Задыхаўшыся, Шыковіч выслізнуў з Ярашавых рук і адкаціўся на другі бок балкона.
— Валя прасіла штодзень размінаць цябе. Глядзі, у цябе адразу знік заспаны выгляд.
— Валя выдумае! А сама лянуецца зарадку рабіць. Я хоць штораніцы паўгадзіны… нагамі дрыгаю…
— Вось іменна, дрыгаеш. Мала карысці ад тваёй зарадкі.
Яраш наблізіўся і стаў поплеч, ён быў вышэйшы на цэлую галаву. У горадзе, калі яны гулялі разам, на іх з усмешкамі азіраліся, а сябры жартавалі з іх і расказвалі анекдоты. Але гэта не шкодзіла іх дружбе.
Хвіліну яны моўчкі глядзелі на луг, дзе паміж кустоў мільгалі стракатыя халаты іх жонак і Наташы. Жанчыны ішлі да дубоў, за якімі іскрылася тысячамі сонцаў даўгаватае люстра вады. Гэта старыца ракі. Самой ракі не відаць, у незапомныя часы яна адступіла ад лесу на добры кіламетр. Відзён толькі чырвоны слуп ліхтара на беразе.
Луг не роўны і не гладкі, ён перарэзаны старыцамі-раўчакамі, канавамі, берагі якіх зараслі лазняком, на ўзгорках стаяць дубы, у зарэчнай далечы сінее лес, злева з-за хмызнякоў выглядаюць стрэхі хат. Але ўсё адно нідзе, нават у самым шырокім полі, няма такога адчування прасторы і неабсяжнасці, як тут, асабліва калі глядзець вось з такой вышыні. Дзіўна, што неба тут таксама здаецца вышэй, чым дзе ў іншым месцы. І бачыш усё адразу: зялёную зямлю і блакітнае неба. І ваду. Няхай мала яе, але яна адлюстроўвае ўсё — неба і дубы. А павярніся назад і ўбачыш яшчэ адно дзіва прыроды — лес. Цудоўны бор — сасна ў сасну — абступаў невялікую абжытую паляну. Злева, бліжэй да ручая, што аддзяляў лес ад лугу, сосны саступалі месца дубам-асілкам, якіх нямнога засталося ў нашых лясах. Каля самага бору туліліся старыя будынкі лясніцтва — кантора, хаты ляснічага, лесніка, канюшня.
Адзінокая дача — гэта вялікая і крыху нязграбная будыніна з рознымі па форме верандамі, з мансардай толькі ў адной палавіне — збудавана на мяжы лесу і лугу, пад дубамі. Шыковіч выхваляўся, што месца выбраў ён, забываючыся, што Яраш ведаў гэтую мясціну яшчэ з партызанскіх часоў.
Шыковіч стаў на пальчыкі, пацягнуўся, падняўшы рукі, глыбока ўдыхнуў паветра. Яму хацелася сказаць каторы раз:
«Эх, які маляўнічы куток! Рыўера! Ухвалі мой густ ты, эскулап!» Але на гэты раз ён знайшоў іншую форму:
— Здаецца, што тут нават паветра больш, чым дзе… Якое неба! А?
— Больш кіслароду.
— Для мяне — паветра, для цябе — кісларод. Гэта ж табе не кіслародная палатка. Мне здорава спіцца тут, — Шыковіч весела засмяяўся. — У цябе вострае вока. Я такі праўда задрамаў над сваім артыкулам.
— А мы ўсю раніцу хадзілі на пальчыках. Кірыла творыць, — іранічна пасміхнуўся Яраш.
— Гэта ты хадзіў на пальчыках, хлус няшчасны? Свістаў, як Салавей-разбойнік. Ты пісаў калі-небудзь публіцыстычныя артыкулы?
— Не, дзякуй Богу.
— То-та. Гэта пакута. Асабліва на заказаную тэму. Скажы, у цябе было, калі ты хочаш зрабіць лепш, адчуваеш, што можаш зрабіць, а не выходзіць? Атрымліваецца нейкая жвачка. Нудная жвачка.
— Калі пісаў дысертацыю, было. У рабоце — не. Жвачка ў нашай рабоце — барані божа!
Шыковіч на нейкі момант сур'ёзна задумаўся.
— Я разумею. Відаць, чым больш адказнасці, тым работа цікавей.
— Хіба ты пішаш без адказнасці?
— Чорт яго ведае. Часам мне здаецца, з малой адказнасцю. — І раптам крыкнуў: — Бачыш?
— Што?
— Вясёлка! Маленькая вясёлка каля дуба. Відаць, Наташа пырскае пад берагам. Іх не відаць, а вясёлка ззяе. Хораша! Ці не пайсці і нам пакупацца? — І сам сабе рашуча адказаў: — Не! Трэба дапісаць гэты злашчасны артыкул. Жывіцкі спусціць з мяне тры скуры, калі заўтра не здам.
Аднак замест таго каб пайсці працаваць, Шыковіч адышоў ад парэнчаў і паваліўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі. Заплюшчыў вочы і сказаў:
— Трэба пісаць. А то ж мае быць яшчэ выпіўка. Я запрасіў у госці Гукана.
Яраш зарагатаў. Сябра паглядзеў на яго з няўцямным здзіўленнем.
— Я толькі што чуў, як Валя скардзілася, што няма ніводнага дня, каб ты не запрасіў гасцей.
— А-а.
— Ты ставіш жонку ў цяжкае становішча. Запрасіў — і маўчыш.
— Маўчу. Бо, па-першае, люблю экспромты. А па-другое, маю правіла: лепш выслухаць жончыну мараль пазней, чым раней. Няхай думае, што чалавек заглянуў выпадкова, і ўсё абыдзецца ціха.
— На д'ябла табе Гукан?
— Навошта мне Гукан? — Шыковіч прыўзняўся на руках, з натугай выбраўся з глыбокага шэзлонга, чартыхнуўся, падышоў да Яраша, які спакойна сядзеў на парэнчах і глядзеў на бор.
— Даўно не гутарыў з ім душэўна. Год шэсць ужо. Цікава, ведаеш… Як ён змяніўся? У які бок? Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах. А як ён? Ён, брат, з цвердалобых. Цікава, як ён ставіцца да сваёй кнігі. Да нашай кнігі, якую мы разам пісалі. Ён — аўтар, я — літапрацоўшчык. Я, напрыклад, многага не пашкадаваў перакрэсліць з таго, што пісаў тады. І гэтую кніжачку мне хочацца ператрэсці грунтоўна. Але трэба ведаць, як глядзіць ён, аўтар. Калі трымаецца тых жа поглядаў на падполле — да ліха! Я, апрацоўшчык, разграмлю яго.