Выбрать главу

Яраш глыбока ўдыхнуў паветра і рушыў да яго.

— Не будзь, Кірыла, як кажа мая Наташка, разумны задам. Я вось што скажу табе, — ён узяўся левай рукой за адчыненыя дзверы. — Калі гэтага гарэння ў цябе не на адзін дзень, калі ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука. — Шыковіч паціснуў працягнутую руку. — А калі ты паклікаў Гукана, каб паказаць перад ім сілу «вызваленага негра», папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульні не ўдзельнічаю. Нягледзячы на яго кнігу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра і папрацаваў — дай бог кожнаму, як ты кажаш. Ідзі пішы свой артыкул. — Яраш жартаўліва ўпіхнуў сябра ў пакой.

2

Гукан на абед не прыехаў.

Кірыла, шумны з раніцы, вясёлы і лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець і злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасіў у госці старшыню гарсавета.

Валянціна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпікнула ніводным словам.

— Калі ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.

Кірыла паглядзеў на гадзіннік, яму хацелася есці, можа, таму і злаваўся. Пайшоў да Яраша, які ляжаў каля ручая пад дубам і чытаў часопіс на ангельскай мове.

— Хам.

— Хто? — Ярашу чамусьці зрабілася смешна, і ён закрыў твар далонямі.

— Калі я быў патрэбны яму, тады ён знаходзіў мяне ўсюды. Я знарок прасіў у рэдактара камандзіроўкі ў самыя далёкія куткі. Ён адклікаў назад і яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. «Гэта не мая кніжка. Гэта партыйнае даручэнне. І мне, і табе». Вось як!

— Юпітэр, ты злуеш… І паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасіць чалавека, каб…

— Дальбог, а запрашаў шчыра. І пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змяніліся? Усё змянілася.

— А калі шчыра, то цярпліва чакай і, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такі ўжо акуратны.

— Есці хачу.

— Табе карысна пагаладаць.

Кірыла лёг на спіну, палажыўшы рукі пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі, але ён ніяк не мог убачыць іх і са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзіць старасць. Хацелася пафіласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважліва чытаў. Кірыла паглядзеў на сябра і не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў ім павага да людзей, якія чытаюць на замежнай мове. Павага і зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём і не вывучыў ніводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзіў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хіба Яраш не з яго пакалення?

Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўніць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калі пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.

А неба… неба якое сёння! Яснае, яно ніколі, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. І адценні гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. І хмаркі-аўчынкі заўсёды розныя — па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над лясніцтвам, падобна на… На што? На прычоску Элы, машыністкі рэдакцыі. Кірыла сумна ўсміхнуўся: ён не вельмі багаты на метафары і параўнанні. Заўсёды пакутліва шукаць іх, каб былі трапныя, арыгінальныя. Ён вінаваціць газету — яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасці, хоць якой-небудзь.

— Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку… Давай расціснем. Употай. А за абедам, на здзіўленне сваім «Богам падараваным», будзем піць адно кісленькае віно.

Яраш засмяяўся:

— У цябе авантурны характар, Кірыла.

Абедалі разам, за агульным сталом, як рабілі часта, на верандзе ў Ярашаў, бо ў такі час дня там быў цень. Толькі Іра за стол не прыйшла.

— Яна перакусіла, — адказала Валянціна Андрэеўна на мужава запытанне.

Кірыла абурыўся. Яго злавала стаўленне дачкі да іх калектыву. Ён знарок будаваў дачу разам з Ярашам, каб лягчэй было змагацца «з сямейным эгаізмам», а галоўнае — з індывідуалізмам дзяцей. Праявы такога індывідуалізму насцярожваюць, хоць выяўляецца ён у дачкі і сына супрацьлегла, па-рознаму.

— Гэтая твая неарганізаванасць корміць іх эгаізм, — папракнуў Шыковіч жонку. — Але, ты яго падаграваеш! Што ім да другіх, да парадку! Парадак — гэта для бацькоў. А для іх — анархія. Захацела — паела, і бывайце здаровы. Ніякіх турбот. Мама нагатавала, мама і талеркі памые…

Галіна Адамаўна не баялася дрэннага ўплыву дзяцей Шыковічаў, старэйшых па ўзросту, на яе Віктара і Наташу. Але не любіла, калі пры малых залішне многа гаварылі пра эгаізм і ўвогуле пра выхаванне. Ёй заўсёды не падабаліся па сутнасці сваёй правільныя, глыбакадумныя разважанні Шыковіча ў прысутнасці дзяцей. Яна лічыла, што выхаванне — такі хітры механізм, які павінен быць заўсёды схаваны і разам з тым ні на міг не спыняцца, не грымець, не ляскаць, не дыміць, не чадзіць, але працаваць безадказна. Яна сказала, як бы між іншым, раскладаючы відэльцы і нажы: