Выбрать главу

За тыя дні я стаў другім чалавекам. За тыя два тыдні. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыдні. Калі чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасці, запамінаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змяніўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч і раніца былі ясныя і халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Ніколі не быў прыхільнікам выпіўкі, але ў тую раніцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу і цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлі дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалі гестапаўцы. Не, не арыштавалі. А ветліва папрасілі вярнуцца назад. Яны ўмелі быць ветлівымі ў такія моманты, гэтыя звяры.

У людзей, якія ішлі на работу, яны правяралі дакументы, але дазвалялі прайсці. Чаму не выпускалі нас? Мы населі на Хіндэля (ён, як заўсёды, з'явіўся на службу раней за ўсіх), няхай пойдзе высветліць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны і на наша запытанне адказаў крыкам і лаянкай:

«Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час…»

Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабіла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелі пасля, яны хацелі, каб сабралася больш людзей. Відаць, не спадзяваліся на добраахвотны збор. Ты помніш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькі з каланчы, але і з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далоні.

І мы ўбачылі… Я першы ўбачыў… Прыйшлі грузавікі, доўгія, як лесавозы. І салдаты-сапёры пачалі згружаць… Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта іншы з пажарнікаў глянуў у акно і ахнуў:

«Шыбеніцы!»

Але, гэта былі шыбеніцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрні, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкі брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка і ўмела ламалі брук і закапвалі іх у зямлю. У адзін рад — ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласці. Рабілі яны хутка і спрытна, можна было падумаць, што гэта іх штодзённая работа. Я зразумеў… здагадка гэтая абпаліла мозг. Павесяць падпольшчыкаў… Маіх таварышаў, кіраўнікоў… Магчыма, Паўла. Што я мог зрабіць, каб ратаваць іх?

Яраш змоўк. Астывала вогнішча. Шыковіч часта і шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлі дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукаліся першыя птушкі. Дзесьці далёка-далёка за ракой спявалі пеўні.

— Я не ўмею і не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлівымі, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлі гады… Я добра ведаю фізіялогію, вучэнне Паўлава… Але калі адзін хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзіны, учапіўшыся рукамі ў падаконнік. Каб прысутнічаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькі не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мяняліся з маланкавай хуткасцю. Першыя здаваліся рэальнымі. Я паміраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортваліся падзеі на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру — і нічога не зраблю. О, яны ўмелі застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына іх дзейнічала безадказна.

Шыбеніц паставілі чатырнаццаць. Калі сапёры скончылі сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыі. Грузавік ціха і плаўна падыходзіў да шыбеніцы, вельмі дакладна спыняўся, і кат замацоўваў вяроўку. Петлі былі загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накідваў малую пятлю на перакладзіну і, каб заціснуць і… праверыць трываласць, хапаўся за вялікую пятлю рукамі і павісаў над кузавам. Усе рухі ката былі разлічаныя, дакладныя, ніводнага лішняга, як на канвеернай лініі. І гэта было жудасна.

Кадры мяняліся… Грузавікі з сапёрамі адышлі. На нейкі момант плошча апусцела. А потым з вуліцы, якая называлася пры іх Паркавай, выехаў узвод матацыклістаў. Яны разгарнуліся за шыбеніцамі і накіравалі кулямёты на парк, на царкву і на Савецкую вуліцу. Праз хвіліну па Гандлёвай прайшлі два бронетранспарцёры. Яны сталі ў супрацьлеглых баках плошчы, і іх буйнакаліберныя кулямёты пагражалі руінам цэнтра горада і нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пільныя.