Павярнуўся, каб пайсці, і ў адчыненых шкляных дзвярах убачыў Машу. Яго трохі спалохала, што сястра магла доўга назіраць за ім. І ён спытаў амаль груба:
— Што вы робіце тут у такі час? — Але спахапіўся і пажартаваў: — Вашы равесніцы даўно танцуюць.
— Я была ў Зосі. — Вочы яе дзіўна бліснулі. — Яна расказвала, як ратавала вас… І пра сябе.
Яраш падумаў: а ці правільна ён робіць, што ні пра што не распытвае ў Зосі? А раптам… Не, не! Ён рашуча адганяў гэтую думку. Таму і не распытвае і рэдка пакуль што наведваецца, бо хоча пераканаць у першую чаргу яе (ды і сябе таксама!), што аперацыя гэтая звычайная і ўсё скончыцца найлепшым чынам.
«Што яна расказвала пра сябе?» — хацелася яму спытаць у Машы. Але нешта стрымала яго.
— Значыцца, больш яна не адносіцца да вас з падазронасцю?
— Мне здаецца, мы пасябравалі.
— Дзякую, Маша.
— Няма за што, Антон Кузьміч. — Яна апусціла вочы, сказала: — Яна пыталася, ці знаёма я з Тарасам, — і раптам папрасіла: — Пазнаёмце мяне з Тарасам.
Цяжка не здзіўляцца — такія нечаканыя паведамленні і просьбы ў гэтай дзяўчыны. Але гэтая просьба Ярашу спадабалася.
— Прыязджайце ў нядзелю да нас на дачу. Пазваніце раніцай доктару Майзісу, у яго свая машына. Я запрашаў яго.
— Дзякую, Антон Кузьміч. Я магу ісці?
— Калі ласка, Маша…
Нейкі момант ён стаяў у аперацыйнай, слухаючы, як недзе далёка ляпаюць дзверы. Потым рушыў у калідор, на хаду развязваючы нарукаўныя матузкі халата. Перад сваім кабінетам спыніўся, хвіліну пастаяў у задуме і… хутка пайшоў па доўгім калідоры, завязваючы матузкі.
У тэрапеўтычным аддзяленні ён пачуў, як адна дзяжурная сястра спалохана крыкнула другой:
— Яраш! — І забегалі, замітусіліся. Ён ніколі не мог зразумець, чаму ў другіх аддзяленнях і клініках яго гэтак баяцца.
Зося, у адной сарочцы, доўгай, пацямнелай ад часу і мыцця, сядзела каля акна і ела чарэшню, выплёўваючы костачкі на газету. Убачыўшы яго, яна войкнула, засаромелася, закрыла рукамі грудзі. Ад яе сарамлівасці і яму зрабілася ніякавата. Год пятнаццаць ужо ён не адчуваў нічога падобнага, заходзячы да хворых і застаючы іх у любым выглядзе. Ды і ўвогуле з ім было гэта толькі аднойчы: калі нарадзіўся іх першынец Віктар і ён, студэнт-выпускнік, наведаўся ў палату, дзе ляжалі парадзіхі.
«Што ты закрываешся? — падумаў ён пра Зосю. — Столькі разоў я цябе аглядаў, выслухоўваў… Буду трымаць у руках тваё сэрца…»
Прывітаўся да ўсіх. У адзін позірк убачыў, што і другія жанчыны накрываюцца коўдрамі, зашпільваюць халаты, прычэсваюць валасы. Іх было ў палаце шэсць чалавек. Дзіўная жаночая псіхалогія! Сарамлівасць іх залежыць ад часу і абставін.
Яраш спытаў у Зосі, як пытаюць усе лекары ў сваіх пацыентаў:
— Як мы адчуваем сябе?
— Добра, — нясмела адказала яна і ўсё яшчэ закрывала грудзі і хавала пад табурэт свае босыя ногі.
Ён узяў на ложку стракаты халат і падаў ёй. Яна хуценька накінула яго, зашпілілася.
— Лажыцеся, — сказаў ён.
Узрадаваная, яна даволі рухава нырнула пад коўдру. Ён узяў табурэт, на якім яна сядзела каля акна, сеў побач.
— Гуляем?
— Мне дазволілі ўставаць, — прыдушаным і спалоханым голасам адказала Зося.
— Ёй дазволілі, — пацвердзіла суседка.
Яраш адгарнуў коўдру і агледзеў ногі хворай, памацаў іх. Ацёк знік. Зусім звычайная жаночая нага — і па колеру і па форме. І твар змяніўся за два тыдні, якія Зося знаходзіцца ў іх бальніцы. Твар памаладзеў, папрыгажэў. Цяпер Яраш лёгка пазнаваў рысы той Зосі, якая некалі смела і дзёрзка схавала яго. Але яму хацелася ўбачыць рысы і таго ж характару. Няхай бы бліснула хоць адна іскра яе дзёрзкасці, рашучасці, весялосці, дасціпнасці, хітрасці! Не, усё задушана, нават хітрасць. Адно хіба свяцілася ў яе вачах — захапленне ім, Ярашам. Але і яно было зусім інакшае, чым тады, нейкае па-рабску пакорлівае.
Хворыя, якія маглі хадзіць, па адной далікатна пакідалі палату: яны шмат што ўжо ведалі. Толькі новая старая, адчуўшы, што гэта «важны доктар», папрасіла:
— Доктар, паглядзіце і мяне.
Ды засталася дзяўчына з прыроджаным парокам сэрца, якую Яраш таксама меўся аперыраваць, хоць згоды яе яшчэ не пыталі, але яна, відаць, адчувала ці чула размовы і кожны раз глядзела на яго з панічным страхам.