Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзісу:
— У Гаецкай у кабінеце халадзільнік. А шторы? Бачыце якія? Побач з такім аддзяленнем!
Майзіс падняў галаву, і з яго акуляраў выскачылі асляпляльныя зайчыкі. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
— У нас яе завуць «царыца Тамара».
— Бо вы бяззубыя тут, як малюскі. Прапясочылі б гэтую «царыцу» на партыйным сходзе.
— Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
— Не падхалімнічайце, Майзіс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла іх у калідоры і адразу разгубілася — пачырванела, пачала заікацца, называла Яраша «прафесарам». Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам — яе пачцівасць, выгляд аддзялення, успамін пра Тамару — можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусціў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабіць), каб менш бачыць і чуць.
Яны ўвайшлі ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, паміж імі было цесна праходзіць. Як ні хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкі, сцены, пацямнелыя ад старасці залатаныя навалачкі, прасціны, ручнікі, абшарпаныя тумбачкі і хворых — хто як глядзіць на яго: з цікавасцю, абыякава ці хоча папрасіць: «Доктар, паглядзіце і мяне».
— Вось наша хворая, — сказала лекарка, спыніўшыся каля ложка ў кутку, і, спахапіўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такіх ён бачыў сотні. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай — пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крылляў носа. А шчокі заружавелі. Хвалюецца. І вочы… Якія вочы! І як яны глядзяць! Чаго толькі не бачыў за сваё жыццё і лекарскую практыку Яраш, але такія вось вочы яго заўсёды выводзілі з раўнавагі. Яны прасілі, малілі, выказвалі надзею, страх — усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, які прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасці такіх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасці, відаць. У гэтай вунь таксама якія цудоўныя — светла-залацістая пышная карона. Каб не сустракацца позіркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялікія, адбеленыя спіртамі і эфірамі пальцы і слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесійная звычка: чуць і фіксаваць у памяці толькі тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё іншае, у тым ліку прозвішча і імя, ён выясняў пасля, калі сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цікавасцю і жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзівоснага агню і малення, падумаў:
«Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей… Сэрцы ранены». Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявіў канкрэтнае маленькае сэрца, у якім развіўся парок. Лекар расказвала, у якім стане хворая паступіла ў бальніцу:
— Ацёчнасць ніжніх канечнасцей… Рэзка павялічана пячонка…
— Калі паступіла? — спытаў Яраш.
— Два тыдні назад. — Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынілі.
— Гаварыце, гаварыце. — І зноў збоку здавалася, што кансультанта цікавяць толькі ўласныя рукі.
— Быў праведзены курс лячэння…
І раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацінскімі словамі, уварваўся шэпт:
— Кузьма…
Яраш нават спачатку не звярнуў увагі.
— Антон Кузьміч, — гучна паправіў Майзіс, які стаяў за спіной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсміхнулася вінавата і зноў нясмела прашаптала ўжо другое імя:
— Віктар…
Яраш адчуў, што праз рукі яго быццам прапусцілі электрычны ток, закалола ў кончыкі пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клічкі.
У яго былі надзвычай чуткія пальцы, паталагічна чуткія, нават уласныя эмоцыі ён перш за ўсё адчуваў пальцамі. Вось так заколе — значыцца, злосць, радасць, здзіўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хіба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькі прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.