Выбрать главу

Зося ўся сцялася і спалохана адступіла ад яго.

— А калі я памылюся? — ціха-ціха спытала яна. — Прайшло столькі год!

— Гэта — Сажань? — перайшоў Шыковіч да імклівага наступу.

Не адказваючы проста, яна спытала:

— Хто ён, гэты чалавек?

— Старшыня гарсавета Гукан.

Дзіўная ўсмешка скрывіла яе твар: яна чула гэтае прозвішча сотні разоў, і тады, калі працавала ў атэлье, і ў бальніцы, і яшчэ часцей цяпер ад іх — Кірылы Васільевіча і Антона Кузьміча, калі яны часам заходзілі да яе і вялі размову пра Шыковічаву работу, мінулую і цяперашнюю. Дык вунь каго яны з бацькам ратавалі! Не, ніякіх асаблівых пачуццяў у яе не ўзнікла, акрамя аднаго: раптам захацелася ніколі-ніколі не чуць, не ўспамінаць гэтых імён — Сажань-Гукан. Забыць іх у адзін міг і назаўсёды.

Нясмела, няўпэўнена, як малая, яна спытала:

— А можа, не трэба, Кірыла Васільевіч?

— Што не трэба? Чаго вы баіцеся? Яго?

— Я не за сябе. За вас.

— За мяне? Го-о! — ён галёкнуў. — Не той час, Соф'я Сцяпанаўна, каб баяцца! Ён сам увесь час дрыжаў. І цяпер дрыжыць… А мы станем гнілымі лібераламі, пляснівымі гуманістамі, калі не будзем выводзіць такіх на чыстую ваду… Калі ты выдаеш сябе за героя, то будзь ва ўсім героем. А ён баяўся за сваю кар'еру!.. За яе затаптаў у гразь…

Зося пакутліва зморшчылася, як ад болю.

— Ну добра, добра. Не думайце і не хвалюйцеся. Нічога асаблівага не здарыцца. Мы надзіва добрыя. Самае большае — яго пашлюць на пенсію.

«Куды цябе пашлюць, гэта я не ведаю. Але пагаварыць з табой я пагавару. Зараз жа. Пагавару так, як з табой не гаварыў яшчэ, бадай, ніхто!» — не думаў, а гнеўна шаптаў Шыковіч, на хаду апранаючы сваю куртку і збягаючы з другога паверха.

Ён зноў запаліўся і прагнуў дзейнасці. Ішоў, думаў, як уварвецца ў кабінет Гукана і якія словы скажа. А калі там наведвальнікі? Скажа і пры іх! Няхай ведаюць. Скандал? Няхай выкліча міліцыю і выведуць яго.

Але, нягледзячы на такое гарэнне і завіруху ў думках, пасля таго як убачыў таполі і раку, да яго вярнулася звычайная аптымістычная здольнасць любавацца навакольным: зімой, дрэвамі, жанчынамі, дзецьмі.

Падаюць сняжынкі, сухія і… цёплыя. З крутога адхону з'язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шыковіча на міг аж страх апанаваў. Але тут жа стала радасна ад іх смеласці. Як хораша было б, каб вырасла пакаленне людзей, якое нічога не баялася б! Але ўспомніў сына. Славік бадай нічога не баіцца, аднак гэта не зрабіла яго лепшым.

Наадварот. Ёсць іншыя нормы, якіх чалавек павінен прытрымлівацца, каб стаць чалавекам. Усё знаходзіцца ва ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці.

Шыковічу не хацелася паглыбляцца ў філасофскія разважанні, і ён пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Некалі ён пажартаваў, што нідзе няма столькі прыгожых жанчын, як у іх горадзе. Яраш і Валя смяяліся, а Галіна Адамаўна згадзілася. Можа, таму, што сама прыгожая, ці, можа, каб яшчэ раз нагадаць мужу, як многа спакусы на яго шляху, а таму няхай асцерагаецца.

Цяпер, узіраючыся ў твары жанчын, Кірыла Васільевіч пераконваўся, што яго жарт адпавядае сапраўднасці. Кажуць, жанчыны — што кветкі, расцвітаюць вясной. Не, яны цвілі і ў снежні, на парозе Новага года. Расчырванелыя, рухавыя, хораша заклапочаныя, яны, здавалася, запаланілі ўвесь горад. На цэнтральнай вуліцы, каля ГУМа, не прабіцца.

«У гэтым горадзе змяшалася кроў нацый, якія маюць найлепшых красунь, — беларускай, расейскай, украінскай, польскай». — Шыковіч амаль узрадаваўся нечакана ўзнікшаму тлумачэнню. Жарт ператварыўся ў выснову.

Хутка ён злавіў сябе на тым, што перастаў думаць пра Гукана. Утаймавалася абурэнне. Аслабла жаданне ўварвацца ў яго кабінет і кінуць яму ў твар словы-каменні. Навошта? Ці не можа гэта даць Гукану лішнія козыры?.. Людзі накінуцца на сенсацыйную дробязь і застануцца безуважлівымі да галоўнага. Не, справу трэба даводзіць да канца з ранейшым спакоем і разважлівасцю. Яшчэ праз хвіліну Кірыла адчуў, што, акрамя ўсяго таго, што падказвае розум, яму проста не хочацца сустракацца з гэтым чалавекам, бачыць яго. Брыдка. А тым больш што ён, Шыковіч, не зларадны, не «крыважэрны». Яму нават усё адно, што будзе з Гуканам як работнікам: дадуць яму вымову, выганяць, пашлюць на пенсію. Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты. Цяпер ужо нішто — ні хітрыкі, ні заслугі, ваенныя і мірныя, — не паможа яму выкруціцца, захаваць позу героя. Праўда, як бы глыбока яе ні закопвалі, у якія б віры ні тапілі, у якіх бы архівах ні хавалі, яна ўсё адно ўсплыве, вырвецца на волю і з'явіцца людзям у сваім першародным харастве.