліся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кірыла мог зрабіць гэта знарок — для смеху.

У прыёмнай ужо чакалі людзі. Чалавек дзесяць. Гукан прывітаўся. Яго адразу абкружылі.

— Таварыш старшыня!

— Сямён Парфёнавіч!

— Таварыш Гукан!

Ён спыніўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнікаў. Зняў габардзінавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкі хусцінкай лоб і шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.

— Чакайце. Можаце лічыць мяне бюракратам, кім хочаце, але давайце адразу высветлім нашы ўзаемаадносіны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятніцу прыёмны дзень, калі ласка, прашу.

— Я два месяцы не магу трапіць да вас! — злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.

— Магло быць, — спакойна згадзіўся Гукан. — Справы і выезды двойчы сарвалі мне прыёмны дзень. Прымалі мае намеснікі.

— А я хачу да вас!

— Нэла, — звярнуўся Гукан да сакратаркі, — была гэтая грамадзянка на прыёмах?

Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела і няўпэўнена адказала:

— Была.

— Запішыце яе на пятніцу першай на чаргу. — І ласкава звярнуўся да жанчыны: — Чакаю вас роўна ў дзевяць.

Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал.

Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запісаць яе першай.

— Вы, таварыш маёр, наконт дарогі? — Твар Гукана ўміг пасуравеў, вочы зрабіліся калючымі і глядзелі не на маёра, а міма, як бы шукалі кагосьці другога. — Дарогу міма школы-інтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзеці глыталі пыл і газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далі праезд, прывядзіце яго ў парадак.

— Мост.

Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсіх:

— Мост цераз канаву — казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалі вам гэты мост? Пасаромеліся б гаварыць. Такая часць!..

Чалавекі два з наведвальнікаў засмяяліся.

— Таварыш Гукан!

— Не рабіце сакрэтаў там, дзе іх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаіце і кудой вы ездзіце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!

Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальніка, інтэлігентнага чалавека ў акулярах.

— Вы?