Выбрать главу

За старыцай «драў дранку» дзяркач. Жалобна крыкнула нейкая птушка, можа, трапіла ў зубы драпежніку. Недзе далёка закугакала сава. Ярашу яе крык здаўся плачам дзіцяці, якое заблудзілася ў начным лесе. Ён таксама адчуў адзіноту і смутак. Захацелася да святла, да людзей — у вялікі свет. Прымірэнне з жонкай раней заўсёды прыносіла радасць і заспакаенне. Ад сённяшняга прымірэння застаўся на душы непрыемны асадак. Яна робіць трагедыю з таго, што ён затрымаўся на нейкія дзве-тры гадзіны. Смешна!.. Калі жыве яшчэ ў памяці вялікая трагедыя вайны… Калі трагічны лёс асобных людзей, што пачаўся тады, прадаўжаецца сёння… Праз два-тры тыдні ён ускрые грудную клетку, дабярэцца да сэрца жанчыны, спакутаванай і мужнай. Па-сапраўднаму мужнай. Хто ведае, чым скончыцца гэтая аперацыя…

Яраш адышоў на колькі крокаў ад дома і ўбачыў у акне схіленую галаву Шыковіча. Кірыла пісаў.

Яраш падняў гнілушку, што свяцілася пад нагамі, і кінуў у акно.

Шыковіч высунуўся і пагразіў кулаком, прашыпеў:

— Вар'ят. Спалохаў.

— Хадзем пагуляем.

— Доктар! Ты гуляеш у дзве гадзіны? Прагрэс! Іду. Да д'ябла фельетон! — уміг спусціўшыся з «куратніка», як ён называў мансарду, на зямлю, Кірыла гаварыў пра сваю працу: — Які я фельетаніст! Я лірык. Мне заўсёды не па сабе, калі я раблю чалавеку непрыемнасць, калі нават я і ўпэўнены, што чалавек гэты дрэнь. Адзін стары дурань кінуў старую жонку і сышоўся з маладой. Я гаварыў са старой. Крыклівая, грубая баба. Але і маладая — дрэнь… Чакай. А ты не будзеш чытаць мне мараль, што карысна рана лажыцца і рана ўставаць? Не есці мяса і не піць гарэлкі?

— Не бойся. Ты прасіў мяне падрабязна расказаць табе пра падполле. Маю жаданне расказаць сёе-тое.

— Во-о! Гэта размова! Але што гэта цябе прарвала? То двух слоў не выцягнеш, то раптам сярод ночы…

— Толькі не перапыняй сваімі дурацкімі рэплікамі.

— Усё. Маўчу як рыба.

Расказ Антона Яраша

Павел пазваніў па тэлефоне. Гэта было ў суботу, у канцы жніўня. Ці, можа, у пачатку верасня. Добра помню адно: мы толькі што прачыталі ў газеце, што нямецкія войскі ўварваліся ў Сталінград. Праўда, нават хлуслівы нацыяналістычны лісток не паведамляў наперад, як рабіў часта, што горад заняты «непераможнай арміяй фюрэра». Пісалі, што ідуць жорсткія баі. Але колькі гарадоў было занята перад гэтым! Помню, добра помню, што боль… той невыказны і неапісаны боль, які адчувалі мы, калі здаваўся наш горад, быў самы моцны. Як ні за адзін горад. Ці таму, што гэта горад з такой гісторыяй. Ці таму, што вораг на Волзе!.. Волга! Маленькія стратэгі, мы ўсе ўскладвалі тады вялікія надзеі на шырокія водныя рубяжы. Боль гэты выліўся ў злосць. Не ведаю, што адчувалі другія. У пажарную падбіраліся людзі надзейныя ў адносінах да «новага парадку», амаль гэтак жа, як у паліцыю: усялякі зброд, крымінальнікі. Але помню, што «калегі мае» таксама ў той дзень былі чамусьці злосныя. Мы сварыліся. Мацюкаліся так, што чырванелі сцены. Ні раней, ні пазней за ўсё сваё жыццё я нідзе не чуў, каб людзі так мацюкаліся. Я не адставаў ад іншых. І мне нават цяпер агідна ўспамінаць тую сваю фальклорную красамоўнасць. З-за частых пажараў паламаўся графік дзяжурства, і мы добрых гадзіны дзве высвятлялі, чыя ж чарга: хто недапрацаваў, а хто перапрацаваў у мінулы тыдзень. Чамусьці ў тую ноч ніхто не хацеў дзяжурыць. Начальнік наш — брандмайстар Хіндэль, «свой немец» (ён і да вайны працаваў у нашай пажарнай) — затыкаў далонямі вушы і прасіў стомлена, жаласліва:

«Маен гот! Маен го-от! Няма на вас Бога. Пасаромеліся б маіх сівых валасоў». І раптам зрываўся і сам пачынаў крычаць і мацюкацца: «Сціхніце вы, дзіравыя шлангі! Мяшкі з пяском! Абгарэлыя панчохі! Каб на вас…»

Ён быў мяккі, слабахарактарны чалавек, і яго ніхто не баяўся. Баяліся «сапраўднага немца» Лотке, які займаў пасаду механіка, але ўсюды сунуў свой нос, як і належала агенту гестапа. Каб ён з'явіўся, сварка адразу сціхла б і дзяжурыў бы той, каму Хіндэль сказаў. Ён сказаў Гвоздзіку, быў у нас такі п'янчужка. Той ківаў на мяне, да яго далучыліся яшчэ двое-трое. Я паслаў іх… Другая частка маіх калег падтрымлівала мяне. Хлопцы паважалі мяне за сілу. На пажарах я часам працаваў за трох. Дзе сапраўды трэба было тушыць агонь. Помню — такія дробязі запамінаюцца — тэлефон не званіў, а слаба брынчаў, як бляшанка. Але Хіндэль уздрыгнуў. Ён баяўся гарадскога тэлефона. Смела, адразу ён браў слухаўку толькі аднаго апарата, які званіў гучна і рэзка, — дзяжурны з вышкі паведамляў аб пажары. Хіндэль працягнуў руку і застыў, чакаючы, што званок сціхне і яшчэ адна непрыемнасць міне яго. Але тэлефон не сціхаў. І брандмайстар мусіў падняць слухаўку.