Выбрать главу

Ён прысеў на тахту, асцярожна дакрануўся да яе пляча, гарачага і праз шоўк сарочкі.

— Галя!

Яна ўсхліпнула гучней.

— Добра. Я бяру свае словы назад. Даруй. Але будзь жа і ты аб'ектыўнай. Мы ж культурныя людзі. І нам не па дваццаць год, каб сустракаць адно аднаго кулакамі… Ды і ў дваццаць… Ты прыніжаеш у першую чаргу самую сябе, сваю чалавечую годнасць. Няўжо нельга было спытаць спакойна: дзе ты затрымаўся? І я адказаў бы табе. Я адказаў бы, — ён падняўся і ўсхвалявана прайшоў па верандзе, — што ў мяне незвычайны дзень… Я сустрэў чалавека, які ратаваў мяне ад смерці і якога я лічыў мёртвым. Помніш, я расказваў табе? Дачка доктара Савіча. Ты не ўяўляеш…

Муж расказваў у першыя гады сумеснага жыцця мноства розных гісторый са сваёй дзейнасці падпольшчыка. Галіна нават употай сумнявалася ў верагоднасці некаторых з іх. І большасць гэтых гісторый яна ўжо забылася, бо ў апошнія гады Антон рэдка ўспамінаў сваё падполле. Тым больш яна забыла прозвішчы людзей, пра якіх ён расказваў, якія былі яго таварышамі па барацьбе ці ворагамі. Але незнаёмую ёй Зосю Савіч яна помніла. Помніла, як тая ратавала Антона. І вось гэтая жанчына, пра якую ён успамінаў асабліва цёпла, з'явілася. Адкуль? Сустрэліся яны выпадкова ці яна шукала Яраша? Галіна Адамаўна забылася на сваю крыўду, на рэўнасць да Тамары. Іншае насцярожыла яе. Павярнулася на бок, тварам да мужа. Ён зразумеў гэта так, што жонка зацікавілася, яшчэ больш палагаднеў і пачаў расказваць падрабязна:

— Майзіс папрасіў мяне пракансультаваць хворую. Мітральны стэноз. Сама хворая прасіла. Я прыйшоў у палату… І раптам хворая шэпча: «Віктар». Маю падпольную клічку. Уяўляеш? Не, ты падумай толькі. Васемнаццаць год я лічыў чалавека мёртвым. І вось… Яна не ўсё расказала мне… Але я здагадваюся, што яна перажыла. Чатыры гады, як яна ў нашым горадзе… і пазбягала сустракацца. Дачка доктара Савіча. Гэтым сказана шмат што. Але чаму дачка павінна адказваць за бацьку, калі нават той і сапраўды быў ворагам? Я перавёў яе ў нашу клініку. Гэта заняло час. Яна чула пра мае аперацыі і просіць аперыраваць яе. Буду аперыраваць! Здаецца, супрацьпаказанняў няма. Трэццяя стадыя па Бакулеву.

Галіна з палёгкай уздыхнула.

У яе была дзіўная рыса, выпрацаваная ўласнымі адчуваннямі лекара. Ніколі яна не раўнавала мужа да яго пацыентак. Многія з тых, каго ён лячыў, аперыраваў, запрашалі яго пасля ў госці, і яна смела адпускала яго аднаго. Пацыенткі ў яе вачах пераставалі быць жанчынамі небяспечнымі. А таму мужава паведамленне аб тым, што Савіч цяжкахворая і ён будзе яе аперыраваць, адразу супакоіла Галіну Адамаўну. Яна нават страціла цікавасць да падзеі, якая яўна ўсхвалявала Антона. Цяпер яна адчула сваю віну перад ім, і ёй хацелася хутчэй загладзіць яе. Яна ціха паклікала, перапыніўшы яго расказ:

— Хадзі сюды, Антон.

Ён змоўк, пастаяў звіліну каля стала, як бы раздумваючы — ісці ці не ісці. Наблізіўся нерашуча.

Яна пацягнула яго за руку, пасадзіла на тахту, прыпала да рукі вуснамі.

— Даруй мне, Антоша. Я дурная. Слабая і дурная жанчына.

Яго заўсёды кранала, калі Галіна вось так прасіла прабачэння, ён губляўся, як юнак перад чужой жанчынай, і не ведаў, што адказваць.

— Нічога, нічога. Добра. Я не злуюся. Чаго не бывае ў жыцці. Я ведаю тваю недарэчную рэўнасць.

— Ты слаўны, разумны. Я люблю цябе.

— І я люблю цябе. — Ён пацалаваў яе мокрую, салёную шчаку, вочы, вусны.

Яна абвіла яго шыю гарачымі рукамі і ап'яніла знаёмай цеплынёй, пахам рэчкі, водарам лугу.

— Чакай, я раздзенуся.

Антон уміг скінуў свой лёгкі касцюм і, кладучыся, пацалаваў жончыны калені. У Галіны прыгожыя ногі, і ён любіў іх цалаваць…

Пасля такой нервовай успышкі, прымірэння і блізасці Галіна засынала адразу і спала моцна.

Яраш у тую ноч не мог заснуць. Перад вачамі стаяла Зося. Якія толькі думкі, уяўленні не лезлі ў галаву.

Урэшце ён не вытрымаў: ціха падняўся і, захапіўшы касцюм, выйшаў на двор.

Ноч стаяла ціхая, бязросная і духмяная. Адспявалі ўжо салаўі. Не прачнуліся яшчэ раннія птушкі. Было гадзіны дзве. Лес навокал здаваўся высачэзнай крапасной сцяной, якая абкружала гэты маленькі свет з адзіным домам, у верхнім акне якога гарэла святло. З гэтай крэпасці вялі ў прастор толькі адны вароты на луг: прасвет паміж дубамі і вольхамі, што раслі ўздоўж ручая. Але сёння і гэтыя вароты былі зачынены: над лугам неба цёмнае, яно злілося з зямлёй, кустамі і дрэвамі. Адзінокія цьмяныя зоркі віселі над лесам, як далёкія сігнальныя ліхтары вялікага свету.