— Вось аўтара гэтага сапраўды няма. Ні рожак, ні ножак не засталося. Хто пісаў?
— Я.
— Сам сябе так правіш? — шчыра здзівіўся Рагойша. — Ну-у? Здорава! — І пажартаваў: — Талстой. Толькі не Леў.
Але, відаць, усумніўшыся, пацягнуўся да перагорнутых выпраўленых старонак, каб глянуць на тытульную. Кірыла прыціснуў старонкі локцем. Аўтарам рэцэнзіі была супрацоўніца рэдакцыі, да якой Рагойша ставіўся не надта прыязна. І Шыковіч не хацеў даваць яму лішні козыр супраць гэтай жанчыны. Рука Рагойшы застыла на стале, пальцы ляглі на рукапіс. Пасінела ружовая піка лысіны — абразіўся чалавек, што Шыковіч, не жадаючы паказаць рукапіс, як бы выказвае яму недавер. Але Рагойша знайшоў выйсце з няёмкага становішча. У левай руцэ ён трымаў кніжку. І тут жа паклаў яе на стол. Гэта была аповесць Шыковіча, што нядаўна выйшла з друку. Кірылу здзівіла такая неспадзяванка. Ён адарваўся ад рукапісу і пільна паглядзеў у лупатыя, як у хворага на зоб, вочы Рагойшы. Вочы былі халодныя, а твар разрыхліўся ад усмешкі.
— Вось купіў. Надпішы на памяць. Сам не здагадаешся падараваць.
Кірыла ведаў, што ў дадатак да ўсіх іншых сваіх якасцей загадчык прамысловага аддзела яшчэ і скупы, кнігі купляе рэдка. А таму той факт, што ён купіў яго аповесць, прыемна ўразіў і нават закрануў аўтарскае самалюбства. Кірыла адразу падабрэў. Узяў кніжку, задумаўся, што напісаць, каб не шаблоннае.
— Колькі ганарару адхапіў?
— Тры.
— На новыя? Ого! Куды ты дзяваць іх будзеш?
— Палавіну табе аддам.
І дзіўна, гэты, здавалася б, зусім нявінны жарт пакрыўдзіў Рагойшу. Ён усхапіўся з крэсла, тоўсты нос яго і вушы пабурэлі. Злосна кінуў:
— Сынку свайму аддай. Яму на рэстараны трэба.
Не, не абразіла і не пакрыўдзіла гэта Шыковіча, а неяк балюча ўкалола. Ён раптам зразумеў, што зайздросны і крывадушны чалавек гэты зайшоў зусім не за тым, каб атрымаць аўтограф, што ў душы ён радуецца непрыемнасці са Славікам. Абурэнне яго было дзіўнае — ціхае. Няхай бы ён лепш закрычаў, вылаяўся. Пры сваёй флегматычнасці ён зрэдку-такі ўзрываўся і мог моцна крычаць, гэта ў рэдакцыі ведалі. Дык не ж, ён зрабіў нешта зусім нечаканае і для самога сябе, і для Рагойшы, для ўсіх. Спакойна ўстаў з-за стала, падышоў да загадчыка аддзела, узяў за каўнер паласатага пінжака, падвёў яго, страшэнна ашаломленага, да дзвярэй, ударам нагі шырока адчыніў іх і выкінуў Рагойшу ў калідор, як непатрэбную рэч. Зачыніў дзверы і зноў-такі даволі спакойна вярнуўся да стала. Ціхае кіпенне ўсярэдзіне пачало хутка ўтаймоўвацца. Прыгадаўшы, які ў Рагойшы зрабіўся твар, калі ён узяў яго за каўнер, Кірыла нават засмяяўся.
Хутка яго паклікалі да рэдактара. У доўгім і вузкім кабінеце акрамя рэдактара сядзеў дырэктар тэлестудыі Аляксей Тукала, стары прыяцель Шыковіча, некалі разам пачыналі пісаць, разам працавалі многа год. Кірыла ўзрадаваўся, што размова будзе не адзін на адзін і што нарэшце ён зможа высветліць віну сына. Тукала, напэўна ж, усё ведае.
Шыковіч, як звычайна, весела прывітаўся. Але тое, што Аляксей, працягваючы руку, афіцыйна-ветліва прыўзняўся, насцярожыла яго.
Няўжо Алёша Тукала падкрэслівае дыстанцыю паміж сабой і ім, Шыковічам? Смешна.
Не таму, што сумеўся, а знарок, каб паглядзець, што ж будзе далей, Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Але бачыў, што і дырэктар студыі і рэдактар разглядаюць яго з павышанай цікавасцю.
«Алёшу ўразіла мая новая якасць — уменне выкідваць з кабінета дурняў», — падумаў весела.
Жывіцкі — прынцыповы кіраўнік і ўвогуле добрай душы чалавек. Ён цаніў людзей, якія ўмеюць пісаць, абараняў кожнага здольнага журналіста. Шыковічам жа проста ганарыўся — не кожная газета мае такога нарысіста і фельетаніста. Ніколі ў адносінах да яго не выяўляў сваю рэдактарскую ўладу. Таму і размову гэтую яму пачаць было нялёгка.
— Кірыла Васільевіч, скажы, калі ласка, што ў вас адбылося. Рагойша тут дакрычаўся да сардэчнага прыступу. Лекара выклікалі. Заявіў, што пойдзе ў гарком…
— Няхай ідзе…
Мяккасць і асцярожнасць, з якой Жывіцкі пачаў сваю прамову, адразу зрабілі Кірылу сур'ёзным і злосным. Злосным на Рагойшу. Дзіўна, да слоў рэдактара ён не адчуваў гэтай злосці.
— Не, ты чакай… З крыку Рагойшы я нічога не зразумеў. Растлумач ты хоць, што ў вас адбылося.
— Нічога не адбылося. Ён папракнуў мяне за сына. Я не ведаю яшчэ, што там натварыў мой сын. Але калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў ён, чамусьці звяртаючыся да Тукалы.