Выбрать главу

Прагрукатала па бруку зондэркаманда.

Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку — «бобікі». Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ. Праўда, першыя з'явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт, які глядзеў на мяне, быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна.

Сабралі чалавек пяцьсот.

Здаецца, дурны і подлы Гвоздзік крыкнуў у дзяжурцы: «Хлопцы! Лезем на каланчу! Камуністаў будуць вешаць».

«Але, на каланчу! Адтуль відней», — падумаў я, не ведаючы, які чарговы план з'явіцца там, у вышыні. Усе мае планы рушыліся. Што можна зрабіць аднаму супраць матацыклістаў, бронетранспарцёраў, сотні гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явіцца нейкі асаблівы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля паліцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пісталета.

Каля лесвіцы мяне затрымаў Хіндэль.

«На каланчы гестапа», — ціха сказаў ён і, узяўшы за локаць, павёў у свой кабінет. Мы сталі ўдвух, беларус і немец, каля адчыненага акна і моўчкі глядзелі на плошчу, на злавесныя шыбеніцы, на якіх вецер гойдаў вяроўкі, на гестапаўцаў і на натоўп. Што адчуваў Хіндэль у той час? І ўвогуле, што за чалавек ён быў?

Прыехала «высокае начальства» — фельдкамендант Шміт, начальнік СД штурмбанфюрэр Бругер, афіцэры гестапа і СС. Следам за імі лакеі — бургамістр Цішчанка, начальнік паліцыі Лучынскі, іншыя здраднікі. Я шмат каго з іх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкі ўваходзіла вывучэнне ворагаў.

І вось… Недзе ўнізе на Савецкай непрыемна зараўла сірэна. Два вялікія чорныя фургоны, за імі грузавік з эсэсаўцамі хутка выехалі на плошчу і, крута павярнуўшыся, спыніліся каля першай шыбеніцы. Гестапаўцы саскочылі з машыны, адчынілі дзверы фургонаў, па двое залезлі ўсяродак і пачалі выкідваць асуджаных. Так выштурхоўвалі спакутаваных людзей, што колькі чалавек не ўтрымаліся на нагах і ўпалі на брук.

Хіндэль прашаптаў па-нямецку:

«Нельга біць асуджаных. Сволачы!»

Здалёк яны былі падобны адзін на аднаго, нашы таварышы. Асабліва мужчыны. З чорнымі ад катаванняў тварамі, ускудлачанымі валасамі, у падраных сарочках, са звязанымі за спіной рукамі, босыя… Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад і стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур'ёзна, без усмешкі: «Саша». Так да яго звяртаўся і Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў і слухаў, што казалі другія. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзін з кіраўнікоў падполля. Калі пасля я запытаў у Паўла, хто такі Саша, той адказаў з хітрай усмешкай:

«Саша. Пакуль што проста Саша».

Тады нават крыху пакрыўдзіла, што мне, падпольшчыку, які выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспірацыя ёсць канспірацыя, гэта я разумеў. І ўсё-такі цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевіча Дубецкага — другога сакратара гаркома. Ды і другіх таксама… Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвішчаў сваіх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ ліхаманкава думаў, як памагчы ім, перашкодзіць пакаранню. Няхай бы лепш і я і яны, асуджаныя, загінулі ад куль, у барацьбе, чым на шыбеніцах. Але што я мог зрабіць? Адзін мой рух — і мяне знішчылі б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палічыў — дваццаць тры чалавекі. Шэсць жанчын… Але, жанчын было шэсць. Яны трымаліся разам, у цэнтры групы.

Фургоны адышлі. На іх месца стаў грузавік з адкінутымі бартамі, з прымацаванымі ззаду ўсходцамі. Па ўсходцах гэтых у кузаў падняліся два чалавекі — тоўсты гестапавец-кат, які вешаў вяроўкі, і малады фашыст у форме армейскага афіцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклівым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, і толькі асобныя з іх я разбіраў. Звычайнае фашысцкае абвінавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсіях. І раптам… усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкі і ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькі аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. І слоў яшчэ ўсіх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маім мозгу, у сэрцы.