Выбрать главу

Славік спыніўся пасярод шырокай і пустой плошчы. У далёкім канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалі елкі. Углыбіўшыся ў развагі, ён зусім быў забыўся, чаго ішоў сюды. Убачыў елкі — успомніў і адчуў, што нішто яго не цікавіць: ні елка, ні Новы год.

А можа, пайсці да хлопцаў? І сумленна расказаць ім пра ўсё. І з Нінкай пагаварыць — папрасіць: даруй. Ён адчуў раптам павагу да дзяўчыны, якая «па начах раве ў падушку», але нікому — ні слова. Але ж — сорамна, ганебна. Як скажаш: даруй, што не кахаю цябе. Не, ён сапраўды такі пашляк і не мае права быць у такой брыгадзе. Каб можна было зайсці да Машы і да гэтай жанчыны з добрымі сумнымі вачамі… Чамусьці здалося, што толькі яны маглі б зразумець яго. Вельмі захацелася зайсці да іх. Але ён разумеў, што цяпер у яго тым больш не хопіць рашучасці.

— Што ты прывезла ламачча нейкага, а не елак? — закрычаў ён на маладую чырванашчокую жанчыну, якая ў кажуху, у валёнках сядзела на грудцы крыжавін і смачна ела свежую булку. — Думаеш, гарадскія — дурні, любую дрэнь праглынуць? Ці, можа, ім грошай няма куды дзяваць?

— А ты б пазней паспаў, можа б, табе сама Снягурачка прынесла елку, — хораша ўсміхнулася яна. — Елкі як елкі. Хто гэта будзе добры ельнік рубіць? У цябе елка два дні пастаяла, ды і на сметнік. А з добрай ялінкі якое дрэва вырасце!

Яе мудрая разважлівасць, спакой і здаровы апетыт неяк дзіўна супакоілі Славіка, нават развесялілі, настроілі па-святочнаму. Ён хутка выбраў елку, разлічыўся. Жанчына зычліва параіла:

— Галінак захапі. Падвяжаш, будзе елачка што лялечка.

Славік нёс сваё свята, дарагое яшчэ з маленства, і стараўся адагнаць прэч усе сумныя думкі. Пакінуць усе турботы старому году! О, каб можна было ўвайсці ў новы год зусім новым, без усяго мінулага! Нехта ўчапіўся ззаду за елку, пацягнуў. Нехта жартаваў. Ён намерыўся панатужыцца, пацягнуць на сябе, а пасля рэзка адпусціць — няхай грымнецца нейкі дурань. Але ззаду пырскнуў дзявочы смех. Славік хутка павярнуўся. Перад ім стаяла Маша. Трымала маленькую пушыстую елачку і ўсміхалася. Чырвоная, як жар, рукавічка гарэла паміж цёмнай зеляніны. Іскрылася інеем хлапчуковая шапка.

— З наступаючым, Славік.

Ён так узрадаваўся, што забыўся нават павіншаваць яе ў адказ. Стаяў, глядзеў і блазнавата ўсміхаўся.

Потым яны ішлі побач. Неслі елкі, вялікую і рэдкую — Славікаву, маленькую і густую — Машыну. Як у лесе. Славік сапраўды ішоў, як у лесе, — нікога вакол не бачыў, нічога не чуў, акрамя яе голасу. Гаварылі пра пустое, дробязнае. Але ён увесь час думаў, што хутка ёй трэба павярнуць… Яна са смехам развітаецца і… пойдзе. А ён зноў застанецца са сваімі пакутамі. Калі яшчэ здарыцца такі выпадак?

Славік спыніўся, глыбока ўдыхнуў марознае паветра, як бы рыхтуючыся нырнуць.

Маша са смяшынкай у вачах глядзела на яго, напэўна, здагадваючыся, пра што ён хоча сказаць. Ён сказаў амаль шэптам:

— Я люблю цябе, Маша. Я вельмі…

І змоўк — спалохаўся, што яна засмяецца. Яна не засмяялася. Наадварот, зрабілася раптам вельмі сур'ёзнай. Ласкава дакранулася вогненнай рукавічкай да адварота яго паліто.

— Выкінь з галавы, Славік. Я выходжу замуж, — і ўздыхнула.

Словы яе — як удар молата, таго, шматтоннага, што ў механічным цэху. Неяк назіраючы за яго работай, Славік падумаў, што было б, каб пад молат трапіў чалавек. Ён «трапіў пад молат»… «Яна выходзіць замуж за Тараса. Але, за яго, безумоўна. За каго ж яшчэ?»

— Ты дзіця, Славік. А я — старая. Мне дваццаць тры. Тарас — цудоўны чалавек.

Усё. Цяпер — усё. Няма Машы, няма брыгады. Нічога няма. Што ж рабіць?

Кінуўшы елку, як непатрэбную рэч, Славік доўга без мэты і без думак, з пустой галавой блукаў па горадзе. Спачатку не бачыў людзей. Пасля іх узбуджаныя і шчаслівыя твары пачалі раздражняць яго. Што іх радуе? Новы год? Елкі? Смешна. Куды б пайсці, дзе б схавацца, каб нічога не бачыць, не чуць звычайных, банальных слоў?

Каля пад'езда рэдакцыі стаяў бацькаў «Масквіч». Славік як бы спатыкнуўся на яго. Доўга стаяў, разглядаў, як дзіва нейкае. Потым з'явілася думка. Вось яно — выйсце! Паехаць — куды вочы глядзяць. За горад! У снежны прастор! Ляцець, каб вецер свістаў! З'ехаць на край свету. Няхай шукаюць!

Бацька яшчэ вясной забараніў яму ездзіць на машыне і адабраў аматарскія правы. Але запасныя ключы Славік усё яшчэ насіў з сабой, на ланцужку ў маленькай кішэні штаноў. Ён насіў іх з восьмага класа, калі навучыўся вадзіць машыну, і дужа любіў пакруціць ключыкамі перад сябрамі, перад дзяўчатамі — усё, маўляў, мы маем і ўсё ўмеем!