Выбрать главу

Можа, ён так і не падумаў, але Кірылу чамусьці ўпершыню стала няёмка ад таго, што ён забраўся ў рэдактарскі кабінет.

Чалавек, не вітаючыся, спытаў:

— Вы Шыковіч?

— Я. Сядайце, калі ласка.

Шыковіч працаваў не за рабочым сталом рэдактара, а за доўгім — для пасяджэнняў, на краі якога ляжаў стос падшывак газет. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала.

Гледзячы Кірылу проста ў вочы (цяжка было вытрымаць такі позірк!), незнаёмы спытаў з крывой усмешкай:

— Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Ці замялі?

У Шыковіча замерла сэрца ад прадчування нечага незвычайнага.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Што, што… Сам ты добра ведаеш што. Чаму не раскрыў, хто такі Сажань? Спалохаўся? Ну, канешне, куды табе! Думаў паласкатаць нервы чытачоў, нагнаць таямнічасці. Ды выйшла прамашка. — Ён хмыкнуў, прыстукнуў кулаком па стале, нібы паставіў пячатку, голас яго зрабіўся скрыпуча-злосным. — Цяпер я скажу «бэ»!

Здалося, што чалавек гэты пырснуў жоўцю. Шыковіч не любіў такіх: маўчаць, чакаюць выпадку, калі хто пачне першы, тады і яны вырываюцца і б'юць з-за вугла.

— Што ж вы першы не сказалі гэтага «а»? — ужо без ветлівасці, са злосцю спытаў Кірыла.

— Не меў такога факта. Казаў другія. Не даказаў. Далі па мордзе. Ён жа, твой Сажань…

Кірыла падняўся:

— Слухайце, я не ведаю, хто такі Сажань.

— Не ведаеш? — з яўным здзекам перапытаў чалавек. — Не ведаеш, што гэта паважаны Сямён Парфёныч Гукан?..

— Гукан?!

«Гукан! Гукан!» — загудзела, загукала, зашумела ў Шыковіча ў галаве, быццам запрацавала там магутная электронна-вылічальная машына: яна ў адзін міг выцягнула з глыбінь памяці ўсе факты, якія ён сабраў, па-новаму выстраіла іх зусім у іншым парадку. Недзе на пабочных маленькіх клавішах нехта выстукваў:

— Мы калі яшчэ ў рабфаку разам вучыліся, то далі яму гэтую мянушку… У партызанах, калі хадзілі на сувязь у горад, ён хацеў аднойчы выпісаць пашпарт на Сажаня… Не хто другі, я адгаварыў яго. З тваім ростам, кажу, выкліча падазронасць… Ён мне аддзякаваў пасля за ўсё…

— Як ваша прозвішча?

— Ведаеш ты маё прозвішча. Пісаў… распісваў з яго слоў… — Чалавек зноў як бы паставіў пячатку.

Шыковіч напружваў памяць, але ўспомніць не мог: у кнізе дзесяткі прозвішчаў людзей, якіх ён ніколі не бачыў у вочы.

Па сутнасці справы, яму трэба было ўзрадавацца, выказаць гэтаму чалавеку сваю думку пра Гукана, факт з яго пісьмом у органы дзяржбяспекі наконт Зосі Савіч, запрасіць у сведкі, у памочнікі па выяўленню поўнай ісціны. Але нешта стрымлівала. Што? Злосць гэтага чалавека, яго жаданне па-свойму расквітацца з Гуканам. Для яго цяпер галоўнае не ісціна, а помста. А Шыковіч ненавідзеў людзей помслівых. Таму сведка, якога ён падсвядома чакаў, стаў яму непрыемны. Кірылу не хацелася заключаць з такім чалавекам які б ні было саюз.

— Але, падрэзаў ты корань свайму дружбаку. — Наведвальніку яўна прыносіла задавальненне пакатаваць, як ён, пэўна, лічыў, неасцярожнага журналіста, нават голас яго палагаднеў.

— Што вы хочаце рабіць?

Ён адразу натапырыўся і таксама падняўся.

— А гэта мая справа, што я буду рабіць. Карціць даведацца? А? Не, цяпер вам з Гуканам не абяззброіць мяне!

— Што датычыць мяне, то я асабіста нікога не абяззбройваў. І не збіраўся гэта рабіць. Усё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб сказаць праўду пра людзей, якія змагаліся… Сумленна…

— Калі сказаць шчыра, то я і прыйшоў, каб сказаць вам за гэта дзякуй.

— Не для вас я гэта рабіў!

— Што-нішто зрабіў і для мяне. Даробяць другія. Усяго добрага.

Кірыла не стаў яго затрымліваць: «Чорт з табой. Прозвішча я тваё ўспомню. А не ўспомню — сам адгукнешся, відаць па ўсім. З мяне даволі таго, што ты паведаміў. Гукан! Няўжо Гукан?»

Ён колькі хвілін усхвалявана хадзіў па прасторным кабінеце, паціраючы лысіну, шчокі. Не ад радасці. Не, якая там, да д'ябла, можа быць радасць, калі пухне галава! Як, чаму чалавек, які шчыра ваяваў супраць ворага і, нягледзячы на ўсе свае недахопы і слабасці, напэўна, мае шчырую веру ў нашы гуманныя ідэі, мог зрабіць вось так? Зося ж хадзіла каля яго, як каля хворага. Хавалі, ратавалі. Бацька ахвяраваў жыццём. Каму ж ён верыў, калі пасля ўсяго гэтага не паверыў у сумленнасць такіх людзей? Усеагульная падазронасць? Ці подласць?