Каля цэнтральнага ўвахода сляпіў вочы касцёр вялікай клумбы. За ёй — кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкі. На гэтай дарожцы бабулі чамусьці любяць катаць каляскі з дзецьмі. Магчыма, пад гэтае шарханне шын па дробнай цэгле дзеці хораша спяць. Ці, можа, і малых і старых ап'яняе пах кветак? Маладыя маці, наадварот, забіраюцца глыбей, у цень, ці сядзяць каля фантана. Да глыбінь гэтага вялікага старога парку гарадскія ўлады ніяк не дабяруцца. Іх за гэта крытыкавалі. А Шыковіч заўсёды лічыў, што так лепш. Пачнуць добраўпарадкаваць — сапсуюць усю дзікую непаўторную прыгажосць. Ён асабліва любіў глухія куткі за сажалкай. Але наўрад ці будуць падмятаць там. Таму ён спачатку абышоў усе дарожкі паблізу, у культурнай частцы парку. Гулялі дзеці, драмалі на лавачках з газетамі на каленях пенсіянеры. Маладыя мамы чыталі тоўстыя раманы. Бабулі вязалі шарсцяныя чулкі. Дзіўна. Хвіліны ўтрапення, разгубленасці мінулі, і ён усё востра прыкмячаў, усё фіксаваў у памяці. Нават злосць знікла. З'явілася нешта зусім іншае. Хацелася сустрэць сына, і расла боязь гэтай сустрэчы. На вузкім мосце цераз роў ён спыніўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышыні скочыць у зялёную ваду сажалкі, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба і старыя дрэвы, парэнчы моста і горда выгнутыя шыі лебедзяў.
Шыковіч любіў глядзець з вышыні на гэтых дзіўных птушак. Якая пастава! Плывуць — не варухнуць ніводнай пер'інай, як мармуровыя. Гэтая іх паважнасць часта супакойвала. Але сёння — не. Усхваляванасць расла. І боязь. Ён амаль прымусіў сябе пайсці далей па густа зацененай дарожцы. Толькі абышоўшы і гэтую палавіну парку і не сустрэўшы нікога, акрамя дзвюх пар закаханых студэнтаў, Шыковіч з палёгкай уздыхнуў. Зразумеў, недарэчна шукаць сына тут; і добра, што ён не ўбачыў Славіка з мятлой у руках, пад вартай міліцыянера. Цяжка ўявіць, якое ўражанне гэта магло б зрабіць на яго ды на таго шалапута таксама. Невядома, ці ўдалося б яму стрымацца і нічога не сказаць. Нельга, нарэшце, рабіць з арышту Славіка трагедыю. Зарабіў — няхай панясе кару. Што ён, аднак, натварыў? У рэдакцыі, напэўна, ведаюць.
У новым будынку трымаўся халадок і панавала цішыня. Нават не чуваць было звыклага стуку машынкі. Бухгалтары, машыністкі і кур'еры абедалі, як ніхто, дакладна ў пэўны час. Але ў гэты летні дзень нават сакратары рэдакцыі не заседжваліся ў кабінетах. Калі толькі рабілася газета?
Шыковіч падняўся на другі паверх, заглянуў у прыёмную рэдактара, у кабінет намесніка. Пуста. Зайшоў у свой пакой; загадчык аддзела таксама, відаць, абедаў. На яго стале ляжаў рукапіс, рэцэнзія на прэм'еру абласнога тэатра, якая адбылася месяцы два назад: «Новы спектакль». Кірыла злосна закрэсліў гэты недарэчны загаловак. І пачаў правіць тэкст, хоць гэта была зусім не яго работа. Не пакідаў жывога месца. Работа захапіла. Замест правільнай, але прэснай жвачкі выходзіла жывое, дасціпнае, едкае слова пра няўдалы спектакль. Ён быў добры чалавек, да таго ж ведаў, як нялёгка даецца ў мастацтве ўдача. Ніхто не ставіць сабе мэту зрабіць дрэнна. Ён не любіў пісаць адмоўныя рэцэнзіі. І ненавідзеў людзей, якія радаваліся няўдачы ў другіх, смакавалі правалы спектакляў і кніг. А тут раптам, забыўшыся на ўласныя перакананні, пісаў надзвычай бязлітасны водгук і, можа, упершыню рабіў гэта з задавальненнем.
У дзверы заглянуў Адам Рагойша, загадчык прамысловага аддзела, нізенькі чалавек з мясістым носам, шырокім ілбом і дзіўнай лысінай: звужанай наперадзе і шырокай на макаўцы, зверху гэтая лысіна нагадвала па форме і па ружовасці чырву.
— Ты тут? — спытаў Рагойша, уваходзячы.
— Не, мяне няма.
Шыковіч не любіў гэтага чалавека. Не любіў за яго зайздроснасць. Рагойша зайздросціў усім. Яму, Шыковічу, за тое, што ён мае права не сядзець у рэдакцыі, а пісаць нарысы і фельетоны дома, ды яшчэ на дачы.
«Дай мне такія ўмовы, і я напішу не горш. Кожны напіша».
Зайздросціў загадчыку сельгасаддзела Лапіцкаму, што ў таго пяцёра дзяцей, а ён, Рагойша, бяздзетны. Прыдзірліва, як следчы, аглядаў кожную новую сукенку і кофтачку карэктаркі Маі Гутар. Падазрона шаптаў: «Адкуль гэта яна бярэ? За свой заробак?» Яго чамусьці многія баяліся, нават рэдактар. Рагойша нямала пастараўся, каб нагнаць страху і на Шыковіча. Кірыла неяк у кампаніі пагразіўся, што зробіць Рагойшу персанажам сатырычнай аповесці, нават прозвішча не зменіць. Рагойшу гэта перадалі, і з таго часу ён пачаў шукаць дружбы.
Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапіс, які правіў Шыковіч, здзіўлена свіснуў: