Выбрать главу

Кірыла, наадварот, спрабаваў даць адказы на гэтыя «чаму?», жончыны і свае ўласныя. Ён думаў шырока і самакрытычна, што ў яго, таксама як і ў тых, каго ён выкрывае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блізкага. Валя мае рацыю: здараецца, і, на жаль, нярэдка, што за карыснымі і патрэбнымі справамі, якімі займаешся, за гуманнымі і высакароднымі мэтамі часам хаваюцца звычайнае сябелюбства, эгаізм, індывідуалізм. Відаць, найлепшае жыццёвае правіла: будзь добры да другіх і бязлітасны да сябе. А мы яшчэ часцей бываем лепшымі ў адносінах да сябе, чым да другіх…

Крокі ў калідоры хуткія, лёгкія, але з цяжкім поступам, аж, здалося, дрыжалі сцены і брынчалі шыбы. Яраш!

Шыковічы адразу абодва падхапіліся. Чакалі, як найвышэйшага суддзю, — са страхам і надзеяй.

Антон Кузьміч у дзвярах звыклым рухам рукі ссунуў на падбародак павязку. Выгляд яго, суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну. Яна застыла з нямым пытаннем на твары, у вачах.

— Нічога. Арганізм малады, здаровы. Аперыравалі своечасова. Адужае.

Маці ўзрадаваў яго бадзёры голас, яго лекарская ўпэўненасць, але адначасова непрыемна і ўразіла: лепшы друг сям'і, Яраш гаворыць пра Славіка як пра звычайнага хворага.

— Мяне непакоілі раны на галаве. Але яны дробязь. Рассек, відаць, казырком. А так зламаны ўсяго тры рабрыны…

— Усяго! — жахнулася Валянціна Андрэеўна.

— …Пералом рукі… Шок. Траўматычны. Гэта нам не вельмі падабаецца, але нічога, цяпер мы ўзброены лекавымі ракетамі. Пусцім у ход усе сродкі. — Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла, закінуў нагу на нагу, дастаў з-пад халата гадзіннік, глянуў: — О-о! З Новым годам, сябры мае!

— З Новым… — горка ўсміхнулася Валянціна Андрэеўна.

— Не вешай носа, Валя. Прыйшоў Новы год — прыйдуць новыя радасці. Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год.

— Трэба, — панура згадзіўся Шыковіч. Валянціна Андрэеўна, не будучы ніколі ханжой, аднак, амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына і якога яна ўвогуле богатварыла, — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства!

— Туды можна, Антон Кузьміч?

— Нельга. Зашываюць. Перавязваюць. Навошта маці глядзець на гэта. Хутка яго прывязуць у палату.

— Ты няўмольны.

— Я няўмольны. Папяроска ёсць, Кірыла?

Ведаючы, што Яраш закурвае толькі ў выключных выпадках, Валянціна Андрэеўна раптам зразумела, якой нялёгкай была для яго аперацыя, і ўміг даравала яму і спірт, і абыякава грубы тон.

У калідоры зашоргалі крокі людзей і шыны хірургічнай каляскі. Маці насцярожана прыслухалася, а калі зразумела, што гэта, кінулася да дзвярэй. Людзі ў белым правезлі каляску міма яе. Яна не ўбачыла Славіка — адны бінты. Жахнулася, але не закрычала, не заплакала. Моўчкі, вельмі асцярожна ступаючы, пайшла следам. У дзвярах пасляаперацыйнай палаты яе руку сціснула чыясьці вельмі далікатная, мяккая і халодная рука. Валянціна Андрэеўна павярнула галаву. Знаёмыя залатыя вочы глядзелі на яе з ласкавым спачуваннем, з тым разумным жаночым спачуваннем, якое не паглыбляе болю, не кранае ран, а прыносіць заспакаенне і надзею: побач добрыя людзі, яны адгоняць бяду.

39

Апошняя думка была: «Толькі б не загарэлася. І не заклініла дзверцаў».

Праўда, у міліцэйскай машыне Славік апрытомнеў і хвілін колькі мацюкаў міліцыю. Нават спрабаваў выскачыць з машыны, што моцна ўзлавала добрага начальніка. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Лекар раённай бальніцы беспамылкова ўстанавіла дыягназ і сур'ёзна ўсхвалявалася за жыццё пацыента, хоць міліцыя і сказала ёй, што гэта вядомы злодзей-рэцыдывіст і ўмее хітра прытварацца: паўгадзіны назад крычаў і рваўся з машыны, а цяпер, бачыш, ляжыць быццам нежывы.

Нежывым позіркам ён сустрэў маці, якая прыляцела на санітарным самалёце. Гэта яе вельмі напалохала. Такімі ж вачамі ён глядзеў на Яраша, калі яго прывезлі ў бальніцу, не пазнаваў яго. Але Машу, здаецца, пазнаў: спрабаваў усміхацца ёй і нешта гаварыць…

Маці спалохалася яшчэ больш, калі пасярод дня — першага дня новага года — Славік раптам пачаў трызніць і кідацца на ложку. А Яраш зразумеў: найбольш небяспечнае — шок — пераможана. Толькі ён адзін уяўляў поўную карціну таго, што тварылася ў разбітым целе і ў мазгу хворага. Ён пайшоў адпачываць, здалося Валянціне Андрэеўне, у самы небяспечны момант.