— Колькі?
— Дзесяць. Восем з'ясі сама, — ён жартаваў груба, панура, без усмешкі, і гэта таксама абурала Тараса. — Каньяку трыста.
— Толькі па сто.
— Толькі? А ты зрабі па трыста. Вады далі. І закон не парушаны. І мы задаволены.
Афіцыянтка засмяялася і пайшла.
Паводзіны Славіка і абуралі, і забаўлялі.
«Аблонскі! Далібог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, ці ёсць у мяне грошы на каньяк».
— Ты чуў? Толькі па сто.
— Правільна. Трэба змагацца…
— З чым? Кінь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якія п'юць дома.
— Ну, ведаеш, дай волю такім, як ты… Наліжуцца.
— Наліжуся. Бо не выхавана культура піцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ — і п'яных няма.
— Хто табе сказаў?
— Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налізваюцца штовечар.
«Ах, вось дзе тваё нутро вылазіць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца», — з пагардай падумаў Тарас, але з-за далікатнасці сказаў больш мякка:
— Хто налізваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калі чалавек мазалём зарабляе… Я не бачыў сярод рабочага класа…
— Кінь. — Вочы Славіка непрыгожа і злосна звузіліся, ён натапырыўся і стаў падобны на маленькага драпежніка са сваімі каротка падстрыжанымі, непакорлівымі валасамі. — І потым не рабі хоць ты гэтага ідыёцкага дзялення: ты — клас, а я — не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. І адрозніваюся ад цябе адным… Табе ўсё падабаецца, ты ўсім задаволены… А я крытыкую ўсё…
— Вось іменна, усё.
— Не лаві на слове. Гагарын паляцеў — я на галаве хадзіў на студыі. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.
— Дрэннае і я крытыкую. Толькі не ў рэстаранах.
— А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.
Тарас адкінуў далікатнасць, спытаў з'едліва:
— А што ты любіш, парыжскія кафэ?
Славік, разявіўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.
— Ты ведаеш, што за такія словы б'юць па мордзе?
— Заела?
— Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкі далей. Не люблю, калі атлусцелыя дзядзькі пачынаюць мяне вучыць…
Тараса пачала раздражняць Славікава прэтэнзія на глыбакадумнасць і разважлівасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананні, а проста так — модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, і ён стрымліваў сябе. Але тое, што сказаў Славік пра настаўнікаў, яго проста-такі ўзарвала.
— Хто гэта «атлусцелыя дзядзькі»? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесілі. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнікі? Ты…
Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць і не на поўны голас. Але словы яго, відаць, пачулі многія. На іх пачалі звяртаць увагу. Першы гэта прыкмеціў Славік. Азірнуўся насцярожана, прашаптаў добразычліва:
— Цішэй.
Тарас схамянуўся.
Па радыё абвясцілі, што да адыходу хуткага цягніка «Кіеў — Ленінград» засталася адна хвіліна. Пасажыры паспешліва пакідалі залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасіў: «Бора, пішы! Кожны дзень пішы!» Другі, мужчынскі: «Мама, пацалуй Аньку за мяне!»
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокімі вокнамі. У адным акне — дзявочы твар, прыгожы і сумны. Тарасу стала шкада яе:
«Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. І ў ім многа радасці. Каб я мог падараваць табе радасць…»
Вагон ціха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позіркам. Ён усміхнуўся ёй і развітальна памахаў рукой. Яму таксама зрабілася трошкі сумна. Плылі вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй… А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнік і фантазёр — уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калі нарэшце Славік адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаіць графінчык з каньяком, гуркі, бутэлька нарзану.
— Пра што задумаўся, маэстра?
— Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такія дзеці?..
— Дурныя, хочаш сказаць? І маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем і паразважаем на гэтую тэму.
Славік звыкла прыгожым рухам наліў у чаркі, падсунуў Тарасу гуркі. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
— Будзь здароў, камбрыгадзір! — і, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой і смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзіла вельмі натуральна.
Тарас выпіў паўчаркі, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солі — па-дамашняму, грунтоўна. І, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнанні са Славікам. Рукі, такія хуткія і ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлі з-пад улады. Гэта трохі выбівала з каляіны. Глушыла дасціпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славіка. А той зноў наліў сабе да ўзроўню — колькі засталося ў Тараса, але не выпіў. Заціснуў чарку ў далоні, нахіліўся над сталом. Шчокі яго заружавеліся, вочы сталі масляністыя і больш шырокія, а то ён усё прыжмурваў іх. Голас панізіў да шэпту: