Выбрать главу

37

Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.

Яна чакала яго колькі дзён і… баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.

Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусціў адзін з пакункаў. Нешта шкляное разбілася. Зося хутка нахілілася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты міг нахіліўся, і яны стукнуліся галовамі, добра, што шапка яго такая мяккая.

Антон Кузьміч засмяяўся:

— Гэта на шчасце.

Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.

Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:

— Віншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю… Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў… павіншаваць… І маленькі падаруначак прыміце…

Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:

— Што вы! — але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.

— Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.

— Маленькую?!

Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.

Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.

— Ну, прабачце, — сказаў ён. — Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя… Мой першы клопат…

Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам… прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.

Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.

— Што з вамі?

Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.

— Са мной? Нічога. — І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: — Нахіліся, я пацалую цябе, — і паднялася на пальчыках.

Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы — перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?

А яна гэтак жа нечакана і раптоўна — жанчыну ніколі нельга зразумець! — выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.

Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.

38

Яны сядзелі ў кабінеце ў Яраша. Кірыла — у старым скураным крэсле, схіліўшыся, закрыўшы твар рукамі; Валянціна Андрэеўна — на краі жорсткай канапы, на якой аглядалі хворых. Не, яна не сядзела. Яна прысядала на хвілінку, на момант і тут жа падхоплівалася, нецярпліва камечачы мокрую хусцінку, ломячы пальцы рук. Падыходзіла да стала, нервова перастаўляла на ім канцылярскую аўтаручку ў выглядзе касмічнай ракеты. Баязліва дакраналася да чорнай скрынкі танометра. Адны і тыя ж рухі кожны раз. Потым кідалася да прыадчыненых дзвярэй і напружана ўслухоўвалася ў насцярожаную начную цішыню бальніцы. Хоць увогуле цішыні не было. Угары, над імі, хадзілі, гаманілі, ляпалі: хворыя страчалі Новы год.

Кірыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыцці ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасці. Зрэдку адсоўваў далоню і сачыў за жонкай.

Вось яна зноў тройчы пераставіла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозліва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы — і «ракета» разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася.