Выбрать главу

«Адной хвіліны лішняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамі». І яму захацелася, на злосць усім, працаваць да позняга вечара. Але што рабіць?

Пазваніў свайму старому сябру Мухлю.

— Пятро Макаравіч! З наступаючым… Прабач, брат, але навагодні баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавіна. Дзякую. Перадам. Тваім таксама.

Трэба яшчэ двум чалавекам званіць — адмяняць запрашэнне. А жонка нічога не ведае і, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазваніць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабілася шкада жонкі. І падарункі, якія купіў, здаліся мізэрнымі і непатрэбнымі. Хіба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як ніколі раней, ён зразумеў, што яна — той адзіны чалавек, які ніколі не пакіне яго, што б ні здарылася, з якім яму давядзецца дажываць свае пенсіённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, і захацелася зрабіць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункі.

Заказаў Менск. Далі хутка, хвілін праз дзесяць. Адказала дачка.

— Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што… Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у цягнік — і да нас пад Новы год. Што? У Вовіка панос? — Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовік, Сямён Парфёнавіч узлаваўся: — Панос, панос… — і гаркнуў на ўвесь кабінет: — У мяне таксама панос! — і сярдзіта кінуў слухаўку.

Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавіча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот.

Увайшоў Кушнер.

Гукан не любіў свайго намесніка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кім-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамі — апошняй справай года, які мінае.

— З наступаючым, Сямён Парфёнавіч.

— Цябе таксама, Іван Фёдаравіч.

Кушнер сваёй адзінай левай рукой моцна, да болю, сціснуў правую руку старшыні, зблізку зазірнуўшы ў твар.

— Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавіч, несвяточны выгляд.

Гукан паскардзіўся:

— Сэрца зноў. Бачыш, валідол смакчу.

— Але, інваліды мы з табой.

— Ну, ты яшчэ інвалід баявы. А я, брат, усё. — І даверліва прызнаўся: — Хачу прасіцца на пенсію.

— Ды што вы! — шчыра здзівіўся Кушнер.

— Як думаеш, персанальную дадуць?

— Безумоўна. Каму ж тады даваць.

— Ты ведаеш усе мае заслугі?

— А хто іх не ведае! Ты сам іх распісаў…

Гукана ўсяго перасмыкнула.

— Здзекуешся? — пабялелымі дрыжачымі вуснамі прашаптаў ён.

Кушнер сумеўся:

— Сямён Парфёнавіч! Далібог, нічога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнігу. А выйшла бог ведае што… Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.

Гукан супакоена падумаў:

«Гэты яшчэ не ведае, — але тут жа падумаў пра другое: — А даведаецца, злараднічаць не будзе. Проста скажа, як і той: „Не хачу падаць табе рукі“. І ён адчуў нечаканы прыліў нянавісці да іх — да Тарасава, да Шыковіча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архітэктара — за тое, што яны такія, у нечым галоўным не такія, як ён».

35

Пасля сустрэчы ў кіно Славік пачаў дзейнічаць даволі рашуча. Спачатку званіў у бальніцу. Маша або не падыходзіла да тэлефона, або падыходзіла і ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.

Тады ён вырашыў схадзіць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзіў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсці — не хапала рашучасці. Каб Маша жыла адна. А то з ёй — нейкая Зося Савіч, пра якую бацька напісаў у газеце як пра гераіню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькі часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсім умоўнасцям, якія ўстанавілі людзі, а прыйшло да паверкі, і ён, выходзіць, як усе, як вучань восьмага класа, які ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца і, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасці, пайсці ў гэты дом і сказаць пры ўсіх, што ён кахае гэтае рыжае дзіва. Але нічога не выходзіла. Рашучасці хапала да дзвярэй…

Нарэшце ў трэці раз ён з ходу ўскочыў на другі паверх, з ходу націснуў на званок. Адчынілі адразу, быццам чакалі каля дзвярэй. Адчыніла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохі падазрона.

Ён спытаў:

— Маша дома?

Тады яна, відаць, здагадаўшыся, прыветліва ўсміхнулася:

— Няма. Ды вы заходзьце, калі ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.

Але яго чамусьці збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цікаўнасць, з якой яна разглядала яго. І Славік не здолеў адразу ж пераступіць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала: