Выбрать главу

— А ты паказвай прыклад.

І быццам кальнула Кірылу відэльцам у бок. Ён з грукатам ад'ехаў на крэсле ад стала, усхапіўся.

— Не, ты слухай… Выходзіць, ва ўсім вінаваты я! У чым, хацеў бы я, каб мне растлумачылі. Што я — труцень, лежабок, спекулянт, злодзей? Чорт вазьмі! Я працую дзень і ноч. Сумленна, шчыра. Не крыўлю душою. Не краду. Што можа ўкрасці пісьменнік? Рэдка нават падхалімнічаю.

— Але — бывае? — з іроніяй спытаў Яраш, адкаркоўваючы бутэльку віна.

— Часцей перад жонкай.

— А як жа… Нешта я не адчуваю, — адгукнулася Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з пакоя, дзе працірала кілішкі.

— Не, без жартаў… «Паказвай прыклад». У чым, дарагая Галіна Адамаўна? Хто скажа, што я даю благія прыклады? Што ўрэшце галоўнае ў фармаванні чалавека? Праца. Я працую. І ты працуеш! — крыкнуў ён жонцы. — Дык чаму нашы дзеці не навучыліся працаваць? Чаму растуць эгаістамі? Вось што мяне хвалюе…

— Твае дзеці не горшыя за іншых, — сказала гэта Валянціна Андрэеўна з крыўдай за дзяцей, з'явіўшыся на парозе з кілішкамі і шклянкамі ў руках.

— Не горшыя… Супакоіла. Вось так заўсёды сваёй неразумнай любоўю ты разбураеш тое, што я ствараю.

— Няпраўда. Пры дзецях я ніколі не пярэчу. Але ты часцей гаворыш гэта мне, чым ім.

— Словы нічога не значаць, — зноў жа нібы так сабе, між іншым, кінула Галіна Адамаўна.

Шыковіч узмахнуў рукамі, як ястраб крыламі.

— Вось табе, калі ласка! А я, дурань, усё жыццё верыў у вялікую сілу слова. Жыў за слова, карміў дзяцей…

Наўрад ці чула Галіна Адамаўна, яна пайшла на кухню па стравы. Кірылу даўно ўжо злаваў гэты яе спакой. Ён добра ведаў, што яна зусім не такая спакойная, што яна ў дзесяць разоў больш нервовая, чым яго жонка. Неўраўнаважаная, раўнівая… А вось у размове з ім, асабліва калі размова пераходзіць у спрэчку, трымаецца заўсёды як каралева: з вышыні кідае бясспрэчныя ісціны. Яна пайшла — і Кірылу расхацелася шумець і спрачацца. Цяпер толькі ён прыкмеціў, які доўгі, нязграбны Віктар. Кожны раз, калі пры ім дарослыя пачыналі гаварыць пра выхаванне дзяцей, ён саромеўся, чырванеў, губляўся, быццам размовы такія абражалі хлопца. Наадварот, Наташа слухала іх, разявіўшы рот. І цяпер яна сядзела на ўсходцах ганка, глядзела ў кніжку, а вухам лавіла кожнае слова дарослых. Ёй вельмі хацелася, каб выказаўся яе тата. Яна была ўлюбёна ў свайго бацьку. Але яго, здаецца, цікавіў адзін стол: як заўсёды, ён наводзіў на ім парадак і прыгажосць. Ні мама, ні цётка Валя не ўмеюць гэта рабіць лепш за яго.

Калі Галіна вярнулася і паставіла на стол талеркі са смажанымі лісічкамі і салату са свежых гуркоў, Кірыла сказаў памяркоўна, прымірэнча:

— Я толькі адзін магу зрабіць вывад: залішне многа выгод даём мы дзецям. Відаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам…

Тут не вытрымала Наташа:

— Няпраўда, дзядзька Кірыла! Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзеці.

Усе засмяяліся з яе непасрэднасці.

— Давайце за стол, філосафы, — запрасіла Валянціна Андрэеўна.

Пасля абеду нахмарыла. Неяк непрыкметна і хутка зацягнула неба высокая лёгкая воблачнасць. Але па-ранейшаму было бязветрана; хмары не прынеслі свежасці, яны апусцілі на зямлю млявую парнасць. Замерлі дрэвы, нават трапяткая асіна над ручаём сцішылася. Заснула на раскладушцы Наташа, упусціўшы на траву кнігу і звесіўшы руку.

Кірыла, стомлены абедам, драмаў у шэзлонгу, праз сон кідаючы асобныя словы ў размову жанчын і Яраша, часам неўпапад. Гэта іх смяшыла. Смех будзіў знясіленага чалавека, ён расплюшчваў вочы, пагражаў пальцам, мармытаў:

— Як Бог пакараў Хама, што смяяўся з соннага… ага? — І галава яго зноў падала на грудзі.

— Парыць на дождж. Будзе брацца рыба, — сказаў Яраш і пайшоў з Віктарам збіраць рыбацкія прылады.

Збіраў знарок доўга, каб даць сябру крыху падрамаць. А потым нарабіў грукату на верандзе, закрычаў:

— Кірыла! Даволі дрыхнуць! Хадзем вудзіць.

Шыковіч у адказ уцягнуў у шэзлонг ногі і павярнуўся на бок. Але Валянціна Андрэеўна са смехам перакуліла шэзлонг, выкінуўшы мужа на зямлю.

— Ідзі, ідзі. Няма чаго пуза гадаваць. Цягні яго, Антон.

Сухое сена (на ўзгорку ляжалі першыя пакосы) разлівала далёка навокал не толькі густы водар, які п'яніў, але і асаблівую цяплынь, якая ўзнімала настрой, будзіла фантазію, уяўленні і ўспаміны маленства. Млявасць была ад нечага іншага, можа, ад тонкага водару кветак у нізінах ці едкага паху выкінутых на бераг водарасцяў, ілу і малюскаў.