Калі яна выйшла, Антон Кузьміч зноў сеў у крэсла, зноў запаліў (другую цыгарэту!) і доўга думаў. Пра лёс Зосі. Пра пакаленне, якое не ведае падазронасці і нічога не баіцца… Але што ён, Яраш, ведае пра гэтае пакаленне? Належаць да яго Тарас і Маша… Але ёсць і Славік Шыковіч… Як і чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славіка? Як далёка ён, нядаўні камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення! Калі быў апошні раз на камсамольскім сходзе? Год дзесяць ужо, не менш, публічна не расказваў пра падполле. Чаму? А раней, калі часам выступаў, ці расказаў хоць раз пра Зосю Савіч? Не, так, між іншым, зрэдку ўспамінаў дзяўчыну, якая памагла ўратавацца. Цяпер яму стала сорамна і агідна. Няўжо і ён баяўся? У падполлі не баяўся сто разоў ісці на смерць, а тут…
Адразу пасля вайны адчуваў маральны абавязак перад памяццю таварышаў, якія загінулі, напісаць пра іх барацьбу. Не напісаў. Пісаў дысертацыі. Кандыдацкую, пасля доктарскую (якую збіраецца абараняць). Гэтым апраўдваўся перад сваім сумленнем. А потым увогуле падполле пачало здавацца далёкай гісторыяй, да таго ж вельмі заблытанай людзьмі і часам. Ён не зразумеў нават адразу жадання Шыковіча вярнуцца да гэтай гісторыі, ператрусіць яе, перагледзець. Яму здавалася, каму гэта патрэбна цяпер? І вось уваскрэсла з мёртвых Зося Савіч… Ужо тады, у тую ноч, калі расказваў пра яе Шыковічу, ён, Яраш, зразумеў, што гэта патрэбна людзям, патрэбна новаму пакаленню — Тарасу, Славіку, Віцю, Наташы. Пасля размовы з Машай, пасля яе нечаканай просьбы расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ён пераканаўся ў гэтым цвёрда і непарушна.
Асноўныя работы ў аперацыйнай былі закончаны. Апошнія дні поркаліся з тэлевізійнай апаратурай. Яраша доўга не задавальняла яркасць адбітка на экране, і ён выгнаў з інжынера, з рабочых і з самога сябе сем патоў, пакуль дамогся, каб дарагая навінка гэтая давала належны эфект і карысць.
Калі тэхнікі пайшлі «замочваць» добрую справу за яго прэміяльныя, Яраш застаўся адзін. Ён яшчэ раз агледзеў сваю гаспадарку, якой употай ганарыўся. Усюды — нікеляваная сталь: безліч бліскучых інструментаў у шкляных шафах, дэталі апаратаў. Сталь, якая ў разумных руках хірурга прыносіць людзям ратунак, жыццё. О, ён ведаў вартасць сталі!
Але не дзеля таго, каб лішні раз агледзець аперацыйную, ён застаўся. Хацелася самому, без спецыялістаў, праверыць тэлеапаратуру. Быў у яго непахісны закон — усё ўмець рабіць самому.
Ён палажыў на аперацыйны стол разгорнуты падручнік па анатоміі, навёў на старонку тэлевізійную пушку, якая была ўманціравана ў бясценевую лямпу. Націснуў кнопкі. Засвяціўся экран, задрыжалі на момант звілістыя ніткі кадраў. А потым застыў павялічаны адбітак каленнага сустава. Ён гартаў старонкі і бачыў на экране свае рукі. Чалавеку старонняму магло б здацца, што ён забаўляецца, як дзіця, цешыцца новай цацкай, назначэнне якой у аперацыйнай не кожнаму лёгка зразумець. На экране з'явілася сэрца. Яраш перастаў гартаць старонкі падручніка, выпрастаўся і ўважліва пачаў разглядаць адбітак, быццам убачыў гэтае дзіва першы раз у жыцці. У той міг ён падумаў пра Зосю. І яго ўласнае сэрца дало пачуць сябе. Такія нечаканыя штуршкі ён адчуваў ужо некалькі разоў. Няўжо гэта боязь будучай аперацыі?
Яраш выключыў устаноўку і бясценевыя лямпы і адышоў да шырачэзнага — на ўсю сцяну — акна. Вечарэла. Сад пакрыўся ценем ад будынкаў. Сонца заходзіла з другога боку, за бальнічнымі карпусамі. Адзіны прамень яго прабіўся паміж муроў і асвяціў верхавіны таполяў, маладых, але самых высокіх дрэў. Яраш прыгадаў, што таполевая алея гэтая была пасаджана ў вясну Перамогі. І вунь якія вымахалі дрэвы! У садзе гулялі хворыя. Адны сядзелі, другія хадзілі. Санітарка ў белым халаце гушкала дзіця, загорнутае ў такі ж шэры бальнічны халат, якія былі і на дарослых. Яраш ненавідзеў форму і колер гэтых халатаў і ўжо колькі год вёў вайну, каб замяніць іх. З ім згаджаліся, а пасля — ён ведаў — кпілі, ацэньваючы яго дамаганні як дзівацтва таленавітага чалавека, які ва ўсім хоча быць арыгінальным.
Амаль пад самым акном аперацыйнай пад яблыняй сядзелі трое маладых людзей: адзін у бальнічным халаце з падвязанай рукой, двое ў майках. Хлопцы разлівалі віно. Хворы быў яго, Ярашаў, рабочы-будаўнік з пераломам рукі. Але як трапілі сюды ў такі час наведвальнікі?
«Хаця б схаваліся. А то расселіся на вачах усёй бальніцы. Вось жа лайдакі!» — з нязлосным дакорам падумаў хірург. Ён мог адчыніць акно і накрычаць на хлопцаў. Але замест гэтага далікатна адступіў у глыб аперацыйнай, каб не спугнуць іх. І самому яму захацелася хутчэй апынуцца на дачы. Сесці вось так на траву, каля свайго ўлюбёнага вогнішча. А потым ляжаць, глядзець у неба і слухаць крыху блытаныя, але цікавыя разважанні Шыковіча пра палітыку, мараль і літаратуру. Пра адно толькі падумаў з непрыемнасцю: зноў трэба тлумачыць Галіне, дзе так затрымаўся. Але не ўзлаваўся на жонку, а пашкадаваў яе: яна варта жалю за сваю неразумную рэўнасць.