«Дзын-дзон, дзын-дзон», — дзіўны стук маятніка ў гадзінніка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якія ад удару па-рознаму гучаць.
— Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
— Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькі за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш — разам працаваць.
— Так нават?
— Уяві, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госці. Не чакай, не прыйду.
— Ясна.
— Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
— Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
— Бывайце.
Тыя ж цяжкія крокі, гулкія на паркеце, мяккія, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулі дзверы. Ляпнулі другія, з таго боку.
«Бывайце»? — Гукан не помніў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвіцы, успомніў, што так адказаў Тарасаў — на «вы». Гэта яго чамусьці ўразіла больш, чым уся размова. Ён спыніўся, падставіў успацелую лысіну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкі.
Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такія справы. На каго ці на што ён мог мець надзею?! Павінен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калі пазваніў Шыковічу і папрасіў сустрэцца. Як той, нахабнік, адказаў!
«Калі ласка, Сямён Парфёнавіч! Заходзьце заўтра пасля дванаццаці ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма».
Здзекаваўся, пісака няшчасны!
«Ох, распусцілі вас. Спахопіцеся!» — Ён выходзіў і пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такія метады кіраўніцтва.
На першым паверсе яму зрабілася цяжка дыхаць, нібы ён спускаўся не ўніз, а падымаўся высока ўгору. Ён спыніўся каля міліцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
— Гады.
Маладзенькі міліцыянер стукнуў абцасамі і бадзёра пацвердзіў:
— Так точна, таварыш Гукан!
Сямён Парфёнавіч выйшаў на вуліцу. Як ніколі, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. І кожны трэці з мінакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставаліся два дні.
Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мітусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасці, чым само свята. Ён, гаспадар, любіў у такія дні аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як ідзе гандаль? Але яму ніколі не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзіў, а больш ездзіў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзіўна супакоіла. Ён залажыў рукі за спіну, згорбіўся больш звычайнага і рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, і якраз там, дзе асабліва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалі па слізкім тратуары. Сямён Парфёнавіч вылаяў у думках трэст ачысткі. Вось зараз ён прачысціць ім мазгі! І пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павінен прывучыць сябе не хвалявацца і хадзіць толькі вось так — не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
Убачыўшы людзей з пакупкамі, ён успомніў, як жонка сказала дні два назад нібыта жартам, а магчыма, і з крыўдай:
«Даўно ты, Сеня, падарункаў мне ніякіх не рабіў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года».
Сямёну Парфёнавічу раптам захацелася быць добрым, і ён пайшоў ва ўнівермаг.
Людзей — не прабіцца. Ён успомніў, што паслаў ужо два пісьмы ў Дзяржплан рэспублікі з просьбай асігнаваць сродкі на будаўніцтва другой універсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
«Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, — зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвіліну мусіў прызнаць: — Пабудуюць. Цяпер лёгка». Усё, што будзе рабіцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкім.
Рост яго дазваляў заглядваць на паліцы праз галовы людзей. Што купіць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзіў з аддзела ў аддзел. Відаць, нехта з работнікаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў — малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькі цяпер прыкмеціў, што ўнівермагам загадвае такі малады чалавек. Гэта яму чамусьці не спадабалася.
Дырэктар скардзіўся:
— Мала тавараў, Сямён Парфёнавіч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
— Парайце, што купіць у падарунак жонцы.
— Сямён Парфёнавіч! — з дакорам зазначыў дырэктар. — Пазванілі б. Што вам самім хадзіць?
«Падхалім», — падумаў Гукан і строга адказаў:
— Я гэтага не люблю.