Выбрать главу

Карацей кажучы, калі месяцы праз тры Павел прапанаваў мне работу чыстую — у пажарнай, я не вельмі каб узрадаваўся. Але гарком вырашыў (так перадаў Павел) «наблізіць мяне да паліцыі», і я пайшоў на гэтае «збліжэнне». Я — салдат. Новая работа не спадабалася з першых дзён. Не сама работа. А гэты Лотке, наш маўклівы механік. Я раскусіў яго адразу, адчуў хітрага ворага і ўпачатку занерваваўся. За цэлы год мне нідзе яшчэ не прыйшлося працаваць пад штодзённым наглядам агента гестапа. Я выказаў сваю трывогу Паўлу. Ён усміхнуўся і адказаў:

«Я думаў, у цябе больш вопыту. Усе мы так працуем. Думаеш, мне ва ўправе лягчэй? Дакажы яму сваю лаяльнасць».

І я па сваёй маладосці, не вельмі разумнай смеласці пачаў азартную гульню: давесці, каб Лотке самавыкрыўся. Я адзін з усяе каманды не баяўся Лотке. Лаяў у яго прысутнасці, называў «нямецкім казлом», казаў, што механік з яго, як з г… куля. Ён рабіў выгляд, што нічога не разумее. Але калі гэты ж паскудны Гвоздзік, дробны шпіёнчык, перадаў яму праз Хіндэля, як я лаюся, Лотке зрэагаваў. Неяк пастукаў пальцам па лбе і сказаў лагодна:

«Вялікая і дурная галава. Ты можаш лаяць мяне, але калі ты будзеш абражаць нямецкую нацыю, — вочы яго пры гэтым нядобра бліснулі, — ты пазнаеш яе сілу».

Хіндэль пераклаў і ад сябе злосна папярэдзіў:

«Калі ты не заткнеш свой дзіравы шланг, я заткну яго сам. Так заткну, што ты да смерці не пырснеш».

Тады я пайшоў на «прымірэнне»: запрасіў Лотке выпіць з намі (хлопцы раздабылі спірту). Але механік ветліва адмовіўся, памацаўшы свой худы жывот:

«Кранк».

«Ну і хрэн з табой. Нам больш застанецца», — сказаў я.

Ён запытаў у перакладчыцы, што я сказаў. Яна пераклала:

«Клешч сказаў, што вельмі шкада, што пан механік не можа з імі выпіць чарку віна».

Гэтае няшчаснае дзяўчо баялася аднолькава і Лотке і нас. Перакладала яна архідрэнна, але ганарылася сваім веданнем нямецкай мовы. Я падумаў: як бы яна здзівілася, каб раптам я пачаў рэзаць па-нямецку ў дзесяць разоў лепш за яе ці Лотке гэтак жа па-расейску. Мяне забаўляла такая гульня. Лотке пацмокаў і пацвердзіў:

«Але, шкада. Я таксама шкадую».

Актор быў, падла.

Адна акалічнасць бянтэжыла мяне: ні разу я не ўбачыў, каб Лотке шпіёніў за мной у нерабочы час. Ён вось так нечакана з'яўляўся ў дзяжурцы, на вышцы, хадзіў па пятах у часе пажараў. Але ні разу не вынырнуў на нашай ускраіне, дзе я кватараваў, не трапіў на вочы ў другім месцы. У мяне нават часам узнікала думка: а ці не перабольшаны мае падазрэнні?

Аднак на сустрэчу з Паўлам у той вечар я не пайшоў. Па дарозе дадому заглянуў каля Сеннага рынку да вядомай спекулянткі самагонам і… «напіўся». Выпіў адну шклянку, а ішоў далей і… мераў вуліцу, заводзіў гутаркі з хлапчукамі. Гаспадыня мая, добрая і ціхая мяшчанка, з тых, што ўсё жыццё жывуць з гароду. Ёй тады было год сорак, ужо сын служыў у арміі… Але жанчына ёсць жанчына… Яна кахала мяне, і ёй вельмі хацелася прыручыць назаўсёды такога хлопца. Хто я ў сапраўднасці, яна, безумоўна, не ведала, але гатова была за мяне каму хочаш выдрапаць вочы. Даглядала і асцерагала, як малога. Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Можаш паверыць?

Яраш звярнуўся з пытаннем, і Шыковіч парушыў сваё абяцанне маўчаць, адказаў з уласцівай яму жартаўлівай лёгкасцю:

— Ты ў гэтым перада мною не апраўдвайся. Перад Галяй апраўдвайся.

— Перад Галяй, — задумліва паўтарыў Яраш і змоўк.

Яму зноў зрабілася балюча і прыкра. Прыгадалася недарэчная сцэна рэўнасці. І, бадай, ніколі ён яшчэ не думаў пра сваю жонку так жорстка і непачціва, як падумаў у тую хвіліну. Вось яна спіць, заспакоеная і задаволеная. А ён не можа заснуць.

Пакуль ён расказваў, а Шыковіч моўчкі слухаў, яны прайшлі колькі разоў па сцежцы да ручая, а потым пайшлі ўздоўж ручая пад дубы. Дубоў тут была вузкая дзялянка, далей пачынаўся бор. І вось тут на мяжы гаю і бору было ў іх абжытае месца, дзе яны амаль штовечар палілі касцёр. Яны любілі агонь. Усе любілі — дзеці, жонкі. Часам пяклі бульбу ў прысаку і сала на ражне. Яраш, гаспадарлівы чалавек, нават змайстраваў тут лавачку.