Выбрать главу

— Раніцай пытаю: «Прызнайся, Кірыла, каго на сёння запрасіў?» — «Нікога», — кажа. А па вачах бачу, што маніць. Уцяку на луг на цэлы дзень. Няхай сам частуе… Што з табой, Галя? Ты нездарова?

— Не. Нічога. — Галіна Адамаўна бадзёра падхапілася і засмяялася, але смех гэты гучаў дзіўна.

Яраш адарваўся ад галубоў, глянуў уніз на жонку.

— Галка! Што здарылася?

— Нічога. Вунь хто падбіраецца да вашых галубоў, — яна паказала ў неба над лугам.

Там, у вышыні, павольна кружыў коршак.

— Віця! Пакараць агрэсара. Збіць, як Паўэрса.

Бацька і сын з аднолькавым спрытам саскочылі ўніз. Віктар на міг заглянуў у пакой і выбег адтуль са стрэльбай. Хлопцу толькі нядаўна дазволілі карыстацца ёй, і ён рады быў кожнаму выпадку, каб паказаць свой паляўнічы талент. Пераламаўшы доўгае цела, траха не датыкаючыся носам да зямлі, ён смешна сігаў да раўчака, збіраючыся па зарасніку дабрацца непрыкметна да таго месца, над якім кружыў коршак. Галіна Адамаўна крыкнула:

— Віця, асцярожна! Там недзе Іра…

Яраш глядзеў услед сыну і бязгучна смяяўся. Смяялася яго цела, перапоўненае здароўем і бадзёрасцю.

Галубы ўпалі ўніз. Ці то яны адчулі небяспеку, ці, можа, убачылі, што гаспадары нарэшце пакінулі свой пост і нішто не перашкаджае заляцець у галубятню. Але яны не заляцелі адразу на гарышча, а ўсёй чарадой, шумна захлопаўшы крыламі, уселіся на парэнчы балкона, што быў зроблены над верандай з другога боку гэтага доўгага дома.

З акна паддашка высунулася лабастая галава з лысінамі-затокамі, што глыбока ўрэзаліся ў доўгія, крыху кучаравыя і моцна ўскудлачаныя белыя валасы.

— Што ў вас за гармідар такі? — хмура спытаў Шыковіч, бліснуўшы залатым зубам. — Не даяце чалавеку папрацаваць спакойна.

— Ты, Кірыла, як Наташка, — засмяялася Валянціна Андрэеўна. — Усю раніцу я хадзіла на пальчыках. Не можам жа мы хадзіць так цэлы дзень.

— Сёння нядзеля, Кірыла Васільевіч. Трэба адпачываць, — сказала Галіна Адамаўна.

Яраш хітра сажмурыўся:

— Нешта ў цябе вочы заспаныя. Няўжо ад працы?

Галава Шыковіча схавалася. Яраш і жанчыны засмяяліся. Але праз момант Шыковіч з'явіўся на балконе ў зялёна-карычневай паласатай піжаме. Пужнуў галубоў:

— Кыш, чэрці! Ужо напэцкалі, — і да Яраша: — Я табе дам — «вочы заспаныя». Эскулап ты беспардонны! Гэта ж не твая работа! Выразаў сляпую кішку, і больш ніякага клопату, ідзі ганяй галубоў.

— Няшчаснае чалавецтва! Як яно збяднее, калі не пачытае твайго артыкула. Ці, можа, свет перавернецца дагары нагамі?

— Цяпер яны доўга будуць шпіляць адзін аднаго. Хадзем купацца, Галя.

— Наташка, купацца хочаш?

Дзяўчынка выглянула з акна, крыкнула:

— Чаго хачу — таго хачу! Тут жаданні нашы, мамачка, заўсёды супадаюць. — Яна выскачыла праз тое ж адчыненае акно з ручніком і кнігай у руках.

У кустах бухнуў стрэл.

Коршак спакойна праплыў над сядзібай. Усе правялі яго вачамі. Яраш пашкадаваў:

— Прамазаў Віктар.

— Насыпце яму солі на хвост, — хмыкнуў Шыковіч з вышыні.

— Я цябе, малавера пузатага, зараз скіну з тваёй галубятні!

Адыходзячы, жанчыны пачулі, як пад цяжкімі крокамі Яраша застагналі новыя ўсходцы, што вялі на гарышча, дзе Шыковіч абсталяваў сабе кабінет. Потым, азірнуўшыся, яны ўбачылі, што кароткі Шыковіч дрыгае ў паветры нагамі, падняты дужым Ярашам.

— Пусці, чорт! Косці паломіш. Во лапы! Клешчы! Табе не хірургам трэба быць, а кавалём. Першы раз у жыцці бачу такога лекара… Адчапіся!