Выбрать главу

— Чаму ржаце, як шатландскія жарабцы? Чэрці рыжыя! Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем! І ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!

Па-ангельску ангельцы не разумелі, па-расейску зразумелі. Усхапіліся ўсе адразу. Не столькі ад абурэння, колькі ад нечаканасці, ад боязі скандалу. Абурыліся наведвальнікі. Усхадзілася ўся прыслуга рэстарана. Ветліва, пад ручкі, вывелі Славіка з гатэля і перадалі дружыннікам. Тыя не былі такімі ветлівымі і, калі Славік пачаў куралесіць, далі кухталёў.

Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, і адразу ўявіў маці, як яна будзе перажываць. І хацелася яму… не, не памерці, а збегчы на край свету. Але яго нікуды не пусцілі. Павялі ў народны суд. Вось тут Славіку хацелася памерці. Суддзя — іх знаёмая, Зоя Цімафееўна. Жылі ў адным доме. У госці прыходзіла, у лес разам ездзілі. Славік глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злітуйся, усё жыццё буду дзякаваць.

Але поўная, з шырокім добрым тварам жанчына толькі на нейкі момант глыбока задумалася. А потым без лішніх роспытаў і натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.

7

Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва:

— Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?..

Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты.

Сізоненка ўспомніў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад міліцэйскіх спраў твар яго ўсё больш і больш выцягваўся, некуды ў падброўе схаваліся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнімаючы галавы ад папер. Таму Сізоненка пачаў манеўраваць:

— Усе патроху.

— Хто?

— Школа. Камсамол. Мы.

— Хто «мы»?

— Міліцыя, я маю на ўвазе. Не праводзім прафілактычных мер… Ліберальнічаем.

— А бацькі? — Гукан узняў галаву.

Сізоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусім просты адказ.

— Бацькі — гэта само сабой… У першую чаргу, безумоўна, бацькі.

— Правільна. У першую чаргу, — згадзіўся Гукан.

І больш ні слова пра гэта. Былі другія справы.

Але калі начальнік міліцыі пайшоў, Сямён Парфёнавіч падняўся з-за стала, на сярэдзіне кабінета смачна пацягнуўся і бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамі. Ён нярэдка рабіў такую размінку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой — тым хутчэй рухі. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварыліся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нічога не казаць. Вось жа даў бог намесніка. І за яго гарой Тарасаў.

«Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевіч, але не на тых людзей арыентуешся».

Гукан падышоў да тэлефона і набраў нумар сакратара гаркома.

— Адзін? — Яны ўжо бачыліся сёння.

— Калі я бываю адзін. Асвета вось сядзіць. Думаем разам. Сядзім і думаем. А работа стаіць, — як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.

— Ты чуў, што натварыў сын Шыковіча? Чорт ведае што! Міжнародны скандал.

Тарасаву за дзве гадзіны працы ўжо трэці чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калі ласка, якая падзея дня! І вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад ці надавалі б гэтаму столькі ўвагі. Але сын Шыковіча… Таму сакратар адказаў зноў-такі з гумарам:

— Міжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносін?

Гукан асекся. Непрыязна падумаў: «На жартачкі збівае. Выгарадзіць хоча».

— Ты не жартуй. Факт непрыемны.

— А я што кажу, радасны?

— Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?

— Калі ворагі, дык яны даўно ўжо думаюць… А калі сябры, то адзін дурань…

— Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукінага сына судзіць…

— Вось як! — Тарасаў як бы здзівіўся. — Думаю, нікога яшчэ не судзілі па гэтаму закону. Не будзем і мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?