Выбрать главу

А нарэшце, чаму яму здаецца, што запіска Яраша — нейкі падкоп пад яго, старшыню гарсавета? Яраш з суровай крытыкай выступаў на сесіі яшчэ гады два назад. І крытыка гэтая была на карысць: міністэрства праявіла большую ўвагу. Адкрыты новыя паліклінікі. Будуецца бальніца.

Усё-такі каштан супакоіў. Гукан пасмяяўся са сваёй трывогі і вярнуўся да стала. Няма калі займацца аналізам пачуццяў! Ішоў звычайны рабочы дзень старшыні гарсавета. Тэлефонныя званкі. Наведвальнікі. Паперы. Лівень папер. Недзе ўжо ў сярэдзіне дня пазваніў намеснік старшыні аблвыканкома Мухля. Высвятляў дэталі пераносу гарадской мяжы. Горад рос. Пад канец доўгай тэлефоннай размовы Гукан спытаў між іншым:

— Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас назірае за будаўніцтвам прыватных дач? Я ведаю, што я займаюся там, дзе адведзены былі ўчасткі пад такое будаўніцтва. У Загайным. І там парушэнняў колькі хочаш. Але там усё-такі ёсць нейкі нагляд… А я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Дзе? Ты сам добра ведаеш дзе. Не ведаеш? Рэдка, значыцца, аб'язджаеш свае ўладанні. Што б рабілася ў горадзе, каб я гэтак не ведаў, дзе што будуецца. Анархія! Не хвалюся. У Дзятлаўскім лясніцтве бачыў, якая хароміна вырасла? Але, Яраша і Шыковіча. Я ж не кажу, што ім не трэба дача. Няхай адпачываюць на здароўе. Хлопцы сапраўды добрыя. Здольныя. Але хто ім адводзіў участак? Лясгас? Райвыканком? А маюць яны права? Глядзі, брат. Ведаеш, як цяпер прэса выступае супраць прыватнай уласнасці? Каб нас з табой не пагладзілі… Людзі яны разумныя. Але я не сказаў бы, што вельмі разумна з іх боку будаваць такія харомы сярод лесу. Не адзін дзесятак кубаметраў. Мая сяброўская парада табе — пацікаўся. Пацікавішся? Вось-вось… Каб не было нечаканасцей… Ну, прывет!

Скончыўшы размову, Гукан задаволена пацёр рукі, падышоў да акна, зноў палюбаваўся на свой каштан. Ужо і праз густое лісце ў кабінет дыхаў спякотны летні дзень.

4

Яраш сядзеў у ардынатарскай і паліў. Ён стаміўся. Тры гадзіны каля аперацыйнага стала. Дзве цяжкія аперацыі. Асабліва стаміла апошняя — на дзіцяці.

Аперацыі на дзецях заўсёды стамлялі яго. Колькі год практыкі, слава лепшага хірурга вобласці, а хваляваўся ён сёння, як студэнт.

Попел ад папяросы ўпаў на халат. І адразу ж спрытная рука нячутна падставіла попельніцу. Яраш падняў галаву і з удзячнасцю зірнуў на аперацыйную сястру. Ён ведаў, што гэтая дзяўчына ўлюбёна ў яго. І ён таксама любіў яе: Маша, нягледзячы на сваю маладосць, была лепшай аперацыйнай сястрой з усіх, з якімі яму даводзілася калі-небудзь працаваць. Яна разумела не толькі кожнае яго слова, але кожны рух, жэст. Варухнулася яго левае брыво — і яна ведала, які інструмент трэба падаць. Збегліся зморшчынкі на пераносіцы — і Маша папраўляла асістэнта. Яна ўмела так прамакнуць пот на яго лбе і вісках, што ні на секунду, ні на міг не адрывала ад хворага, не перашкаджала аперацыі. Яна ўсё ўмела і ўсё ведала.

«Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Лекары прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Чырвоныя косы, бровы, нейкія залацістыя рудзінкі абсыпалі нос, шчокі, рукі. Тады Ярашу стала шкада яе. Яму заўсёды было шкада непрыгожых жанчын. І ён больш ніколі не казаў «залатая сястра», нават завочна. У добрым настроі ён казаў пра яе: «Мой хірургічны геній».

Маша скінула касынку і гэтак жа спрытна, умела, як і працавала, папраўляла валасы. І раптам Яраш убачыў, упершыню за два гады, што яна прыгожая. Стройная, высокая; капа яе валасоў на фоне акна гарэла, як жар. З узнятымі рукамі яна як бы цягнулася ўгору, і здавалася, вось-вось узнімецца і паляціць на нейкую іншую планету, з якой яна і з'явілася, гэтая дзівосная жанчына.

У доктара ў апошнія гады частая з'ява — такія вось нечаканыя адкрыцці прыгожага. Так, напрыклад, зусім нядаўна ён адкрыў хараство васільеўскага «Мокрага лугу», які раней бачыў многа разоў і ніяк не мог зразумець, чым карціна адрозніваецца ад звычайных падобных пейзажаў, якія пішуць іх абласныя мастакі. Яшчэ раней ён гэтак жа адкрыў «Вішнёвы сад». У маладосці некалі не даседзеў на спектаклі да канца.

Маша ўбачыла, адчула, што ён глядзіць на яе, як на жанчыну, і ўся ўстрапянулася, спалоханая і ўзрадаваная. Так і застыла з паднятымі рукамі. Не, яна не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання.