— О, цераз паўгода будзе танцаваць!
Маладая маці залілася слязамі ад шчасця.
— Я напішу вам запіску, каб Мішу паклалі ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусціў машыну!
— Ой, доктар, што вы! Я данясу.
— Далёка. Горача.
— Хіба нам прывыкаць! Абы выпрасталі яго ножкі. Сыночак, родненькі, скажы дзякуй.
Хлопчык смела і вельмі сур'ёзна, як дарослы, сказаў:
— Дзякуй, дзядзя.
— О, ты, брат, герой!
— Ён усё пытае: мама, ці буду і я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць!
Яраш напісаў запіску.
І тут з'явілася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся асляпляльна белая: белыя басаножкі, белы халат, белыя валасы, твар нібы вымыты малаком, толькі бровы ды вейкі крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваіх год распаўнелая, пышнагрудая — па-свойму прыгожая. Многім мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, і тым больш яе прыводзіла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй.
— Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клініцы?
Калгасніца спалохалася белай доктаркі.
— Сынок мой, доктарка. Ножкі ў яго… А тут сястра з нашай вёскі… Прыязджай, кажа, мы папросім доктара…
Яраш, нічога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у іх бальніцу.
— Палажыце яго ў нас, — кіўнула на малога Тамара Аляксандраўна.
— Дзякую, — адказаў Яраш. — Я хачу даць цікавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асісціраваць яму…
Гаецкая пры хворых заўсёды казала яму «прафесар» і рабіла гэта без іроніі. Для простых людзей доктар — любы лекар, а Яраш — кандыдат навук, славуты хірург, трэба ж неяк адрозніць яго ад звычайных лекараў. Ды і самой ёй было прыемна называць яго прафесарам, узвысіць над другімі лекарамі.
— А ты добрая сёння, — з іроніяй сказаў Яраш Тамары Аляксандраўне, калі калгасніца, сто разоў падзякаваўшы, пайшла.
— Я заўсёды добрая. — Яна расплылася ва ўсмешцы.
Ярашу здалося, што гэтая цукровая жанчына вось-вось растане пад яркімі праменнямі чэрвеньскага сонца.
— Для сябе. Ты заўсёды добрая для сябе. А ведаеш, як называецца такая дабрыня?
Яна перасмыкнула падфарбаванымі вуснамі, але змаўчала. Ведала: калі пачаць пікіравацца, ён нагаворыць непрыемнасцей. Ласкава прапанавала:
— Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць.
Ён пазбягаў заходзіць у яе кабінет, але яму хацелася піць, і ён ведаў, што для сябе гэтая жанчына ўмела стварыць камфорт.
Яна пасадзіла яго ў мяккае крэсла каля пісьмовага стала; крэсла было глыбокае, зручнае, а льняны чахол вільготны і халаднаваты. Сама пайшла за цыратавую зялёную занавеску, што адгароджвала ўмывальнік, і вярнулася з запацелым сіфонам, бутэлькай сіропу і шклянкамі.
Яраш памацаў сіфон і свіснуў. Падняўся, заглянуў за занавеску, засмяяўся:
— Быў я ў міністра, у прэзідэнта акадэміі. Усё бачыў, але халадзільнік у кабінеце… Ты геній, Тамара!
— Ён часова ў мяне, у лабараторыі рамонт.
Яна наліла ў шклянкі вады, пасля сіропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу. Блакітныя вочы яе зрабіліся вішнёвымі, калі пачала піць. Адпівала маленькімі глыткамі і не зводзіла позірку з госця.
Яраш не сеў, адышоў да акна і прагна выпіў халодную смачную ваду. Яна наліла яшчэ.
— Даўно я з табой не выпівала. Вып'ем хоць вады. Запрасіў бы на дачу. Кажуць, жывеш, як на небе.
— У госці запрашаюць сяброў сям'і.
— А хіба я не сябра твой? Лепшага ў цябе няма.
Непрыкметна яна апынулася зусім блізка ад яго.
— Не прытварайся, Тамара, мы не маленькія. Ты добра ведаеш, як цябе «любіць» Галіна. А мне спакой жонкі даражэй за ўсё.
— Яна робіцца мяшчанкай, твая Галіна. — Дзіўна мяняўся колер яе вачэй у залежнасці ад настрою, як у кошкі, у той міг яны сыпанулі нейкія шэрыя іскры.
— Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства.
Яна падплыла так блізка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару і ўбачыў, што вочы яе сталі масляністыя. Ён адступіў у кут паміж сталом і сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар.
— Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе.
— Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусці.
— Люблю і жадаю… Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе?
Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць.
Ніколі яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасці ёй не ўдавалася паставіць Яраша ў такое недарэчнае становішча. Загнаны ў кут, прыціснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабіць, як вызваліцца. Піхнуць яе? Паслаць да д'ябла? І раптам… дзве дэталі кінуліся ў вочы: занавескі, што закрывалі толькі ніжнюю палавіну акна, і тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапіў яе пад пахі, рыўком падняў высока ўгору і… паставіў на пісьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вішнёвай вадкасцю!