Выбрать главу

— Я не магу. Я пайду туды.

Кірыла адняў ад твару рукі, папрасіў:

— Не трэба, Валя. Ідзе аперацыя.

— Але, але, — адразу пакорліва згадзілася жанчына, прысела на канапу, заціснула хусцінкай распухшы ад слёз нос.

Нейкі момант было чуваць, як цікаў Кірылаў ручны гадзіннік. А потым зноў гучна затупалі ўгары. Нехта, відаць, скакаў па лесвіцы на мыліцах. Валянціна Андрэеўна прыглушана ўсхліпнула:

— Калі ён памрэ, я таксама не выжыву.

— Ну навошта такія думкі? Усё будзе добра.

— Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымізм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымізм пераходзіць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра — навошта ж ламаць галаву? Хапае другіх праблем…

Яна кінула гэта са злосным дакорам.

Кірыла зноў папрасіў:

— Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца… Цяпер…

Яна разумела і ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такі момант, калі сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такі маўчаць. Чалавек робіцца прымхлівы, калі ведае, што блізкі яго на краі жыцця. Не трэба думаць пра яе — смерць. Але Валянціне Андрэеўне лезлі ў галаву самыя жахлівыя думкі, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасці і тым больш маўчаць. Яна зноў усхапілася. Зноў падышла да стала. Механічна працягнула руку, але ні да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла «ракета»).

— Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ… Пісаць разумныя кнігі, разумныя артыкулы і… не разумець, не ведаць уласных дзяцей… чым яны жывуць…

Жонка за гэтыя колькі гадзін, як прыйшло трагічнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлівай чуллівасцю, то цвяроза-злосна. Кірыла ўрэшце не вытрымаў і першы раз кінуў ёй глуха, нязлосна:

— Вучыць чужых дзяцей…

Валянціна Андрэеўна змоўкла, да нечага прыслухалася. Паўтарыла яго словы, здавалася, неўсвядомлена:

— Вучыць чужых дзяцей… — і, мабыць, асэнсаваўшы, загаварыла з горыччу, з болем: — Але, вучыць чужых… У тым і бяда. Хіба я апраўдваю сябе? Я хачу разабрацца. Чаму… чаму так выходзіць? Чаму ты… мы так мала ведалі… так мала цікавіліся жыццём сына? Справы, праблемы, пошукі, знаходкі… Некалі ты быў проста бацька. Сябраваў з сынам. Ездзілі з ім на рыбалку, хадзілі на лыжах… А потым… ты ўмеў толькі накрычаць на яго і нават ударыць. Як пасля ён мог даверыцца табе, калі ты не верыў яму? А ён такі чуллівы. Ты лічыў яго шалапутам… А ён вось як… Калі ўжо пакахаў… У кішэні ў Славіка знайшлі неадасланае пісьмо Машы. Не, не, не кажы мне, што гэта няшчасны выпадак.

— За ім гналіся.

— Божа мой! Якая недарэчнасць! Бацька падняў на ногі ўсю міліцыю, каб злавіць сына, які…

— Не трэба, Валя…

— А што трэба? Што нам з табой трэба цяпер? Кірыла? Калі С-л-ла-вік…

— Валя!..

Яна змоўкла і нейкі час стаяла ў нерухомасці.

Зноў настала такая цішыня, што чуваць было ціканне ручнога гадзінніка.

Ды раптам цішыню гэтую разарваў рэзкі званок. Званіў тэлефон на стале. Яны абое трохі спалохана глядзелі на белы апарат. Нарэшце Валянціна Андрэеўна схапіла слухаўку.

Званіла Іра. Яе звайшлі на інстытуцкім бале, каб паведаміць пра няшчасце з братам. Пазнала маці, заплакала: што са Славікам?

Кірыла здзівіўся, як разважліва і амаль спакойна адказвала жонка:

— Нічога, Ірачка. Не плач, — і паўтарыла яго словы: — Усё будзе добра. Перакуліўся на машыне. Пералом рукі. Антон Кузьміч аперыруе. Не пускаюць? Дай трубачку вахцёру. — Яна доўга і цярпліва ўгаворвала вартаўніка, каб дазволіў прайсці дачцэ. Але той быў няўмольны, ні просьбы, ні доказы не памагалі. — Пачакай там, Ірок. Антон Кузьміч дазволіць, — супакойвала яна дачку, калі тая зноў узяла слухаўку. — Што? Не думай пра гэта. Я ведаю, што ты любіш яго.

Валянціна Андрэеўна паклала слухаўку і, зусім знясіленая, прысела на канапу.

— Якія жорсткія людзі. Гэты стары — што чурбан. «Не магу», і ўсё.

— Ён выконвае свае абавязкі.

Пасля даволі працяглай паўзы Валянціна Андрэеўна сказала:

— У нас добрыя дзеці, Кірыла. Іра так перажывае, што яны пасварыліся. «Ты ведаеш, кажа, мама, як я люблю яго…»

Валянціна Андрэеўна заплакала, па-дзіцячы ўсхліпваючы.

— Не трэба, Валя. Ты ж сама сказала: усё будзе добра.

— Маўчы, калі ласка! Зноў твой дурны аптымізм!

Яны доўга пасля гэтага сядзелі ў маўчанні. Думалі пра адно. Але, магчыма, па-рознаму. Маці магла задаць тысячу пытанняў сабе, мужу, усяму свету, але ў такім стане ёй было не да пошукаў адказаў на іх, на гэтыя трывожныя пытанні. Ёй уяўляўся Славік маленькім, добрым, ласкавым, чулым, і яна вінаваціла сябе, што так рана палічыла яго дарослым, і думала, як зоймецца дзецьмі ў будучым, калі няшчасце міне сям'ю.