Тады я спытаў:
«Думаю, у доме, дзе жывуць два лекары, знойдзецца скальпель і пінцэт?»
«Скальпель? Навошта вам скальпель?»
«У бядры маім сядзіць асколак гранаты».
Вельмі магчыма, што толькі ў той міг яна адчула ўсю сур'ёзнасць барацьбы, свайго мімавольнага ўступлення ў гэтую барацьбу, небяспекі, якая цяпер пагражала ёй, бацьку. Трусы, фармалін, балбатня з гестапаўцамі — усё гэта, відаць, рабілася ў парыве, у захапленні незвычайнасцю, усё гэта была амаль гульня ў хованкі маладога здаровага хлопца. А тут яна зразумела. І разгубілася, спалохалася, замітусілася.
«Што ж рабіць? Хадземце ў бацькаў кабінет, там усё ёсць. Не, не… Нельга. Могуць прыйсці. Давайце сюды… на гару. Аўтамат паставім на месца… Вось так… Крыві не накапала?» — агледзела падлогу. Потым адчыніла невялічкія сцянныя дзверы, і мы апынуліся ў каморы, завешанай вопраткай. Дзесяткі паліто, касцюмаў, плаццяў. Нешта зашыта ў прасціны, мабыць, футры. Пахла нафталінам.
«Багата жыве доктар Савіч. Шкада дабра, таму і да немцаў падаўся», — падумаў я нядобразычліва.
Мы падлезлі пад вопратку і яшчэ праз меншыя дзверкі выйшлі на гарышча — вузкі тунель паміж сцяной мансарды і дахам. Аднекуль здалёк цадзілася святло, і было відаць, што тут сапраўды «чорт зламае нагу». Старыя крэслы, карціны, дываны, верстакі, рыбацкія сеткі, мяшкі, посуд — усё гэта было нагрувашчана абы-як. Мы ледзь прабраліся. Нават паўзлі праз нейкую шчыліну. Гэта быў праход пад выступам акна. Такім чынам мы перабраліся на другі бок, за глухую сцяну мансарды, дзе было больш прасторна і светла.
Тут на старым матрацы Зося зрабіла мне прытулак. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй, яна прынесла прасціну, падушку, коўдру, інструменты, бінты, вату, ёд.
І я зрабіў сабе аперацыю — дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачаліся. Я лічыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнікум, як тады называлі, курс інстытута… Ва ўсякім разе, даўно ўжо пазбавіўся фальшывай сарамлівасці, калі што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасіў яе адысці. Яна запярэчыла.
«Я ніколі не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў», — сказала яна рашуча.
І такі добра памагла мне. Ва ўсякім разе, крыві не баялася і павязку зрабіла прафесійна.
А потым прыйшоў Грот. Мы пачулі, як ляпнулі за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкія крокі. Іх галасы, яго і яе. Словы глухлі ў сцяне. Пра што яны гаварылі? Я ненавідзеў немца двайной нянавісцю: і за тое, што ён афіцэр гітлераўскай арміі, і за тое, што адарваў Зосю і не дае ёй з'явіцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам ідзе страляніна, што крычаць жанчыны, дзеці. Уявіліся павешаныя, так, як ні разу яшчэ за гэты доўгі і страшны дзень. Вецер гойдае іх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якім заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлівая, вясёлая, то хітрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы і прасіў: «Антоша, калі са мной што здарыцца, не забудзь Тарасіка». Я не знайшоў Тарасіка. І мне хацелася раўці ад крыўды і болю.
Пачуўся глухі барытон Савіча. Недзе ўнізе. Туды ж спусціўся немец. Галасы сціхлі. Напэўна, селі вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомніў, што цэлыя суткі нічога не еў. Але есці не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такі Савіч? Зося горача падзякавала, калі я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савіч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата і зробіць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабінет. Чаму? Ці скажа яна яму пра мяне?
Тысячы думак адразу. Яны палілі мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калі страчу прытомнасць, пачну трызніць — выдам сябе, выдам яе… І я напружваў усе сілы…
Сцямнела. А вецер не сціхаў. Асенні. Халодны. Злы. І я такі праваліўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качаліся ваўкадавы. Гледзячы на іх, іржалі эсэсаўцы, і морды ў іх таксама сабачыя. Раптам Лучынскі страшэннай доўгай рукой, як у Вія, паказаў на мяне: «Вось ён!» Я ўцякаў. А яны гналіся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалі. У мяне калацілася сэрца. Вось-вось дагоняць.
Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далоні і шэпту над вухам:
«Родненькі мой! Што з табой? Гарачка? На, выпі вось гэта. І з'еш».
У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпіў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамі і вермутам. Яна падбадзёрвала: