Выбрать главу

Шыковічу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў і накіраваўся да выхаду. Калі дзверы за ім зачыніліся, Тукала выхапіў хусцінку і пачаў выціраць успацелыя рукі і лоб.

— Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!

Жывіцкі засмяяўся.

Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развіваць цэлую тэорыю наконт славы і зазнайства.

8

Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыі яго неаднойчы прыводзілі ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фінансаў не маглі ўстаяць перад яго хірургічным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарыліся славай хірургічнага аддзялення бальніцы, якое лічылася лепшым у рэспубліцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскіх лекараў, якіх нялёгка здзівіць медыцынскай тэхнікай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многія з патрэбных апаратаў былі набыты загадзя. Але ўстаноўку іх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар і аддзел будуць больш шчодрымі.

І раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамі і мантажнікамі вечарамі. Плаціў ім прэміяльныя са сваёй кішэні. За гэтае дзівацтва яму ўжо неяк раней наківалі на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькі з манцёрамі, але і са сталярамі, з паркетчыкамі, у клініцы звыкліся. Добрыя душы тлумачылі, што Ярашу проста няма куды дзяваць сілу і энергію, злыя — што такім чынам ён хоча павялічыць сваю папулярнасць.

Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робіцца так тэрмінова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсіх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзіць у падрыхтоўку да аперацыі Зосі Савіч. Ён зрабіў сотні розных аперацый, нямала ўжо і такіх — на сэрцы. Але бадай ні да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю і адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павінна быць узважана і ўлічана. Каб ніякай выпадковасці. Яго апраўдаюць усе, што б ні здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калі гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкі, гэтак жа, як некалі, калі цяжка хварэў Віця і ён, хірург Яраш, страціўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерці. З'яўлялася думка: а можа, запрасіць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кіева? Да яго прыедуць. Рэдка які хірург бярэцца аперыраваць блізкага чалавека. Блізкага… А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калі яна прыносіла яму ежу на гару, дзе і ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькі здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. І ўсё-такі яна была блізкім чалавекам. Ні адзін хворы ці хворая не жылі так у яго сэрцы, у думках.

Пакуль што Яраш аддаў яе тэрапеўтам, каб падлячылі, паназіралі, зрабілі ўсе кардыяграмы, здымкі і аналізы. Сам заходзіў рэдка, раз у тры дні, на кароткі час, як лекар. Гэта не збліжала, наадварот, аддаляла іх. Калі ў дзень сустрэчы ён казаў ёй «ты», то цяпер звяртаўся на «вы», як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома. У той жа час папрасіў Машу, каб тая наведвалася да Зосі. Ён сказаў пра гэта аперацыйнай сястры чамусьці крыху збянтэжана:

— Маша, ёсць у мяне да вас просьба…

Яна адразу насцярожылася.

— Калі ласка, Антон Кузьміч. — І падняла свае тонкія рукі, каб паправіць бялюткі чэпчык на высокай дзівосна залатой кукле валасоў. Ён даўно заўважыў, што яна заўсёды слухае вось так — з паднятымі рукамі.

— У тэрапіі ляжыць хворая Соф'я Савіч. Нам з вамі, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў бы, каб вы наведваліся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё.

Яраш адчуваў, што, выказаўшы такую просьбу, ён абавязаны растлумачыць Машы, хто ж такая Савіч. Але што сказаць?

Што Зося ратавала яго ад смерці? Чамусьці не хацелася, каб да аперацыі пра гэта даведаліся ў бальніцы. Ён добра ведаў, што, бадай, няма большых легендатворцаў і аматараў сенсацый, як лекары і сёстры.

Падумаўшы пра легенды, ён сказаў пра другое:

— Вы ведаеце, Маша, я не люблю казак. Але ёй расказвайце пра мяне любыя легенды.

Сястра застыла, як манекен, зграбная і халодная; яна заўсёды астывала, калі чаго не разумела. Ён растлумачыў:

— Пра маю хірургічную славу. Псіхічная падрыхтоўка.

Маша ўсміхнулася проста і цёпла, здавалася, што ўсміхнуўся не толькі яе твар, вусны, а ўся постаць — ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног.