Выбрать главу

Тарас перавёў позірк з правага крыла вакзала, дзе размяшчаўся рэстаран, на чаргу.

Славік хмыкнуў.

— Баішся?

— Чаго?

— Убачыць хто з завода — распішуць заўтра на ўсіх сценах… Закрычаць з трыбун. Брыгадзір Тарас Ганчароў…

— Глупства.

— То чаму ты азіраешся? Баішся зайсці ў рэстаран, каб паабедаць за сумленна запрацаваныя грошы? Ох, жыццё!

Тарас добра разумеў, што Славік знарок падбівае яго, цешыўся з такой наіўнасці і дараваў: на якія хітрыкі не ідзе галодны чалавек!

— Прапушчу чаргу, калі я потым дабяруся да сваіх?

— У гэты аўтобус ты ўсё адно не ўваб'ешся. А ўлезеш — патрушчаць рэбры.

— Ну добра. Пайшлі.

Тарас вярнуўся да чаргі, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвіліну пашкадаваў, што згадзіўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблізіўшыся, спытаў:

— Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем?

Крыкліва апранутыя дзяўчаты не спадабаліся Тарасу, хоць да любога адзення ён ставіўся даволі прымірэнча. Слова вырвалася само, можа, не зусім нават тое, якое патрэбна было сказаць:

— Вульгарныя.

Славік засмяяўся і, не дайшоўшы да дзяўчат, крыкнуў ім:

— Лэдзі! Тарас кажа, што вы вульгарныя. Гуд бай! — і павярнуў у бок вакзала.

— Хамло твой Тарас! І ты разам з ім! — крыкнула адна з дзяўчат.

Кроў ударыла ў галаву так, што зазвінела ў вушах. Тарас пачырванеў, потым пабялеў. Ніколі ён не паводзіў сябе так з дзяўчатамі. І ніколі не трапляў у такое скандальнае становішча. Здавалася, уся плошча глядзіць на іх. Міліцыянер падыдзе зараз… Спытае… Варта паслаць да д'ябла гэтага бессаромнага шчанюка з яго рэстаранам!.. Але яшчэ і гэты крыкне што ўслед. А як вярнуцца цяпер у чаргу? Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягвае да сябе, гэты Славік. Хочацца пазнаць яго лепш.

Вось як ён спакойна нейтралізаваў выкрык дзяўчыны:

— Мяшчанкі. Адкуль выплывае столькі дрэні?

«Але навошта ты водзішся з гэтай дрэнню?» Тарас ішоў злосны і зацікаўлены.

Селі за столік каля акна. На першым пуці стаяў дальні цягнік. На пероне — бегатня, крыкі. Каля буфетаў тоўпіліся пасажыры. А сталы пустыя.

Славік грэбліва змахнуў крошкі, завярнуў рог запэцканага абруса.

— Думаеш, тут можна культурна паабедаць? Шыш.

Тут, у рэстаране, ён пераўтварыўся: стаў сур'ёзны і паважны. Кіўком пальца паклікаў афіцыянтку і, пакуль тая без спеху падыходзіла, разгарнуў цяжкую, зашмальцаваную, з пабляклым золатам літар дэрмацінавую вокладку, у якой быў укладзены адзін лісток меню.

— Пачнём, Валя…

Дзяўчына, выцягнуўшы кніжачку і агрызак карандаша, перасмыкнулася:.

— Усім вам сніцца Валя.

— Ах, Марынка? Прабач, Марына. — Усмешка і тут жа суровасць. — Пачнём, Марына, з таго, што… заменім абрус! Што гэта за ануча? Сорам. Рэстаран называецца. Май на ўвазе, гэта — Тарас Ганчароў.

Дзяўчына глянула на Тараса і паслухмяна пачала збіраць са стала келіхі і шклянкі. Тараса абурыў тон, якім Славік размаўляў з ёй. «Скажы, калі ласка, які Сціва Аблонскі! А пры чым тут маё імя? Не, не таму, што галодны, цягнуў ты ў рэстаран. Парысавацца захацеў. Здзівіць мяне. Хлапчук».

Калі дзяўчына пабегла па чысты абрус, ён сказаў узлавана:

— Слухай. Калі ты будзеш вось так, я пайду. Не люблю гэтых рэстаранных конікаў.

— А што? — здавалася, зусім шчыра здзівіўся Славік. — Няхай думае, што ты чэмпіён. Яны любяць чэмпіёнаў. Лепш абслужыць.

Ён вывучаў меню. Моршчыўся, круціў галавой.

— Адна свініна ды рыбныя кансервы.

— А табе вустрыц захацелася?

Славік зразумеў іронію, і яму не спадабалася яна. Бліснуў вачамі.

— Хаця б чалавечага мяса. — І засмяяўся са свайго недарэчнага жарту. — Вустрыцы! Гурка свежага няма. А на рынку іх поўна ўжо.

— На рынку ёсць, — згадзіўся Тарас. — Я вось вязу.

— Сур'ёзна? Кладзі на стол. А то Яраш плюс Шыковічы ўсё з'ядуць. Калгасам жывуць. І апетыт у іх там…

— Няёмка.

— Усё ёмка. Давай сюды!

Ён сапраўды гіпнатызаваў сваёй здзіўляючай незалежнасцю. Ён амаль загадваў. Тарас у душы пратэставаў, але падпарадкаваўся. Развязаў мяшок і падаў паўдзесятка маладзенькіх зялёных гурочкаў.

Славік перадаў іх афіцыянтцы, якая засцяліла чысты абрус, паставіла чаркі, з усмешкай слухаючы іх размову.

— Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавіну сажрэ. Цэленькія. Аздобіць цыбулькай. Асобна смятану. Колькі? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнікі прыходзяць са сваімі гуркамі. Вось так, — зняважлівым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч. — Адбіўныя.