Выбрать главу

Будучы чалавекам нецярплівым, Шыковіч адразу ж з архіва накіраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскія работнікі. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковіча ведалі, прывіталіся ветліва, але кожны ў душы стаіў незадавальненне яго прыходам: пісьменнік, які дапамог Гукану напісаць кніжку, работнік рэдакцыі, ён меў маральнае права пайсці без чаргі. Яны не пярэчылі супраць гэтага яго права, але нікому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковіч і меўся з ходу праскочыць у кабінет, але новая сакратарка затрымала яго:

— У Сямёна Парфёнавіча нарада гандлёвых работнікаў.

— Ух, гэтыя гандляры! Толькі бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.

Супраць гандляроў, якія занадта доўга радзіліся, настроены былі ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковіча аб адным старшыні райспажыўсаюза. Дырэктар піўзавода пачаў падкідваць фельетаністу факты. Але Кірылу гэта не цікавіла, ён жыў вобразамі падпольшчыкаў, людзьмі, якія паўсталі з дакументаў.

Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусім маладзенькае. Новенькая. Шыковіч падумаў пра яе з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька».

І сярдзіта спытаў:

— Колькі іх там?

— Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.

— Дык якая гэта нарада! Ідзі ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковіч пытае.

Пачуўшы знаёмае прозвішча, дзяўчынка з цікавасцю паглядзела на Кірылу і паслухмяна нырнула ў будку: кабінет, каб не пранікаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабіну на міжгародняй тэлефоннай станцыі.

Неўзабаве адзін за адным, усе з тоўстымі папкамі, з будкі гэтай вываліліся кіраўнікі гарадскога гандлю. Следам за імі з'явіўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокі, у ботах, галіфэ, але ў добра скроеным пінжаку, пры гальштуку. Наведвальнікі падняліся: ці не думае старшыня ісці куды?

— Кірыла Васільевіч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькі народу чакае.

— Ды я хацеў параіцца па адным пытанні.

Гукан быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Ага, параіцца хоча. Было б несумленна ў такі час адмовіць яму ў сяброўскай парадзе ці прымусіць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамі горада.

— Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, — звярнуўся старшыня да іншых.

— Калі ласка, Сямён Парфёнавіч, — адказаў за ўсіх адзін.

Каб надаць гутарцы сяброўска-інтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якім ласкава шапталіся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковіча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусім інакш узрушаны, ажно вочы блішчаць.

Кірыла выцягнуў з бакавой кішэні паперкі — копіі, якія спісаў з архіўных дакументаў, разгладзіў іх на стале і, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:

— Сямён Парфёнавіч, вы добра ведалі Вараву?

Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калі самалёт правальваецца ў паветраную яму.

«Што гэта ён? Заходзіць здалёк?»

— Якога? Таго?

— А хіба ёсць яшчэ які Варава?

— Не. Але прозвішча не такое ўжо рэдкае. Пракопа я ведаў. Да вайны яшчэ.

— Цікавы чалавек быў. Праўда?

Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалі паперкі, якія Шыковіч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якіх пішуць у рэдакцыю.

— Цікавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калі…

Ён хацеў сказаць: «Калі мы пісалі кнігу» — і чамусьці не сказаў, асекся.

— У вайну вы сустракаліся з ім?

— Аднойчы. На пасяджэнні абкома.

— Але пасля вы былі камісарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева…

— У брыгаду ўвайшло чатыры атрады і спецгрупа.

— Але штаб брыгады павінен быў ведаць пра тыя сувязі, якія наладжвалі атрады. Сямён Парфёнавіч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў іх у партархіве. Арыгіналы напісаны Варавам.

Гукан узяў паперы, і яны затрымцелі ў яго руцэ.

«Хвалюецца стары», — адзначыў Шыковіч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамінак пра загінуўшага таварыша. Гукан падняўся і пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў і доўга чытаў тры кароткія запіскі.

— Хто такія Доктар, «Хірург», Маруся, Насця? Вось што мяне цікавіць. — Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара.

Гукан адарваўся ад папер, пранікліва паглядзеў на пісьменніка праз акуляры, потым паверх іх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.