Выбрать главу

«Каго? Кузьму Кляшча? — Хіндэль паглядзеў на мяне, аднак слухаўку не перадаў, ён заўсёды насцярожваўся, калі званілі каму-небудзь з яго падначаленых, праяўляў празмерную пільнасць. — А хто пытае? Павел Харытонавіч? А навошта вам Клешч? Хто ён вам? Друг, зямляк, сваяк? Адкуль вы звоніце? З управы?»

Я падышоў і бесцырымонна забраў з яго рук слухаўку. Тэлефон працаваў пагана, голас як з таго свету, але я пазнаў Паўла. Ён запрашаў на вечар да сябе. На імяніны. Будзе што выпіць. З вёскі прывезлі самагонку. Я перапытаў:

«Колькі? Тры пляшкі? Усяго? На чацвярых? Ну, мне гэта — што сабаку муха».

Пажарнікі заржалі. І тут я ўбачыў Лотке. Нізкі, крываногі, як стары кавалерыст, у чорнай зашмальцаванай скураной тужурцы, у акулярах з нейкімі зеленаватымі шкламі, ён стаяў на парозе і слухаў. Уважліва слухаў. Я яшчэ раз пераканаўся, што ён ведае расейскую мову. Але за тры месяцы, як я ў пажарнай, ён ні разу не выдаў сябе. Слухаць слухае, быццам хоча ўнікнуць у музыку чужых слоў. А потым усё перапытвае па-нямецку. Ён выдатна іграў сваю ролю. Гэтак жа, як і я. За год акупацыі я папоўніў сваё веданне нямецкай мовы так, як не папоўніў бы, каб скончыў яшчэ тры інстытуты. Але ў гэтай кампаніі я гаварыў дзесятак хадавых перакручаных слоў, не больш.

Гвоздзік, відаць, спадзеючыся, што яго падтрымае Лотке, пачаў ныць:

«Ён самагонку будзе піць, а я за яго дзяжур. Не буду!»

Лотке спытаў у Хіндэля: пра што спрачаюцца? Той растлумачыў не вельмі далікатна, але з нямецкай дакладнасцю. Я ніяк не мог уцяміць тады іх узаемаадносін. Ды і дагэтуль не разумею, няўжо Хіндэль не здагадваўся, хто такі Лотке, і не ведаў, што механік гаворыць па-расейску не горш за яго, «фольксдойчэ»?

«Чыя чарга дзяжурыць?» — спытаў Лотке.

Хвіліну назад Хіндэль схіляўся, што дзяжурыць павінен Гвоздзік. А тут раптам цвёрда сказаў:

«Дзяжурыць будзе Клешч! — і сурова загадаў мне па-расейску: — Дзяжурыць пойдзеш ты!»

Я замаліў:

«Пан начальнік, — у прысутнасці Лотке ўсе мы цвёрда трымаліся субардынацыі, дысцыпліны, — вы ж самі чулі, што мяне толькі што запрасілі на імяніны і я даў згоду. Што падумае чалавек? Лепшы сябра. Прашу вас».

«Адпусціце яго», — кінуў Лотке, не гледзячы ні на мяне, ні на Хіндэля.

Начальнік закіпеў.

«Гэта не пажарная каманда, — выдавіў ён па-нямецку, потым крыкнуў па-расейску: — А банда п'яніц! Ці тое было…» — Пэўна, ён хацеў сказаць: «Ці тое было пры Саветах!», але ўспомніў і асекся.

Лотке сказаў:

«Вы стары асёл, Хіндэль».

«Добра, добра. Няхай будзе Гвоздзік. Гвоздзік!»

Той ускочыў, як падменены:

«Слухаюся, пан начальнік!»

А Лотке зноў сказаў спакойна, без злосці, без націску:

«Вы стары баран, Хіндэль», — і пайшоў з дзяжуркі.

Гвоздзік мацюкнуўся. Хіндэль суміраваў па-нямецку:

«Я стары асёл і стары баран», — і вылаяўся па-расейску.

Я змаўчаў, бо мне гэтая кароткая размова і заступніцтва механіка не падабаліся больш, чым каму другому. Дзіўныя прафесіі меў я ў акупацыі! Першую выбраў сам — грузчыка: трэба было рабіць, каб жыць. Там я звязаўся з падпольшчыкамі. Пасля ўзрыву эшалона з авіябомбамі давялося хавацца. Схавалі мяне хлопцы дасціпна: уладкавалі ў нямецкі шпіталь вартаўніком у трупярню. «Начальнік морга», як здзекліва называлі мяне самі немцы. З мёртвымі фашыстамі я абыходзіўся далікатна і любоўна. Гэта забаўляла і страшыла жывых. Яны любаваліся маёй фізічнай сілай і цешыліся з маёй дурноты. Я добра-такі іграў прыдуркаватага здаравяка, які мог выпіць дзве шклянкі чыстага спірту і з'есці пяць шпітальных абедаў. Але нават у мяне, студэнта-медыка, будучага хірурга, не вытрымалі нервы. Звычайнаму чалавеку звыкнуцца з мёртвымі… Я папрасіў Паўла знайсці мне новую работу. І што, ты думаеш, ён прапанаваў мне неўзабаве? Асенізацыйны абоз. Не смейся. Я не прызнаюся дзецям, што працаваў залатаром. Вядома, я абразіўся. Але Павел даказаў мне, што начныя паездкі, начны пропуск, найлепшая магчымасць перавозак небяспечнага грузу — гэта зусім нядрэнна для маёй галоўнай прафесіі — падпольшчыка. Сапраўды, хутка я сам пераканаўся, што новая праца мая была шмат у чым зручная. Галоўнае, амаль не трэба было вытыркацца на людзі ўдзень у звычайным выглядзе. Мой рост, мая постаць — залішне прыкметныя, а горад наш у акупацыю быў не вельмі густанаселены. Зручнасць была, нарэшце, у тым, што побач са мной працавалі тупыя, абмежаваныя людзі, поўныя крэціны. Наўрад каму прыйшло б у галаву засылаць у такую ўстанову шпіка. А калі я рабіў вылазку ўдзень зусім у новай ролі (у рэдакцыю, напрыклад, калі атрымаў заданне выканаць прысуд над Хмарай, я прыходзіў як паэт, прыносіў чужыя вершы — любоўную лірыку), то амаль быў упэўнены, што не сустрэнуся са сваімі калегамі па начной рабоце. Многа правалаў было выпадковых. Сустрэнецца добры чалавек, але плясне ўголас сапраўднае прозвішча, стары адрас ці яшчэ што — і гатова, правал.