«Вось так, Сямён Гукан!»
Не дайшоўшы квартала да гарвыканкома, Шыковіч хвіліну пастаяў на рагу вуліц, паназіраў за людзьмі і рушыў у другі бок — да гаркома партыі.
33
Галіна Адамаўна адразу ж здагадалася, што муж парушыў клятву, якую даў ёй, што ён зноў наведваўся да той. І зноў стаіў, зноў не прызнаўся. Чаму?
Парушэнне клятвы яшчэ больш абурыла і абразіла яе. Але яна змаўчала, хоць усё кіпела і гарэла ў ёй. Яна баялася сваркі, разрыву і прымусіла сябе маўчаць. Дзеля дзяцей. Выкрык Наташы, варожасць дачкі спалохалі яе. Яшчэ больш усхвалявала замкнутасць і адчужанасць Віці, яе любімца. Дзеля спакою дзяцей і спакою яго, Антона, яна гатова на любыя пакуты, душэўныя і нават фізічныя.
Знешне ў доме ўсё нібыта было добра.
Разам снедалі, разам спяшаліся на работу. Абедалі не заўсёды разам — Антон часам затрымліваўся ў клініцы, на кансультацыях. Але кожны раз, больш акуратна, чым раней, званіў і паведамляў, дзе ён. Разам вячэралі, усёй сям'ёй глядзелі тэлевізар ці, пакінуўшы дзяцей дома, хадзілі ў кіно, у госці. Але Галіне Адамаўне здавалася, што муж зусім не той, што раней, — не такі ласкавы. Ад гэтага яна пакутавала яшчэ больш, рэўнасць душыла яе, як хвароба. Але яна трывала і ў душы нават пачала ганарыцца сваім падзвіжніцкім цярпеннем. Паступова ўваходзіла ў ролю пакутніцы — дзікую, пачварную ролю, якая калечыць душу. Я пакутую ў імя Бога, у імя ідэі, у імя блізкага свайго… і пачынаецца чортведама што, чалавек ператвараецца ў фанатыка і перастае разумець самыя простыя, надзіва лагічныя і звычайныя рэчы. Галіна Адамаўна трохі не дайшла да гэтага… Выбух адбыўся нечакана.
Аднойчы ўвечары, калі пілі чай, Антон Кузьміч сказаў спакойна, разважліва:
— Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесці. А куды зносіць? Каб угаварыць Кірылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад піянерскі лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглі б нават выплаціць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацілі. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраіх працуем. Валя гатова згадзіцца, Кірыла ўпёрся…
Віця і Наташа першыя ўбачылі, як пабялела маці, прыкусіла губу, і сцяліся, насцярожыліся.
— Бо ў Кірылы сям'я, дзеці… І ён думае пра іх, — пачала яна ціха, але тут жа сарвалася на крык: — А ў цябе няма сям'і, няма дзяцей! Табе нічога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставіць сябе!..
— Мама! — паспрабавала спыніць яе Наташка.
— Маўчы, няшчасная! — цыкнула яна на дачку і выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кінула мужу: — Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькі з-за іх, — яна паказала пальцам на дзяцей, — я маўчу і цярплю!..
Віця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнічай позе, гатовая зноў абараніць бацьку.
Антон Кузьміч, не адказваючы жонцы, спыніў сына:
— Збірайцеся, дзеці, на каток. Сёння і я пайду разамну свае старыя косці.
Яны любілі хадзіць з ім на каток. На яго, такога асілка, усе звярталі ўвагу і любаваліся яго лёгкасцю і спрытам. Яны ганарыліся сваім бацькам — ён усё ўмее і ўсё робіць дасканала.
Дзеці кінуліся апранацца. А Галіна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам і, задыхаючыся, прашаптала:
— Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею… Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?
Раней у хвіліны такіх успышак ён хапаў яе за рукі, прыцягваў да сябе, цалаваў і… супакойваў… Цяпер ён не мог гэтага зрабіць. Панурыўшыся, як Віця, ён выйшаў у калідор шукаць канькі.
Галіна Адамаўна запэўніла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму і дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабіла яе яшчэ больш падазронай, але і асцярожнай: не даць прычыны.
Пры сваёй рэўнасці яна, аднак, ніколі не шпіёніла за мужам, як робяць гэта другія жонкі. Залішне лічыла сябе чыстай і гордай, каб уніжацца да тайнага падглядвання і распытвання.
А тут не вытрымала. Дні праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазваніў Кірыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклічнікі: ыгы, так, не. Быў у іх шматгадовы звычай: сазваніцца ўвечары, сустрэцца на вуліцы і пагуляць. Часам яны выходзілі з жонкамі, але часцей адны. Раней Галіна нават заахвочвала такія прагулкі. Але цяпер… Яна здагадалася, што мужчыны дамовіліся пайсці туды. Цяпер яна не верыла не толькі мужу, але і Кірылу… О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькі робіць хітрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурніца Валя! Хоць што Валі! Яна проста стала абыякавай да Кірылы. Сваім восьмым класам занята больш, чым мужам і ўласнымі дзецьмі. У Валі пры любых акалічнасцях нічога не парушыцца, дзеці дарослыя… А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца — не дзеля сябе! — дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якіх ён, бацька, настройвае супраць яе, маці.