— Вы ведаеце, Антон Кузьміч, Міхал Евелевіч фанатык. Калі яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою ні сабе, ні людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьміч вучыць яго хірургіі. Дык ён павінен яшчэ навучыць цябе лавіць рыбу. Ах, Міша! Прабачце, Антон Кузьміч…
— Не, не прабачаю. Дамаўляліся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Які з вас рыбалоў? Соня!
Яраш жартаваў, а сам пазіраў на Машу, якая з дзіцячым захапленнем разглядала ўсё навокал.
Валянціна Андрэеўна прашаптала сяброўцы:
— Арыгінальная асоба.
Яраш нарэшце ўспомніў, з якой мэтай напрасілася ў госці Маша.
— Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёміцца з табой.
Тарас мусіў вылезці са свайго ўкрыцця і таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусінавых штанах і босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.
Майзіс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цікаўнасці: у яе свая філасофія — падабацца перш за ўсё гаспадыні. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменні, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем:
— Вось вы які! А я думала, вы, як Антон Кузьміч.
Гэта не спадабалася Галіне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былі падобны на Антона Кузьміча?
Калі праз пяць хвілін сабраліся рыбаліць, Яраш спытаў у сына:
— Тарас, ідзеш з намі?
— Не, я застануся, памагу жанчынам.
Тады і «модніца» звярнулася да гаспадынь:
— Дазвольце і мне застацца на кухні.
З-за цікаўнасці — «А што ты ўмееш рабіць, галубка?» — Валянціна Андрэеўна тут жа згадзілася, каб Маша памагла ім.
Яна надзела фартушок, спрытна і прыгожа завязала на галаву касыначку і неяк адразу ператварылася ў простую, сціплую і надзіва дамавітую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галіну Адамаўну. А калі Маша пачала раіць, якія закускі можна згатаваць з тых прадуктаў, якія Тарас выцягнуў з пограба, Валянціну Андрэеўну здзівілі яе кулінарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калі прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды і фасон не такі ўжо стыльны — проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянціна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды.
— Хто вам шыў, Маша?
— Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзіла ў палац чыгуначнікаў на курсы кройкі і шыцця і там пазнаёмілася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасці, калі Геня пашыла дыпломнае плацце.
Маша засмяялася. І Валянціна Андрэеўна засмяялася. І Тарас. Цяпер ён зусім інакшымі вачамі глядзеў на дзяўчыну — зацікаўлена і прыязна. Галіне Адамаўне і гэта не спадабалася.
«Аціраешся каля бабскіх спадніц, — падумала яна пра Тараса. — Вельмі нам патрэбны такі памочнік! І што ты робіш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзір камбрыгады».
Але сама яна мімаволі любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хіба розніцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухі, здаецца, не гуркі крышыць, а іграе на невядомым інструменце. І кубікі гуркоў у яе роўненькія, прыгожанькія, такія ў іх, старых гаспадынь, не атрымліваліся.
«Калі яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хваліць», — падумала Галіна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала:
— Дзе вы навучыліся так кулінарнічаць?
— А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работніцай. У палкоўніка.
— Вы… хатняй работніцай?
— Чаму вы здзівіліся? Нас у мамы пяцёра засталося, калі бацька загінуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў…
Па яе тону здагадаліся, які быў у іх калгас. А яна нібы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць і яе віна.
Глянула на Галіну Адамаўну, потым на Шыковічыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку:
— Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабіць, навастрыце нож. Тупы.
Тарас, пачырванеўшы, кінуўся шукаць асялок.
Валянціна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асабліва пасля такой біяграфічнай даведкі. Яна любіла вось такіх — настойлівых у дасягненні жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сімпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсім відаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча. І прычыну зразумела. Не абразілася, не пакрыўдзілася, але здзівілася, што ў самой яе таксама з'явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбіць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянціны Андрэеўны. Яны хораша гутарылі. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работніцай, пра сям'ю палкоўніка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае імкненне быць арыстакраткай.