Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.
— Дзе вы былі ўвесь гэты час?
— Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.
— І не ведалі пра мяне?
— Ведала. Бачыла колькі разоў.
— Бачылі? І не маглі прыйсці?
— Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі кравецкай на Выселках.
— Ды якое мае значэнне, кім вы працавалі! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзяліць людзей на маленькіх і вялікіх.
— Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савіча. — Вочы Зосі напоўніліся слязамі.
— Ну, не трэба! Калі ласка! Ніякіх хваляванняў і ніякіх расказаў! Аб усім пагаворым пасля. — Ён падняўся, каб пайсці.
Яна папрасіла нясмела, сарамліва:
— Пасядзіце яшчэ трошкі, Антон Кузьміч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?
— Хлопчык! Хлопчык гэты ў арміі адслужыў. На заводзе робіць…
— Я шукала яго. — Яна як бы вінавата прасіла прабачэння за тое, што не здолела знайсці дзіця.
— Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ніякімі ўспамінамі.
Сёстры і санітаркі хадзілі на пальчыках і гаварылі шэптам. У іх былі спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусіў сябе маўчаць. Што б яны падумалі, каб ён, звычайна ветлівы і далікатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на іх?
Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы і папрасіць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.
Таксі звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымі і ў той жа час фантастычна прыгожымі. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лісцем. Быццам на міг з'яўляюцца на свет з дагістарычнай цемры і зноў знікаюць назаўсёды. Цені бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгія і вузкія — блізка і шырокія — удалі. А з бакоў — чарната. А ўгары — цемра: зноў не відаць зорак.
Яраш надзвычай любіў начную язду па лесе. Часта прасіў Шыковіча паездзіць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: «Які ты, да д'ябла, пісьменнік, калі не адчуваеш такой прыгажосці? Ты паглядзі на гэтыя сосны! Які ў іх колер? А цені? З чым ты параўнаеш іх? Паспрабуй напісаць гэта рэалістычным пэндзлем. Памрэш — не напішаш. Тут, брат, трэба нейкі асобы, умоўны прыём».
«Хірург-абстракцыяніст! — хмыкаў Шыковіч. — Навіна! Дзіва дзіўнае!»
Шафёр таксі, напэўна, хацеў у знак удзячнасці давезці свайго пасажыра як мага хутчэй і імчаў па карэннях і ямах, не шкадуючы машыны.
Яраш папрасіў:
— Цішэй, калі ласка. Можна?
— Можна! — Шафёр адразу збавіў хуткасць. — Я думаў, вы спяшаецеся.
— Не. Я люблю паглядзець на лес.
— О, лясок тут добры! Каб такіх сосен на дом.
— Што было ў вашага сына?
— Пералом пазваночніка. На будаўніцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.
— А-а, помню.
Шафёра ўзрадавала, што доктар помніў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, відаць, нялёгка давалася, бо калі прарваўся, то пачаў паспешліва і мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.
Яраш слухаў і не чуў. Глядзеў на лес і думаў. Як у святле фар выплывалі з цемры дрэвы, так і з ночы памяці выплывалі эпізоды жыцця, далёкія і блізкія, з падполля і з сённяшняга дня.
Да дачы ён не даехаў. Спыніўся каля канторы лясніцтва, сілком усунуў таксісту грошы і пайшоў пехатой.
Свяцілася толькі адно акно — на паддашку ў Шыковіча.
«Трэба адвучыць яго ад начной працы, — падумаў Антон Кузьміч пра сябра і тут жа пра жонку з пяшчотай: — Спіць Галка. Тут добра спіцца».
Шкада было будзіць яе. Калі пад нагамі піснулі ўсходцы ганка, ён пагразіў ім пальцам: «Цыц!» Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цішыню.
Не паднімалася рука, каб ціхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбіну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна націснуць на ручку — і дзверы лёгка адчыніліся. Белая, як прывід, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і ўміг мабілізаваў свой спакой і вытрымку.
— Што, баішся заходзіць? Сорамна? — не сказала, а прашыпела Галіна і тут жа сарвалася: — Не заходзь у дом, дзе спяць дзеці! Бессаромныя твае вочы!
— Галка! — Ён зрабіў крок, ён прасіў, маліў яе ласкавым іменем, каб яна не рабіла шуму: побач людзі, дзеці.
— Не падыходзь! Не датыкайся да мяне! Брудны тып!
— Галя! Выслухай! — не папрасіў, патрабаваў Антон.
— Што мне слухаць? Мне ўсё сказаў чалавек. «Ён заняты на кансультацыі…» Да дванаццаці ночы! Не першы раз ты «кансультуеш» яе… да позняй ночы! Крывасмок! Колькі ты выпіў маёй крыві! Не падыходзь!