Хлопец гарэў — у машыне. Кідаўся, каб адчыніць дзверцы, іх заклініла. Як жа выбрацца з гэтай палаючай мышалоўкі? Разбіць шкло? Ветравое шкло! Але што з рукой? Ён не можа падняць яе — як бервяно. Няўжо ў яго не хопіць сілы разбіць шкло? ІІаклікаць на дапамогу? Каго? Міліцыю. Не, ён не пакліча нікога! Але полымя бліжэй, яно паліць, гудзіць у вушах.
— Ма-ма!
— Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся.
І раптам цішыня. Няма спякоты, не гудзіць полымя. Снежная бель перад вачамі. Ага, яго выкінула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу і ўстаць на ногі — і бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец.
Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы маці, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лілася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапілі яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да маці, удзячнасці ёй. Гэта яна, маці, ратавала яго. Яна першая з'явілася, калі ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькі здаецца? Можа, яму хочацца, каб маці была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:
— Ма-ма!
Ён, забінтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што маці кажа:
— Дурненькі мой! Хіба можна так?
Не, гэта не трызненне. Маці сапраўды каля яго. Славік адразу ўсё прыгадвае, нават санітарны самалёт, Яраша і Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. І вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалічнасці напаўняе яго такой радасцю, што, каб былі сілы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальніцу, на ўвесь свет.
Валянціна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальніцы ў першы, святочны, дзень новага года і не толькі памагала дзяжурнаму лекару і сёстрам, але бадай што кіравала імі, трымаючы сувязь з Ярашам. Ніхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылі пра ўсё на свеце. І Маша ўсё расказала ёй. «Чаму ім так не пашанцавала ў каханні, маім дзецям?» — з горыччу думала маці.
Кожная маці ў любых абставінах думае пра будучае сваіх дзяцей, верыць у іх шчасце. Валянціна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую «залатую дзяўчыну» сваёй дачкой.
На другую ноч Маша прымусіла знясіленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабінеце. Сама засталася ў палаце. Славік застагнаў ад болю і прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзін сіні начнічок) — затрывожыўся са сну. Маша запаліла настольную лямпу, схілілася над ім. Ён здзівіўся і ўзрадаваўся.
— Даць піць?
Прагна піў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамі, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразіла пальцам:
— Не варушыся, будзе балець.
Балела прыступамі, часам нясцерпна моцна, галава і рука. Боль знімалі сёстры ўколамі. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сілы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела заліў непрыемны ліпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славік вачамі паклікаў, каб Маша наблізілася.
Спытаў:
— Ты выйшла эамуж?
— Не.
— Не ідзі ад мяне.
— Я не пайду. Спі.
Другога студзеня, пасля работы, прыйшлі хлопцы — уся брыгада. Іх не пусцілі. Маша выйшла да іх у вестыбюль. І ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалі сустрэла са Славікам у кіно. Нічога дзіўнага — разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула і адышла ўбок? Хлопцы сустрэлі Машу прыветліва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:
— Добра ўсюды мець сваіх людзей.
— Як там наш аўтааматар?
Яны не ведалі таго, што ведала яна.
— Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нічога не было. Абавязкова перадай.
А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.
— Вы хацелі выгнаць яго з брыгады? Завошта?
Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую віну. Увогуле ён быў маўклівы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другі, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля — сябе. Адчула смутак, нібы ёй трэба было развітацца з нечым вельмі дарагім і паехаць у невядомае.
40
Яраш і Маша разам выйшлі з бальніцы. Скончыўся рабочы дзень, даволі напружаны — былі аперацыі, якія заўсёды стамлялі. Славік адчуваў сябе добра, нават маці нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам і санітаркам.
Да аўтобуснай супынкі ішлі моўчкі. Свяціла марознае сонца, якое, здавалася, прамяніла не цяпло, а холад. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў.
Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабілася весела. Яна сказала: