Выбрать главу

Няўжо ён? Ці гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў і ўспамінаў, аналізаваў усе сустрэчы і размовы з ім. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкіх ускраінных вуліцах. Але ці мала спраў магло быць у краўца, які паўжыцця працаваў тут і ведаў паўгорада людзей… Праз гадзіну ён з'явіўся зноў.

«Спіць усё яшчэ?»

«Спіць».

«Ай-яй… А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спірту ёсць. Пахмяліцца пасля такога перабору — найлепшае лякарства. Асабліва чысты спірт. Адразу здымае боль галавы».

І зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі — устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр'янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».

З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам — выклікаць мяне.

Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты — у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.

«Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш…»

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

«Ты сам вучыў нас… Не думай, што я спалохаўся».

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.

Павел сказаў:

«Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».

Тады я расказаў пра краўца.

Павел нахмурыўся.

«А вось гэта горш, — сказаў ён. — Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. — Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: — Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».

Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П'яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе — як, дзе…

Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:

«Антон».

Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.

Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.

«Масква, — сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. — Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».

У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:

«Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план — звяжыся са мной. Падвернецца пад руку — дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»

Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.