Выбрать главу

«Пі, пі. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пільнавала б цябе. З'еш вось гэта».

У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, відаць, трусяціны.

«Яны селі гуляць у шахматы, бацька і Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я — ад іх. Каб мне застацца з табой, Віктар. Я пільнавала б цябе».

Пітво і ежа падмацавалі. Я зразумеў, чаго яна баіцца. Прыйшлося заспакоіць яе, што я не буду больш стагнаць і крычаць:

«Гэта ў сне. Больш спаць не буду».

Яна бясшумна знікла. Але пакінула мне сілу і заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. І мне не было страшна ў цемры, пад дахам, які гудзеў і ляскатаў. Каб толькі не залішні быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа праваліць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе — пра нас.

Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякім разе, прытомнасць больш не траціў.

Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалі па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылі. І я праваліўся ў пустую яму, дзе не было ні сабак, ні гестапаўцаў.

Прачнуўся, калі развіднела. Адчуванне ранішняе — здаровае. Нават нага не вельмі балела. Больш балеў палец на руцэ, і я доўга не мог успомніць — ад чаго. У думках — цішыня. І на двары ціха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явілася Зося. Прынесла сняданак — кашу, малако, яблыкі. Смачна і многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлівая, як учора. Паведаміла з болем і смуткам:

«Яны павесілі адзінаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылі начальніка паліцыі», — і таксама з болем.

«Сабаку — сабачая смерць», — не вытрымаў я.

Яна глянула на мяне і… здагадалася:

«Ах! Гэта — вы?!»

Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклічы: здзіўлення, захаплення, інтэлігенцкай грэблівасці ці страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзіця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзін на адзін з чалавекам, які можа вось так проста задушыць другога.

«Я выканаў прыгавор народа. Гэтаму гаду даўно быў вынесены прысуд. У мяне не было другой зброі…»

Гэта было як апраўданне, і самому мне стала непрыемна. Чаму я апраўдваюся? Не, яна зразумела. Уздыхнула цяжка і сказала:

«Я хачу ненавідзець іх, як вы. Хачу і не магу. Грот добры чалавек. Культурны, ветлівы».

Яна меркавала аб фашыстах па адным нямецкім лекары.

«Для таго каб ненавідзець іх так, трэба ўбачыць тое, што бачыў я!» — і горача пачаў расказваць ёй пра расстрэл ваеннапалонных у кар'ерах цагельнага завода, пра катаванні нашых людзей у сутарэннях гестапа, пра жудасці жыдоўскага гета, пра зверскае забойства дзевяцігадовага хлопчыка, майго суседа, віна якога заключалася ў тым, што, гуляючы на вуліцы, ён напісаў на снезе слова «Гітлер»… І пра барацьбу, якую вялі армія, народ, партызаны. Пра падполле ў горадзе. Пра Паўла. Як крычаў ён да людзей апошнія словы перад карай. Не, яна жыла не так ужо ізалявана. Многія факты даходзілі да яе. Але паводзіны бацькі, якога яна любіла і з маленства верыла кожнаму слову яго і ўчынку… А потым гэты Грот. Ён хітра капаў на дзявочы розум. Быццам асуджаў жорсткасці ўлад. Але тут жа апраўдваў іх тым, што нібыта з нашага боку вайна вядзецца антыгуманна, у парушэнне ўсіх канвенцый. Факты фанатычнага забойства нямецкіх салдат і чыноўнікаў вымушаюць улады да такой жорсткасці. Вайна ёсць вайна. А вось каб наш народ скарыўся, яны, немцы, рабілі б толькі адно: неслі б сваю высокую культуру. Ён многа і часта казаў ёй пра вялікую культурную місію нямецкай нацыі.

Паслухаўшы Зосю, я зразумеў, што не такі ўжо ён бяскрыўдны, хірург Грот. Шмат у чым ён страшнейшы за тых, што страляюць і вешаюць. Розніца хіба ў тым, што ён проста разумнейшы за іх. Юная чыстая душа рвалася да змагання, а яе хітра скоўвалі ланцугамі хлуслівых слоў і перакананняў. Ператваралі ў чысценькую культурную кухарку. Хацелі, каб у будучым яна ведала толькі тры «К»: кірхен, кюхе, кіндэр. Яны даручылі ёй усю гаспадарку, каб у яе не заставалася часу на што другое. У доме мог быць дзяншчык, работніца. Не, яна гаспадарыла адна. Грот і бацька памагалі ёй. Ну, Грота я разумеў. За год пабачыў усялякіх фашыстаў. Але Савіч… той Савіч, які ўсё жыццё смела змагаўся з эпідэміямі… Навошта яму завязваць вочы ўласнай дачцэ? Добра, што яна вось такая выйшла з савецкага жыцця, са школы. Без бунту, без шуму, аднак ірвала ўсе іх путы.

«Якая была б падпольшчыца!» — падумаў я, калі яна між іншым расказала пра трусоў і фармалін.

Мы з ёй гутарылі гадзіны дзве. Потым яна спахапілася: «Ой, трэба ж абед гатаваць!» Савіч і Грот з'яўляліся на абед роўна ў гадзіну дня. З нямецкай дакладнасцю.