Выбрать главу

Шыковіч з нецярплівасцю чалавека, які вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крыніца сюжэтаў! Якія характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзіўна — пра сувязі з людзьмі горада часта ўспаміналася, аднак ніводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца ніводнае сапраўднае імя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзін толькі ўспамін. Цікавы і арыгінальны. У расшыфраванай запісцы ўсё той жа сувязной Марусі. Яе рукой было напісана:

«Добры дзень, цётка Параска!

Паведамляю, што яйкі твае 43 штукі, 4 кг парэчкі, 1 кг масла, 2 літры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купіла 7 кавалкаў мыла і 3 катушкі нітак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усім нашым нізка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабіць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыдні, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.

Цалую. Твая пляменніца Маруся».

Унізе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкі рукой Варавы напісаны спачатку лічбы:

«34, 14, 82, 08, 37, 21,

42-17, 9, 81, 93.

Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкі, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялі. Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»

Шыковіч убачыў па літарах, як задрыжала рука мужнага, энергічнага, вынаходлівага чалавека — Варавы, калі ён пісаў гэтыя апошнія словы, што выніклі не з кода, а вырваліся з сэрца: «Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»

Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!

Асцярожнасць, хітрыя коды, ключы да якіх наўрад хто знойдзе цяпер… І ўсё адно правалы, смерці. Вораг быў таксама хітры і каварны. Але нішто не магло зламаць такіх, як Варава, як Маруся. Загінулі разведчыкі — на іх месца пайшлі Маруся і Насця!

«Абавязкова напішу пра іх», — вырашыў Шыковіч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.

Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя ці загінулі? І хто такі Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма ні пачатку, ні канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далі ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запіска Варавы:

«Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калі ён не аддасць Люцікаву частку тых нямецкіх лякарстваў, якія прыслаў „Хірург“, я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, індывідуаліст, сукін сын!»

Лякарствы, якія прыслаў «Хірург»… Не Доктар, а «Хірург». Але словы «доктар» Варава двойчы напісаў без двукосся, а «хірург» узяў у двукоссе. А калі меркаваць па ўсім іншым, камісар атрада быў акуратны і даволі пісьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пісаў падпольныя клічкі? Вельмі можа быць, што маецца на ўвазе адзін і той жа чалавек. Але Доктар — гэта для яго, Варавы, для Марусі, для вузкага кола тых, хто ведаў асабіста і трымаў сувязь з падпольшчыкам. «Хірург» — для ўсіх другіх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкі. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькі лекар ці аптэкар.

Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпісаў з дакументаў дзесяткі прозвішчаў. Дзе гэтыя людзі? Варава загінуў у верасні сорак другога… Красянкоў, камандзір атрада, быў адкліканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другіх чапаеўцаў ён, Шыковіч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавіч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калі ўжо была сфармавана брыгада. Але камісар мусіць ведаць пра тыя сувязі, якія наладжваліся атрадамі, што склалі брыгаду! Чаму ж Гукан нічога не расказаў яму, калі яны працавалі разам, ні пра Доктара, ні пра «Хірурга», ні пра Марусю? І нічога не напісаў у сваёй кнізе. Малазначныя факты? Можа, толькі яму, Шыковічу, чалавеку з фантазіяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымі. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пісаць? Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненні і здагадкі. Папрасіць парады. Урэшце, ён разумны чалавек і сам, напэўна, добра разумее, што ў кнізе яго многа недакладнасцей, прабелаў і што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыі, больш аб'ектыўна асвятліць той ці іншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.