Выбрать главу
Пусть ярость благородная Вскипает, как волна, Идет война народная, Священная война.

Шыковіч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.

Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлі і, стоячы, паўтарыў словы песні, ціха, пранікліва:

— «Идет война народная, священная война». І песню падхапілі ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакінуўся ў натоўп рабочых. Начальнік СД закрычаў, адарваўся ад світы, падбег да асуджаных, пагражаючы пісталетам. Гестапаўцы прыкладамі аўтаматаў глушылі песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавіўшы паліцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулі прасвісталі каля нашага акна. Хіндэль баязліва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў… Я глядзеў… Знік з кузава «пракурор». Застаўся адзін кат. І вось гестапаўцы за рукі паднялі туды першага асуджанага. Яны спяшаліся. Яны білі яго. Білі Паўла. Гэта быў ён. Павел не ішоў пакорліва. Ён так ірвануўся, што два дужыя гестапаўцы зваліліся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:

«Таварышы! Браты нашы і сёстры! Адпомсціце за нас! Біце праклятых фашыстаў! Каб духу іх не было на нашай зямлі. Мы паміраем з верай у перамогу! За Радзіму! За партыю нашу! За народ!»

Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны білі яго, шматгалосым гоманам глушылі яго словы. Але ён крыкнуў менавіта гэтыя словы. Я пачуў іх сэрцам. І яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскі, доўгі, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналіст, заўсёды хадзіў з нагайкай. Войт, прыслужнік. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласілі жанчыны. Я не помню, што я зрабіў: застагнаў, заскрыгатаў зубамі?.. Але Хіндэль схапіў мяне за руку і пацягнуў ад акна.

«Адыдзі! Дурань! Ідыёт! Ты чуеш? Пачуюць». Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар і дзіўна трэслася барада. Я адпіхнуў яго. Але ў гэты міг, калі я адвярнуўся, Паўла павесілі. Машына адышла, і цела яго сутаргава курчылася ў паветры.

Павел! Паша! Друг ты мой дарагі! Ні да каго, здаецца, я не меў такой любові, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзіне. Быццам спынілася кроў. І астылі думкі. Яны сталі цвярозыя, халодныя, жорсткія. І адразу прыйшло непахіснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабіць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзін, без зброі, перад такой зграяй ашалелых ад крыві сабак. Але я буду помсціць. Помсціць! І першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслі прысуд. Лучынскі памрэ сёння!

«Сёння!» Відаць, я падумаў уголас, бо Хіндэль спытаў:

«Што „сёння“?»

Я не адказаў. Яму зрабілася блага. Ён пачаў ванітаваць, узваліўшыся на пісьмовы стол. Я застаўся каля акна адзін. Вось ужо павесілі другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалі на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамі міну. Яна крычала пракляцці катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я. Кожны чалавек у гэты міг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.

Здавалася, што жудасная машына карнікаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалі пад рукі, падымалі ў кузаў. Грузавік падыходзіў пад шыбеніцу. Кат ускідваў пятлю на шыю. Машына адыходзіла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механізавана. Начальства і варта заспакоіліся. Адзін з афіцэраў пачаў рабіць фотаздымкі.

І раптам адбылося нечаканае. І для нас і для фашыстаў. На царкве зазванілі званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.

Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганізавалі яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклік. Званы зазванілі так, як званілі яны адвечна, калі ішла бяда — нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клікалі:

«Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

І людзі паднялі галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замітусіліся. Нешта крычалі Бругер і Шміт. Лучынскі кінуўся да царквы. За ім гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалі біць з кулямёта па званіцы.

А званы ўсё клікалі: «Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

Не ведаю… І цяпер не ведаю, праз гэта ці так было задумана… Але пакаранне спынілі. Павесілі адзінаццаць. Тры шыбеніцы засталіся пустыя. Астатніх арыштаваных адвезлі назад у турму. Большасць з іх у хуткім часе расстралялі.

Калі чалавека, які званіў, забілі, званы доўга яшчэ грозна гудзелі, так моцна ён расхістаў іх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухі, адзінокі званар. Кузьма Ягоравіч Сарока. Як ён трапіў на званіцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, і не вытрываў. Ведаў, што ідзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялі там, на званіцы, і як �ачалі сціхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забілі. Але зразумеў другое, галоўнае — што ён свядома ішоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пісталет і граната. Але яны былі схаваны на кватэры.