Цяпер, адганяючы непажаданы ўспамін, ён падумаў інакш, больш злосна: «Зазнаўся, няшчасны пісака… Расперазаўся».
Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Ён хадзіў, быццам сапраўды катаўся на роліках, хутка, бясшумна. Старшыні архітэктар моцна паціснуў руку. Маладому калегу свайму кіўнуў галавой, прывітаўся здалёк:
— Прывет, Кухараў. Ты ўсё-такі вырашыў патурбаваць Сямёна Парфёнавіча? Ах, моладзь, моладзь!
— І правільна зрабіў, што патурбаваў. Цікавы праект, — сказаў Гукан.
Гамбіцкі пільна паглядзеў на старшыню: сур'ёзна ён кажа, шчыра ці з іроніяй, з падэсцю?
— Цікавы. Але не нашы ўплывы, Сямён Парфёнавіч. Не наш стыль, форма. Заходнія.
— А што, па-вашаму, на Захадзе ў архітэктуры няма нічога цікавага? — спытаў Кухараў.
— Не. Чаму? Ёсць арыгінальныя рашэнні. Вельмі своеасаблівыя. Але ў нас не тыя задачы, дарагі мой калега, разумееце?
— А па-мойму, галоўная задача, каб было прыгожа, менш каштавала і людзям было зручна жыць. А вы проста кансерватар!
Шызы шар Гамбіцкага пачырванеў, загарэліся маленькія вушы, як два пялёсткі. Гукан засмяяўся.
— О! А вы малады, ды ранні. Зубасты. Гэта добра, — і раптам на твар яго як бы ўпаў цень і замарозіў рысы. — Але паважайце нас, старых. Мы з Феліксам Янавічам узарвалі заводы ў сорак першым. Мы збудавалі горад нанова. Хіба кепска збудавалі?
Гамбіцкі, сентыментальны чалавек, непрыкметна прамакнуў насоўкай вочы і надзеў акуляры.
— Увогуле — нічога.
— Увогуле! Вы чулі? Увогуле! — плаксіва выкрыкнуў архітэктар.
— Добра збудавалі! — сурова і рашуча сказаў Гукан.
— Добра, — з ледзь прыкметнай усмешкай згадзіўся Кухараў. — Я паважаю старэйшых. Яны вучаць мяне. Але, Фелікс Янавіч… вы кажаце: другія задачы. На Захадзе — Чэхаславакія і ГДР з іх высокай будаўнічай культурай. Хіба ў іх не тыя ж самыя задачы?
— Вось гэта правільна! — З Гуканавага твару, надзвычай багатага на пералівы ценяў і святла, напалавіну сышоў цень — з верхняй часткі, з вачэй. У кабінет увайшоў Кушнер, чалавек з маладжавым прыемным тварам, з пустым правым рукавом. Падаў усім левую руку і без лішніх слоў пачаў разглядаць праект, пераходзячы ад аднаго ліста да другога.
— Ну як, будаўнік? — спытаў Гукан, назіраючы за намеснікам з хітрай усмешкай.
— Ліха яго ведае! Для мяне гэта цёмны лес. Я пакуль на натуры не пабачу, не магу зразумець, дзе добра, а дзе дрэнна, — шчыра і проста прызнаўся Кушнер.
Гамбіцкі хмыкнуў. Гукан паківаў галавой. Яго даўно перастала ўжо здзіўляць шчырасць намесніка, яго незвычайная самакрытычнасць. Пра сябе і пра другіх ён гаварыў толькі праўду, якой бы яна ні была. Чаго не разумеў, не ведаў, не саромеўся прызнацца ні начальству, ні падначаленым. За гэта яго і паважалі і не любілі.
— А мне гэтая планіроўка падабаецца. — Гукан пастукаў пальцамі па першым аркушы. — Разгледзь, Гамбіцкі, там са сваімі… Сур'ёзна. Па дэталях… Памажыце таварышу… Кухараву.
— Калі Гамбіцкаму не падабаецца, ён пахавае без доўгіх надмагільных прамоў, — кінуў Кушнер.
— Іван Фёдаравіч! — пакрыўдзіўся архітэктар.
— А мы вынесем усе праекты на выканком, у тым ліку і гэты… Абмяркуем з удзелам грамадскасці. Выселкі павінны быць прыгажэйшым раёнам! — заключыў Гукан.
У Кухарава пры гэтых словах бліснулі вочы, і ён горача падзякаваў старшыні гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкі сталі прыгажэйшым раёнам. Калі, скруціўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кіўнуў услед:
— Бачылі, якая моладзь расце.
— Прабіўная, — адказаў Гамбіцкі.
— Адукаваная, — уздыхнуў Кушнер.
Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбіраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:
— Як выхадны правялі?
— Ездзіў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалі назад — заехалі ў чайную ў Вярбовічах. І, канешне, выпілі. Ды што пілі! Піва і нейкае пладовае віно. Пойла. Хто ў нас толькі выпускае такую дрэнь? Бр-р, брыдота! Лепш ужо гарэлку піць, — смешна зморшчыўся Кушнер; нават свае чалавечыя слабасці ён ніколі не хаваў, расказваў пра іх проста і шчыра.
Гамбіцкі хмыкнуў, ён ніяк не мог звыкнуцца з гэтай святой прастатой намесніка.
— А я працаваў. Нам, творчым работнікам, няма калі і адпачыць.
Гукан і Кушнер не паверылі, што архітэктар сапраўды працаваў, але змаўчалі.
Гукан сказаў:
— А я так хораша парыбаліў. Каля Дзятлава. На такую мясціну натрапіў… Акуні, дурні, аднаго возьмеш, вядзеш, другія следам ідуць, гатовы на бераг выскачыць. Кілаграмы чатыры нацягаў. А пасля насмяшыў мяне адзін дзівак. — Сямён Парфёнавіч адкінуўся на спінку крэсла і весела засмяяўся. — Далібог, даўно ўжо не смяяўся так. Шыковіч. Яны там у лясніцтве дачу сабе адгрохалі. З Ярашам. Хароміна! Жывуць, як паны. Дык вось… Прыйшоў Шыковіч на бераг. П'яненькі, безумоўна. Сеў на абрыве. Бубніў, бубніў нешта. І раптам — боўць. У раку! Я гляджу — адзін капялюш плыве. Ледзь я выцягнуў яго. Задрамаў, аказваецца, чалавек. Ха-ха-ха…