Выбрать главу

З'явілася дзяжурная лекар, ужо заспаная.

— Я вам не патрэбна, Антон Кузьміч?

— Не. Толькі не спіце, калі ласка, так рана. Няёмка, ведаеце… Дзесяць гадзін.

Маладая лекарка «правалілася» скрозь падлогу.

— Дык як самаадчуванне, Соф'я Сцяпанаўна? — ужо зусім не як лекар, хоць і лічыў у гэты момант пульс, а як добры сябра спытаў Яраш, інтымна, даверліва. Гэтая даверлівасць перадалася і ёй.

— З мая сорак трэцяга я ніколі не адчувала сябе лепш, — сказала яна амаль шэптам, але так, што ў Яраша здавіла горла.

Васемнаццаць год фізічных і душэўных пакут! У парыве пяшчоты і спачування ён лёгка сціснуў яе руку, сухую і гарачую. Ад маленькай ласкі такой вочы яе сталі вільготныя. Ён глядзеў у іх бяздонне праз малюсенькія шарыкі плафонаў. Яму не хацелася, каб яна заплакала, і ён падбадзёрыў яе добрай усмешкай і словамі, якія гаварыў многім хворым, але з той розніцай, што ёй ён зноў сказаў «ты» — як блізкаму чалавеку:

— Ты будзеш адчуваць сябе зусім добра. Як усе здаровыя людзі. Можаш паверыць мне.

— Я сто разоў памірала… І, бачыце, не памерла… Бо хачу жыць. Я веру вам.

Яна так вымавіла «хачу жыць» — з працягам, з націскам, што Яраш скалануўся. Дзіўна, але менавіта ў гэтых словах ён нарэшце адчуў характар той Зосі. Сапраўды, дзіўна. Тая Зося ніколі не сказала б такіх слоў.

Тая сказала: «Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»

«Буду».

«У шафе ў Грота стаіць аўтамат».

І хоць бы задрыжаў голас. Нібы паведаміла, што ў шафе стаіць варэнне.

Незразумела, чаму ў памяці Яраша бліснуў гэты эпізод і гэтыя словы. І невядома, па якіх лагічных законах ён звязаў іх з тым, што яна сказала цяпер, праз васемнаццаць год пакутлівага існавання на мяжы жыцця і смерці.

Яна спытала:

— Вы таксама дзяжурыце?

— Не. Я працаваў.

— Аперацыя?

— Не. Я рамантаваў адзін прыбор.

— Сам?

— З электраманцёрамі.

— Вы ўсё ўмееце! — І, о дзіва, захапленне ў яе вачах ён убачыў таксама ўжо другое, амаль такое ж, што і тады, калі яна даведалася, хто ён.

— Усё ўмець у наш час немагчыма.

— А я нічога не ўмею, — уздыхнула яна.

— Вам здаецца так. Пражыць такое жыццё…

— Хіба я жыла!

— Прафесію можна набыць.

— У трыццаць шэсць год?

— Хіба гэта многа?

— Я ўмею трохі шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка і нецікава. Каб вы ведалі, якая пакутлівая работа — прыёмшчыца кравецкай арцелі. Людзі жорсткія і грубыя.

— Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылі.

— Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправільна прышытага гузіка.

— Гузік можа сапсаваць чалавеку настрой.

Яна крыва ўсміхнулася.

— Тады, — ён зразумеў сам — у падполлі, — вам мог сапсаваць настрой гузік?

— Кожны час мае свае законы і нормы.

— Людзі пачынаюць патрабаваць замнога ўвагі…

— Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў іншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагі. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат…

— Брат? — Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцінкай з вуснаў скептычную ўсмешку і сказала мякка, ласкава: — У вас добрае сэрца, Антон Кузьміч, — пэўна, каб такім чынам скончыць гэтую маленькую філасофскую спрэчку.

Яраш разумеў яе. Занадта многа людзі прынеслі ёй гора і пакут. Яе шчасце, што яна зусім не страціла веры ў жыццё і ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымі ёсць людзі добрыя.

Нейкі момант яны маўчалі. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён ніколі так доўга не заседжваўся. У яго і цяпер была мэта, але зусім не прафесійная.

Даследаванні і здагадкі Шыковіча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькі распалілі і яго цікавасць да справы доктара Савіча, больш таго — ён адчуў сябе вінаватым, што нічога не зрабіў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кірылу. Той, нецярплівы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хірург і як псіхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткі і асцерагаў яе ад цяжкіх успамінаў. Таму і цяпер яму нялёгка было падвесці размову да ўспамінаў пра яе бацьку.

Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:

— Ад мяне толькі што пайшла Маша. Мы доўга гутарылі.

— Я рады, што вы пасябравалі.

— Яна цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе… А ў жыцці нельга іграць! Некалі, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. І таксама іграла выдуманую ролю. Дома, на вуліцы, у гасцях — усюды… Смешна і наіўна.

— Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкі. Вунь мае дзеці, Тарас, Віця… Якія ў іх мары і жаданні! І я не сказаў бы, што гэта ігра.