Выбрать главу

— Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьміч.

— Не будзем гаварыць адно аднаму кампліментаў, Маша. Нам не патрэбна псіхічная падрыхтоўка.

Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну.

Дні праз два Маша зайшла да яго ў кабінет у той час, калі ён адпачываў паміж дзвюма складанымі аперацыямі. Яна не магла не ведаць, што хвіліны такога адпачынку былі свяшчэннымі. Як добры актор настройвае сябе на інакшае псіхалагічнае гучанне ў другой дзеі, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккім крэсле, скінуўшы чаравікі, паклаўшы ногі на другое крэсла, і паліў. І вельмі не любіў, калі хто-небудзь заходзіў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленні ведалі.

На стук у дзверы адказаў незадаволена:

— Хто там? — і скамячыў цыгарэту.

— Я.

Ён здзівіўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая і надзіва збянтэжаная. Куды падзеліся яе разлічаныя, да ненатуральнасці артыстычныя рухі! Спынілася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вінаваты.

Яраш хутка сунуў ногі ў чаравікі.

— Што здарылася, Маша?

— Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьміч, — сказала яна так, як магла б сказаць тады, калі ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовіцца. — Мы не разумеем адна адну. Яна, Савіч, адносіцца да мяне з дзіўнай падазронасцю…

— З падазронасцю? — перапытаў Яраш.

— Можа, не тое слова я сказала. Але… дзіўная яна. Пра такіх у нас кажуць: нелюдзімая.

— Нелюдзімая? — з суровым дакорам перапытаў ён і гэтай суровасцю зусім збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: — Сядайце, Маша, — і паказаў на тое мяккае крэсла, у якім толькі што сядзеў сам.

Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапіла да суровага і бязлітаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклівую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.

— Яна нічога не расказала вам пра сваё жыццё?

— Не, нічога.

— Вы чулі што-небудзь пра доктара Савіча?

Маша паківала галавой — не.

Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так і такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькі яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваім магутным целам і такім чынам даверліва наблізіўся да яе.

— Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносіліся з падазронасцю?

— Я? Калі бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек… Але гэта не тая падазронасць! — Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе — не зразумела яго.

— Скажыце, а вы ніколі не баяліся людзей, Маша?

Яна ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару.

— У школе я баялася нашага гісторыка. Мне дрэнна давалася гісторыя.

Ярашу здалося, што пра гісторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хітры і тонкі сэнс. Ён не здзівіўся, бо заўсёды лічыў яе разумнай і дасціпнай. Закрыўшы далонямі вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю?

У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор:

— Хто яна вам, гэтая Савіч?

Антон Кузьміч хутка адняў ад твару рукі.

— Вы маглі б, Маша, спытаць пра гэта адразу. Я сказаў бы вам. Зося Савіч ратавала мяне ў падполлі ад смерці.

— Вас? — Маша здзівілася, устрапянулася і адразу стала звычайная: сур'ёзная, але чуткая, як сейсмограф. Магчыма, нейкі момант яна не давала веры, што тая худзенькая, маленькая, спакутаваная — скура ды косці — нелюдзімая жанчынка ратавала такога асілка.

Яраш, зразумеўшы гэта, сказаў:

— Яна мужная дзяўчына. І ў яе цяжкі лёс. Смерць бацькі, загадкавая смерць. Нямецкі канцлагер. Сібір… Хвароба. — Ён падняўся, вялікі, крыху ўсхваляваны, выйшаў з-за стала. — Я хацеў, Маша, каб вы растапілі лёд у яе душы.

Пільна назіраючы за ім, Маша нейкі час яшчэ сядзела. А потым падхапілася, збянтэжаная: ніколі яна не садзілася, калі доктар Яраш стаяў. Цяпер ёй было сорамна і за тое, што яна не здолела нават шчыра пагаварыць з Савіч, і за тое, што вось так настойліва дамагалася тлумачэння ад Антона Кузьміча. Што ён можа падумаць? Але яна не стала прасіць прабачэння і не стала запэўняць, што цяпер пастараецца ўсё зрабіць, каб хворая не адчувала адзіноту. А зусім нечакана папрасіла пра другое:

— Антон Кузьміч, раскажыце пра гэта на нашым камсамольскім сходзе.

— Пра што?

— Пра сваю работу ў падполлі. Пра тых людзей… Пра Савіч…

Яраша трохі здзівіў такі нечаканы паварот. Ён пільна ўгледзеўся ў яе вочы-азёры з залатымі берагамі: сур'ёзна яна ці зноў з іроніяй, помсцячы, што ён нічога не расказаў адразу? Не, сястра прасіла сур'ёзна. І яго хораша кранула такая яе сур'ёзнасць.