Выбрать главу

Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:

«Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».

Яны цынічна зарагаталі.

«Нахабнікі», — сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.

І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося — цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг — і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з'яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.

Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць… Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.

«Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная — тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».

«Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік».

Кузьма Клешч — сын раскулачанага, у паліцыі былі мае анкеты.

Лучынскі крыва ўсміхнуўся:

«Мы нікому не помсцім. Мы будуем новую Беларусь».

Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукі.

Я меўся застрэліць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькі на вузкі твар, на лоб у кароне прыгожых пасівелых валасоў. Я цэліўся, выбіраючы момант. І раптам нагайка… Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталі было даволі, каб маланкава змяніўся план. Я скочыў да стала. Я кінуў цераз стол усю сілу свайго цела. Каб ён не паспеў націснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносіцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкосніцы ўказальнага пальца. Я схапіў нагайку, накінуў скураную пляцёнку яму на шыю і што ёсць сілы рвануў за канцы — за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, і тонкі, з мяцёлкай калючых дроцікаў. Хруснулі шыйныя храшчы. Спадар Лучынскі вываліў ненатуральна доўгі язык. Вылезлі з арбіт вочы… Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала і не нарабіла грукату. Было брыдка і пагана: ніколі яшчэ не выконваў прысуд такім чынам. Звычайна страляў ці кідаў гранату… Але ўсведамленне, што я выканаў справядлівы прысуд, адплаціў за смерць таварышаў у дзень іх пакарання, дало новыя сілы, новы імпульс жыцця і барацьбы. Не, цяпер не хацелася паміраць! Я скочыў да дзвярэй: ці не ідзе хто? За шчыльнымі дзвярамі прыглушана стукала машынка. Ціха. Вярнуўся да стала і на нейкім нямецкім цыркуляры буйна напісаў:

«Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднікам!»

Выйшаўшы, зачыніў дзверы за сабой гэтак жа ціха і асцярожна, як і тады, калі заходзіў у кабінет. Мура ўсміхнулася мне:

«Дамовіўся?»

«Ага».

«Да нас ці на ўчастак?»

«Да вас. Да заўтра».

«Да заўтра», — задаволена развіталася яна.

Але ў доўгім і пустым калідоры з'явілася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвіцы, учапіўся рукой у поручні і зноў-такі прымусіў сябе сысці з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:

«Узяў?»

«Але».

«З цябе — куш. Пакуль што цыгарэту».

Я памацаў пісталет і гранату. Цыгарэт не было.

«Аддаў Муры», — прыгадалася, што яна паліла, калі я выходзіў.

«Ого, хутка ты знаёмішся, — зарагатаў вартавы. — Але заўтра з пустымі кішэнямі не прыходзіць, у нас свае законы».

«Ведаю».

А сам лавіў кожны гук — ці няма трывогі?

Па вуліцы я пайшоў шпарка. Накіраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзі і я схаваюся сярод іх і здолею перабрацца ў Залінейны раён. А там — некалькі явак. Я паспеў выйсці на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкія прахожыя, і то, відаць, большасць — агенты ў цывільным.

І тут мяне дагнала трывога. Гукі яе даляцелі не з паліцыі — з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлі сірэны і маторы, загаўкалі аўчаркі. Вуліца ўміг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, відаць, кінуліся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указанні. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але імкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзіроўкай квартала, каб схавацца ў руінах. І раптам — бываюць жа стрэчы! — насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і прайшоў міма. Але інстынкт вопытнага агента і, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусілі яго дзейнічаць.