«Стой! Руки вверх!» — У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.
Я павярнуўся… Падняў рукі. Але з правай вылецела лімонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кінуўся ў акно майстэрні па рамонту гадзіннікаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вітрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. А потым кінуўся ўніз, звярнуў у першы праезд і пайшоў па задворках. Я ішоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую паліцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руін. І, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магістраль. Там быў увесь горад, разбураны і цэлы. Там жылі нашы людзі, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў заціснуты ў невялікім раёне паміж цэнтральнай вуліцай, якую цяпер ужо не перайсці, і ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вуліцы — управа, паліцыя, правей — казармы зондэркаманды, над ракой — элеватар, прыстань са складамі, на беразе — вартавыя вышкі, агнявыя кропкі. І паміж гэтым — некалькі ціхіх вуліц, да якіх не дайшоў пажар і дзе заставаліся жыць нашы людзі. Нашы… А ці ўсе нашы? Гэта своеасаблівы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сяліліся тут пры цару галоўным чынам чыноўнікі. Пасля рэвалюцыі шмат якія дамы былі нацыяналізаваны, сталі камунальнымі. Але больш за ўсё эвакуіравалася ў пачатку вайны менавіта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкія служачыя. А хто застаўся… Не ўсе яны, відаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў — афіцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькі кожны завулак, але кожны дом і сад. Я жыў тут, калі вучыўся ў медвучылішчы.
У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Ніша не схавала мяне ўсяго, і асколак пацэліў у нагу, вось сюды… Я нават намацаў яго. Штаніна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка ідуць аўчаркі. Таму я мусіў спусціцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю і перавязаць нагу. Патраціў некалькі хвілін. За гэты час пачалі абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькі шум матацыклаў, але і нямецкія каманды даляталі да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нікуды не дзенуся, немцы, здавалася, не вельмі ўжо спяшаліся.
У невялікіх руінах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзіць. І я выйшаў у Пушкінскі завулак, рушыў да ракі. Схаваць могуць толькі людзі, савецкія людзі. Я зазіраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям'я, дзе я кватараваў, эвакуіравалася. Другіх знаёмых тут не было. Якія знаёмыя ў студэнта!
Прайшла міма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залішне зацікаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабітую палу пінжака. З двара выбег афіцэр, на хаду зашпіляючы гузікі. Я сціснуў ручку пісталета. Але немец не зачапіў мяне, глянуў абыякава і пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклікалі па трывозе.
Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Можа, і цяпер спусціцца да ракі і паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з'яўляецца там, бярэцца на мушкі кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькі ў адным з гэтых дамоў. Але ў якім? Аўчаркі брахалі ўжо недзе каля ўправы. Калі натрапілі на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвіліны. Нельга марудзіць.
Я азірнуўся і… убачыў дом, у які мяне пацягнула нейкае асаблівае чуццё. У такія моманты з'яўляецца інтуіцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з іншымі дамамі, а ў глыбіні добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.
— Савіч? Той Савіч? — не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.
— Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне.
— Тысяча і адна ноч. І ты пайшоў у гэты дом?
— Але. Сігануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такі Савіч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпіталя. Што ж… паміраць, дык з музыкай, чорт вазьмі! Я ішоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрміноўку. І калі не было іншага выйсця, калі любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў… Але, акрамя ўсяго, была нейкая інтуіцыя… Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савіча. Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?