— Сёння я буду страчаць Новы год. Ох і пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзінку, дык яна нейкая кіслая была. Засумавала.
Антон Кузьміч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год і нічога не адказаў. Ён абяцаў раніцай Віцю і Наташы пайсці з імі на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад ці варта ў такі мароз выводзіць дзяцей у поле. Маці, напэўна, будзе супраць.
У апошнія дні нечакана Галіна Адамаўна прыкметна змянілася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знікала напружанасць. Праўда, жонка ішла на прымірэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымі сродкамі прымірыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нічым не паспяшаў падзей, але нічым і не запавольваў іх. Няхай усё ідзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у іх гадах: менш гарачых прызнанняў у любві — менш будзе трагедый, рэўнасці і сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькі энергіі і нерваў прыходзіцца траціць на глупства? Калі гэта людзі стануць такімі, каб разумелі адзін аднаго ва ўсім, — у палітыцы, навуцы, мастацтве, у сям'і, побыце? А можа, і не трэба такое ідэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей — закон жыцця і руху. Любоў і нянавісць, любоў і рэўнасць, цяпло і холад…
Многа і другіх думак роілася ў галаве, пакуль Антон Кузьміч, ужо адзін, ішоў ад аўтобуса да свайго дома па ціхай вуліцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зімы.
Жонка сустрэла з большай прыветлівасцю, чым праводзіла раніцай.
— Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.
Яшчэ адзін крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клініцы і дома, над дысертацыяй, — самае дарагое. Трэба і яму зрабіць нейкі крок насустрач.
Ён распрануўся і, памыўшы ў ваннай рукі, заглянуў на кухню, весела і смешна пацягнуў носам паветра.
— Адгадаць?
Гэта яго даўні жартаўлівы занятак — па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчасліва засмяялася:
— Не адгадаеш.
І раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калідор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.
Пачуўся яго ўстрывожаны голас:
— Што здарылася? Што з ёй? Кіньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.
Галіна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухні. Муж спешліва апрануў паліто. Яна спытала асцярожна:
— У аддзяленні што-небудзь?
— Не. Званіла Маша. Просіць зараз жа прыехаць. Відаць, нешта з Савіч. — Ён зашпільваў гузікі, рукі яго дрыжалі.
«Як ён хвалюецца», — пабляднела Галіна і памкнулася да яго.
— Можна, я з табой?
— Навошта? — спытаў ён з суровым здзіўленнем. Яна адступіла, сцялася, быццам Антон Кузьміч замахнуўся на яе.
Дзверы за ім са стукам зачыніліся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.
Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзіну, якая, аднак, з'явілася бадай што самай пакутлівай у яе жыцці.
Галіна пачула яго цяжкія крокі на лесвіцы. Вельмі цяжкія. Так ён ідзе, калі бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калідоры, быццам і не саступала з месца. Ён не пазваніў. Ён адчыняў дзверы сваім ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчыліну. Яна не кінулася, каб адчыніць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.
Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку і пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палічку вешалкі. Паволі расшпіліў гузікі, раскручваў чырвоны шалік. І ўсё гэта моўчкі. Галіна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савіч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клініку, уладзіў, памог… Каб памерла, не так ён паводзіў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзіўна, сапраўды зморана заспакоены.
Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямі па твары, прыгладзіў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы міма, ударыў пальцам па клавішы піяніна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галіна стаіць на парозе і глядзіць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, і адразу стаў звычайным, толькі ўсміхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбіў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосці, без эфектаў:
— Ты можаш радавацца. Твая дурная рэўнаць выгнала чалавека ў свет… Хворага. Пасля такой аперацыі!..
— Каго?
— Каго! Соф'ю Савіч.
— Я выгнала?! Куды?
— Каб я ведаў куды. У тым і бяда, што не ведае ні Маша, ніхто… Пакуль мы ратавалі маладога Шыковіча, яна з'ехала. Куды? У яе нікога няма з блізкіх. На дварэ — вунь якая лютая зіма…
«Проста так, без прычыны, не знікаюць», — хацела была жорстка кінуць Галіна Адамаўна, бо ў яе ўзнікла падазронасць: ці не хітрасць гэта? Але яна стрымалася. Занадта ўжо незвычайным — ніколі такім не быў! — здаваўся муж. Спытала прыцішаным голасам, мякка, асцярожна: