Выбрать главу

Але сама кінулася да яго і пачала ярасна калаціць маленькімі кулачкамі ў магутныя грудзі.

— Паразіт! Я ненавіджу цябе! Не дакранайся да мяне! Усё! Усё, усё!.. Заўтра, заўтра!.. Зараз жа, зараз!.. Забіраю дзяцей… І ўсё. Жыві са сваёй шлюхай! Але я не дам вам жыцця. Не дам! Не чакай. Не!

— Галя! — Ён адступіў на крок і паспрабаваў засланіцца ад яе ўдараў партфелем, які ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Але яна выхапіла партфель і моцна стукнула ім па галаве, па твары. Гэта яго ўзарвала. Так жонка не паводзіла сябе ўжо колькі год. Узмахам рукі Антон выбіў у яе партфель, а самую схапіў у абдымкі, лёгка падняў, заціснуўшы рукі, каб не драпалася. А каб не крычала, моцна, да болю, прыпаў вуснамі да яе вуснаў. Яна білася, трапяталася, як рыба, дрыгала ў паветры нагамі, намагаючыся вырвацца. Але дарэмна. Ён насіў яе па прасторнай верандзе, быццам закалыхваў, як малую, і праз сціснутыя вусны шаптаў:

— Дурная. Дурная. Дурная…

І яна сціхла. Быццам самлела. Нерухомая, зрабілася цяжкай. Ён адняў вусны — яна не закрычала, нават не папрасіла: «Пусці». Ён ведаў з мінулага, што найпрасцейшы і хутчэйшы сродак памірыцца — гэта паказаць ёй, што нідзе ён не растраціў сваю сілу. Магчыма, Галіна чакала гэтага. Яму стала агідна, балюча і крыўдна. Прыгадалася, з якой прычыны ён затрымаўся, з якімі пачуццямі ехаў дадому. І раптам — такая сустрэча. Антон груба, як мяшок, кінуў жонку на шырокую тахту (яны спалі тут жа, на верандзе). Душыў гальштук. Ён сарваў гальштук і шыбануў цераз стол, у кут. Туды ж паляцеў пінжак і капялюш. У змроку яснай ночы Галіна бачыла гэтыя рэзкія рухі і, адчуўшы навальніцу, маўчала. Яна тонка ўмела адчуваць настрой мужа. Агонь рэўнасці, які яна распаліла, уяўляючы, як мужа, яе мужа, абдымае, цалуе гэтая распуслівая Тамара, — гэты агонь патухаў. Яна амаль гатова была папрасіць прабачэння. Але Антонавы мяккасць і адыходлівасць прывучылі яе да таго, што яна ніколі не рабіла першага кроку да прымірэння. Акрамя таго, вельмі свежымі яшчэ былі пакуты, якія яна перажыла за тры гадзіны — з таго часу, калі Кірыла прыехаў адзін і сказаў, што Антон затрымаўся на нейкай неадкладнай кансультацыі ў трэцяй клініцы. Колькі яна патраціла сілы, каб ні словам, ні рухам не выдаць сябе перад Шыковічамі. Як на злосць, Валянціна Андрэеўна не адступала ад яе ўвесь вечар, расказвала розныя вясёлыя здарэнні. Можа, знарок. Думка, што нехта чужы, збоку, бачыў і здагадваўся, што рабілася ў яе сэрцы, была самай цяжкай. Ужо за адно гэта сваё ўніжэнне яна мае права не дараваць Антону ці, ва ўсякім разе, не ісці першай на прымірэнне. Ён гучна пракаўтнуў горкі і салёны камяк і амаль застагнаў:

— Божа мой!

Галіне стала шкада яго: такі дужы, вялікі, мужны, ён застагнаў. Хваля пяшчоты заліла яе добрае сэрца. Каб ён наблізіўся да тахты, яна прыцягнула б яго да сябе, прыласкала. Але ён хадзіў па верандзе, спатыкнуўся на партфель, злосна піхнуў яго нагой. Пад яго цяжкімі крокамі новыя маснічыны не скрыпелі, а гудзелі. У рамах брынчалі шыбы. Можна было б сказаць яму: «Не хадзі. Пабудзіш дзяцей» — і гэта, напэўна, стала б крокам да прымірэння. Але, акрамя ўсяго іншага, яе распірала дурная жаночая цікаўнасць: што скажа ён у апраўданне? Ён нічога не сказаў яшчэ.

Ён паўтарыў:

— Божа мой! — і, памаўчаўшы, пачаў кідаць словы, як каменні: — Якое дзікунства! Уявіць цяжка… Пражыць з чалавекам шаснаццаць год, выгадаваць дзяцей… І не верыць яму ні на крупінку, ні на залатнік. Бясконца лічыць падлюгам, здольным на любую агіднасць. Бясконца падазраваць… Раўнаваць чорт ведае да каго… Зразумей, ты не дурная жанчына. Урэшце, у такой атмасферы нельга жыць. Нельга дыхаць. Чорт вазьмі!

Словы гэтыя абражалі Галіну Адамаўну. Абражалі сваёй праўдай. Але, так жыць нельга! Ды і не жывуць яны так, яны жывуць хораша і шчыра. А ад гэтых прыступаў рэўнасці яна сама пакутуе ў сто разоў горш. Ён павінен быў зразумець гэта і рабіць так, каб не было ніякіх прычын. Ён павінен шкадаваць яе. А ён вось як лічыць — што яна атручвае яму жыццё, што яна пачвара нейкая.

Галіна заплакала горка, надрыўна.

— Вядома, я дурная… Дзікунка. Не даю табе жыць. Ты вялікі вучоны. А я? Кухарка твая, служанка… Нянька тваіх дзяцей. За імі, за тваёй шырокай спіной ды за гнілымі зубамі пацыентаў я нічога не бачу. Я свету не бачу…

Чым больш яна гаварыла, тым больш пераконвала сябе, што яна вялікая пакутніца, і, заходзячыся ад жалю, курчылася ад рыданняў.

«Ды няпраўда гэта! Хлусіш ты! — хацелася крыкнуць Ярашу. — Хіба ты жывеш горш за іншых? Хіба я не стараюся зрабіць тваё жыццё прыгожым і поўным? Ты сама выдумляеш сабе пакуты». Але ён умеў стрымлівацца. Ён добра ведаў жонку, яе хваробу, у якой, магчыма, больш за ўсё вінавата тая, да каго яна раўнуе. Ён пераключыў сваю злосць на Тамару. Падумаў: як правучыць гэту разбэшчаную бабу? Спыніўся каля тахты. Плечы Галіны сутаргава ўздрыгвалі. І ў яго дрогнула сэрца — стала шкада жонкі. Сапраўды, шмат у чым яна няшчасная. Але хіба ёсць у гэтым яго віна? Можа, не так горача ўжо кахаў ён яе, але кахаў, разважліва, спакойна, разумна, шанаваў, асцерагаў ад жыццёвых нягод, дамагаўся, каб была дружба і вера. Чаму ж яна не верыць яму, найбліжэйшаму чалавеку? Хіба не крыўдна гэта?