Сакратар камітэта Валодзя Клецень перабіраў у шуфлядзе стала паперы і доўга не пачынаў гаворкі. Тарас зразумеў, што размова мае быць далікатная і Валодзя, хлопец добры і мяккі, хоча, каб пачала яе Вера Куцькіна, лабарантка, сябра камітэта. Гэтая нязграбная, высокая, у чорных акулярах дзяўчына сядзела каля стала і вельмі ўважліва чытала нейкую чарговую доўгую пастанову вышэйшага камсамольскага органа.
Вера ў камітэце — спецыяліст па маральна-бытавых пытаннях. Усе на заводзе ведалі яе гнеўную непрымірымасць да ўсялякіх амаральных учынкаў. Тарас таксама цаніў яе прынцыповасць: нікому не змоўчыць, калі трэба, — ні дырэктару, ні парторгу. Таму ўсе пакрыўджаныя, асабліва дзяўчаты, ішлі да яе. Але што датычыць яе высокіх маральных прынцыпаў, то Тарасу здавалася, што Куцькіна не заўсёды бывае шчырая, што гнеў яе да парушальнікаў гэтых прынцыпаў — не ад глыбокага пераканання, душэўнай чысціні і дабраты, а хутчэй — ад злосці на людзей за тое, што самую яе прырода пакрыўдзіла. Таму Тарас трохі недалюбліваў гэтую дзяўчыну. Не падабалася яму, што яна залішне ўважліва прыглядаецца да яго брыгады, быццам паставіла сабе за мэту: абавязкова знайсці крамолу. Генрых сказаў ёй аднойчы:
— Ты, Вера, можаш глядзець на нас як хочаш. Але не забывай, калі ласка, што мы не ангелы, мы — людзі. Маладыя хлопцы.
Сакратар не дачакаўся, пакуль Куцькіна праявіць ініцыятыву. Сказаў:
— Давай, Вера, ты… выкладвай…
Яна з неахвотай адарвалася ад пастановы, бліснула акулярамі, крутнула галавой.
— Ох, ліберал! — І павярнулася да Тараса: — Даклад кароткі. Я патрабую, каб гэтага твайго піжона Шыковіча выцягнулі на камітэт.
— Завошта?
— Ён пакрыўдзіў дзяўчыну Ніну Байкач.
— Як пакрыўдзіў?
Вера сурова глянула на брыгадзіра з-пад акуляраў.
— Не прыкідвайся, Ганчароў, дурнем. Ты добра ведаеш, як можа пакрыўдзіць такі.
Тарас пачырванеў. Ён заўсёды адчуваў сябе няёмка, калі гаварылі пра такія рэчы маладыя людзі, ды яшчэ дзяўчаты.
— Яна паскардзілася табе?
— Не. Праз дурны дзявочы гонар яна нікому нічога не расказвае. Але сяброўкі чуюць, як яна начамі раве ў падушку.
— А чаму, Вера, па-твойму, гэта дурны гонар? — нечакана спытаў Валодзя Клецень.
Куцькіна доўга разглядала сакратара праз свае вялікія акуляры, як бы здзіўленая, што ён мог задаць такое пытанне. Потым, як суровая настаўніца, паківала яму пальцам.
— Клецень! Табе не да твару такая пазіцыя. У цябе спытаюць… Гарком спытае… Чаму такі чалавек носіць званне сябра брыгады камуністычнай працы? Я дагэтуль не ведаю, як ён апынуўся ў брыгадзе…
— Мы самі яго ўзялі.
— Ведаю, што самі. А завошта? За якія заслугі?
— Баюся, што ты, Вера, гэтага не зразумееш, — уздыхнуў Тарас, як бы шкадуючы, што яна не можа зразумець такой простай рэчы. А Вера прыняла гэта як абразу. Абурана закрычала:
— Ты чуў, Валодзя? Адны яны ўсё разумеюць! Што гэта такое, як не зазнайства? Хіба я не казала, што нам трэба глядзець ды глядзець за гэтай брыгадай?!
Тарасу хацелася пасварыцца, але ён змаўчаў. Іншае ўзрушыла. Ён быў супраць, каб адносіны Славіка з Нінай выносілі на камітэт. Хто ведае, што ў іх было. Калі дзяўчына не скардзіцца, а толькі плача па начах і сохне, то, на думку Тараса, справа гэтая не для такога разбору. Тут трэба нешта другое. Неяк інакш. Больш далікатна.
Акрамя ўсяго Тарас баяўся, як бы Славік не падумаў, што ўсё гэта ўзняў ён, брыгадзір, з-за Машы. Безумоўна, падумае.
Славікавы настойлівыя заляцанні да Машы прынеслі Тарасу нямала цяжкіх перажыванняў. Асабліва трывожыла, што Маша ўсё яшчэ не адказвае, ці згодна яна выйсці за яго замуж. Але каб выгнаць Славіка з брыгады, — такой і думкі ніколі не было. А вось жа могуць стварыцца абставіны, што зробяць іх ворагамі. І тады ўжо напэўна ў адной брыгадзе ім не працаваць. Валодзю Клеценю можна было б пра ўсё гэта расказаць. Але Куцькінай — не. Перакруціць усё дагары нагамі, даводзячы свае высокія прынцыпы. Тарас сказаў: